Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ірына ЛАСКЕВІЧ.Хачу аформіць дагавор дарэння пасля смерці на майго ўнука. Як гэта правільна зрабіць?
Марыя ЛАБАНОК, г. Мінск
Такі дакумент, як афармленне дагавора дарэння пасля смерці, законам не прадугледжаны. Напрыклад, кватэра, як і любы іншы падарунак, афармляецца пры жыцці. Дарыльшчык перадае прыналежную яму нерухомасць ва ўласнасць іншага чалавека бязвыплатна.
Дагавор дарэння засведчваецца пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць дарыльшчыку маёмасці, якая адчужаецца, і іншых дакументаў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Усе неабходныя даведкі могуць быць запатрабаваны натарыусам па заяўным прынцыпе «адно акно». Для гэтага дастаткова звярнуцца ў натарыяльную кантору з пашпартам.
Пры жаданні распарадзіцца сваёй кватэрай на выпадак смерці трэба аформіць завяшчанне. У такім выпадку чалавек застаецца ўласнікам сваёй нерухомасці і можа распараджацца ёю па сваім меркаванні. Дарэчы, пры засведчанні завяшчання натарыус не правярае прыналежнасць такой кватэры завяшчальніку. Гэтыя дакументы будуць неабходны толькі пры афармленні спадчынных праў пасля смерці ўладальніка.
- Для засведчання завяшчання неабходна прадаставіць натарыусу пашпарт, а пры аплаце натарыяльнага тарыфу — дакумент, які пацвярджае права на льготы пры іх наяўнасці. Завяшчальнік можа ў любы час адмяніць або змяніць сваё рашэнне, не апавяшчаючы спадчыннікаў. Скасаваць жа дагавор дарэння кватэры ў аднабаковым парадку ў натарыуса дарыльшчык не можа. Выкананы такі дакумент па дамове бакоў скасаваць нельга. Нават у тым выпадку, калі і той, і іншы згодны вярнуць усё назад
Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь замацаваны вычарпальны пералік абставін, якія даюць магчымасць адмяніць дагавор дарэння. Так, паводле арт. 549 ГК, дарыльшчык мае права адмяніць дарэнне калі адораны чалавек здзейсніў замах на жыццё яго, каго-небудзь з членаў яго сям’і або блізкіх сваякоў ці наўмысна прычыніў дарыльшчыку цялесныя пашкоджанні. У выпадку наўмыснага пазбаўлення жыцця дарыльшчыка адораным права патрабаваць у судзе адмены дагавора належыць спадчыннікам дарыльшчыка. У выпадку адмены дарэння чалавек абавязаны вярнуць падораную рэч, калі яна захавалася ў натуры да моманту гэтага дзеяння.
У сваю чаргу ў дарыльшчыка ёсць права адмяніць рашэнне і вярнуць свой дар, калі ён перажыве адоранага чалавека, аднак такая ўмова павінна быць прама прапісана ў дагаворы.