Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як чакаецца, правядзе сёння нараду па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці. Мерапрыемства было анансавана раней падчас даклада кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, які адбыўся 22 кастрычніка, паведамляе БелТА.
Прэзідэнту быў даложаны план будучай работы, галоўныя пункты якога — прадметныя справаздачы абласнога кіраўніцтва па асноўных кірунках. Абмеркаваны таксама пытанні, якія патрабуюць пастаяннай увагі і кантролю. Размова аб сур’ёзных рашэннях, якія прымаліся па Віцебскай вобласці раней. Гэта работа інтэграцыйных структур і аграпрамысловага комплексу рэгіёна ў цэлым, работа прамысловага сектара і сітуацыя на праблемных прадпрыемствах, а галоўнае — праграма развіцця вобласці.
Усе гэтыя кірункі знаходзяцца на асаблівым кантролі, і ў пятніцу на нарадзе па кожным з іх чакае асобная размова. Гэта падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Дзмітрый Крутой па выніках даклада раскрыў журналістам дадатковыя падрабязнасці маючай адбыцца нарады. Сярод тэм мерапрыемства таксама будзе падзеж жывёлы і меры, неабходныя для паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы не толькі ў маштабах Віцебскай вобласці, але і краіны ў цэлым. «Прэзідэнт хоча прыняць ужо, напэўна, комплекснае рашэнне, каб нарэшце разабрацца з гэтай праблемай таксама», — сказаў ён.
«Мы запрасілі больш за 300 службовых асоб. Гэта фактычна ўвесь актыў Віцебскай вобласці. Кіраўнікі ключавых прадпрыемстваў, усё кіраўніцтва райвыканкамаў, ключавых падраздзяленняў Віцебскага аблвыканкама. Улічваючы, што дадзеныя пытанні маюць значэнне ў маштабах усёй краіны, будуць прадстаўлены дэлегацыі і з іншых абласцей нашай краіны», — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Што датычыцца праграмы развіцця рэгіёна, ён перш за ўсё нагадаў аб перадгісторыі пытання. Яшчэ ў час наведвання Полацка ў 2024 годзе, дзе праходзілі абласныя «Дажынкi», Прэзідэнт запатрабаваў ад кіраўніцтва Віцебскай вобласці дэталёва разабрацца з сітуацыяй у кожным з 21 раёна і выпрацаваць зразумелую, простую, даступную праграму развіцця кожнага раёна — своеасаблівую праграму адраджэння Віцебшчыны.
Вясной гэтага года старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін прадставіў названы дакумент кіраўніку дзяржавы. Але, як аказалася, большасць мерапрыемстваў былі абсалютна не прапрацаваны. «Як Прэзідэнт ёміста адзначыў, гэта было фактычна пражэктарства. І ён адправіў тыя дакументы на дапрацоўку», — праінфармаваў Дзмітрый Крутой.
Праз практычна паўгода праект дапрацаванай праграмы будзе прадстаўлены зноў.
Размова па дакуменце чакае комплексная. Бо праблемных пытанняў у рэгіёне хапае. У прыватнасці, Прэзідэнт указваў на тое, што вобласць хранічна не выконвае асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія даводзяцца. Валавы рэгіянальны прадукт фактычна ні разу за пяцігодку не дасягнуў таго ўзроўню, які быў запланаваны. Узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах застаецца адным з самых высокіх у краіне. Акрамя таго, ёсьць праблемы на асобных прадпрыемствах.
Яшчэ адзін важны блок маючай адбыцца нарады — гэта аграпрамысловы комплекс рэгіёна. Яшчэ ў 2016 годзе па патрабаванні кіраўніцтва Віцебскай вобласці, якую на той момант узначальваў Мікалай Шарстнёў, былі створаны аграпрамысловыя інтэграцыйныя структуры. Быў прыняты адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы. «Было таксама шмат нарад, абмеркаванняў на ўзроўні нашага лідара. Ён выказваў вельмі сур’ёзныя асцярогі і сумневы», — заўважыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Спачатку такіх інтэграцыйных структур было чатыры. Але ў 2020 годзе ў рамках вялікай карэкціроўкі ўказа іх стала сем. Сёння функцыянуюць шэсць. «Ёсць поўная раскладка эканамічных вынікаў, якіх яны дасягнулі. Нешта атрымалася. Але ў цэлым у кіраўніка краіны ёсць вялікая нездаволенасць вынікамі іх бягучай работы», — адзначыў Дзмітрый Крутой.
Паводле яго слоў, нягледзячы на аказаную раней падтрымку, на сёння прыкладна 30 % сельскагаспадарчых арганізацый, якія ўваходзяць у шэсць інтэграцыйных структур, працуюць са стратамі. Закрэдытаванасць ёсць і ў сферы перапрацоўкі, якая была вымушана авансаваць гэтыя сельгаспрадпрыемствы пад правядзенне сельскагаспадарчых работ.
«На сённяшні дзень гэты клубок праблем і даўгоў вельмі непакоіць нашага лідара. Таму што праект дакумента, які будзе выносіцца на нараду, па вялікім рахунку прапануе ўжо трэці этап рэарганізацыі, калі мы замест аграпрамысловых аб’яднанняў створым два холдынгі па мясным і малочным напрамках. І зноў запытваецца дадатковы пакет дзяржаўнай падтрымкі, звязаны з чарговымі растэрміноўкамі і адтэрміноўкамі або спісаннем штрафаў, пені за энергетыку, за выкананыя гарантыі ўрада і шэраг іншых кірункаў», — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ён падкрэсліў, што Аляксандра Лукашэнку хвалюе пытанне, наколькі гэта абгрунтавана і хто не выканаў папярэднія свае абавязацельствы. Менавіта ў гэтым трэба разабрацца на нарадзе. Бо прапановы падтрымліваліся, але Аляксандр Лукашэнка заўсёды папярэджваў, што яны не павінны быць спантаннымі і часовымі, а за іх рэалізацыю будзе персанальная адказнасць кіраўнікоў.
«Калі нехта хоча адсядзецца — не атрымаецца. Спіс у мяне на стале запрошаных, і кожны будзе несці персанальную адказнасць за прынятыя рашэнні, — адзначаў кіраўнік дзяржавы ў лістападзе 2019 года на нарадзе па развіццю АПК Віцебскай вобласці. — Калі вы гэта робіце дзеля таго, каб глыток свежага паветра (атрымаць. — Заўв. БелТА), то праз год гэтага паветра не будзе».