Top.Mail.Ru

Як аднаўлялася жывёлагадоўля ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны, расказаў гісторык

Аднаўленне жывёлагадоўлі ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны ішло вельмі нізкімі тэмпамі. Аб гэтым расказаў Вячаслаў Селяменеў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук, які вывучыў тысячы архіўных дакументаў пасляваеннага часу, у тым ліку агучаных упершыню, паведамляе БелТА.


У калгасах 1945 года налічвалася 228,7 тыс. асобін буйной рагатай жывёлы, у 1946 годзе пры планавых лічбах — 320 тыс. пагалоўе дасягнула 244,8 тыс., гэта значыць 76,5 працэнта. Такая ж карціна ў свінагадоўлі. У 1946-м пры заданні — 70 тыс. пагалоўе падрасло да 22,5 тыс. (32,1 працэнта). Статкі коз і авечак у 1946-м разлічвалі давесці да 210 тыс., аднак іх колькасць спынілася на 156,6 тыс. — 74,5 працэнта плана.

«Крыху іншая карціна складвалася ў асабістых падсобных гаспадарках калгаснікаў. Калі ў 1944 годзе калгаснікі ўтрымлівалі на падворках 347,1 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у 1945-м — ужо 474,7 тыс., а ў сярэдзіне 1946-га — 567,8 тыс. Колькасць свіней у той жа час вырасла са 114,8 тыс. да 294,3 тыс., а пагалоўе авечак і коз — са 120,4 тыс. да 186,4 тыс., — прыводзіць лічбы субяседнік. — Прычыны такой відавочнай розніцы паміж асабістымі і калгаснымі паказчыкамі тлумачыць даклад інспектара ЦК ВКП(б) С. Б. Задзівончанкі аб выніках праверкі работы цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі: «За 11 месяцаў 1946 года ў выніку дрэннага догляду і ўтрымання жывёлы ў калгасах загінула коней 57 тыс. галоў (24,9 працэнта пагалоўя), буйной рагатай жывёлы — 22,9 тыс. (9,8 працэнта), свіней — 7,8 тыс. (35,7 працэнта), авечак і коз — 37,2 тыс. (20,9 працэнта). Масава гіне і маладняк: калектыўныя гаспадаркі страцілі жарабят — 15 працэнтаў, цялят — 15,9 працэнта, парасят — 18 працэнтаў і ягнят — 20,3 працэнта. Празмерная нагрузка, дрэнныя ўмовы ўтрымання, няхватка кармоў і інфекцыйныя хваробы коней у калгасах прывялі да таго, што іх пагалоўе знізілася з 227,7 тыс. у 1945 годзе да 216,3 тыс. у 1946-м».

Больш за 40 працэнтаў калгасаў «не маглі выдзеліць збожжа на корм коней» (даведка Міністэрства жывёлагадоўлі БССР у Савет Міністраў БССР аб стане пагалоўя коней у калгасах рэспублікі 25 снежня 1946 года). Гэты ж дакумент канстатуе празмернасць нагрузкі на астатніх жывёл: да вайны на адзін калгас у рэспубліцы прыпадала ў сярэднім 57 коней, пасля — толькі 19 і больш як у 4 тыс. калгасаў іх было ад 2 да 10. Пры гэтым нагрузка на ўмоўную конскую сілу ў 1945-м была 24 га, а ў 1946-м — каля 19 га, або ў тры разы больш, чым у 1940-м.

У 1946 годзе ў рэспубліцы праведзены ўлік пародзістай племянной жывёлы ў калгасах, выкарыстанне якой, як адзначалася ў даведцы сельгасаддзела ЦК КП(б)Б, было важна для павышэння прадукцыйнасці статка. Адзначана, што пародзістых коней і БРЖ менш за палову — 113,1 тыс. і 120,8 тыс. адпаведна, крыху лепшая сітуацыя ў свіна- і авечкагадоўлі — 22,8 тыс. і 91,9 тыс. адпаведна.

Пры гэтым пагалоўе трафейнай пародзістай буйной рагатай жывёлы — гэта больш за 64 тыс. асобін, перададзеных калгасам Беларускай ССР у 1945 годзе па рэпарацыях, толькі за адзін стойлавы перыяд скарацілася на 6,7 працэнта. Яшчэ горш ішла справа з трафейнымі авечкамі, ад статка 34 464 на працягу года засталося менш за 90 працэнтаў. Асноўныя прычыны ўсё тыя ж — жывёлу няма чым карміць, сістэма аплаты працы не стымулюе належны догляд калектыўнага статка плюс дрэнныя ўмовы ўтрымання — фермы і жывёльныя двары разбураны, выкарыстоўваюцца прыстасаваныя памяшканні.

Была і яшчэ адна прычына. Як адзначаецца ў дакладной запісцы ўпаўнаважанага Дзяржплана СССР па БССР у Дзяржплан СССР і ЦК КП(б)Б ад 5 красавіка 1947 года, «ёсць факты, калі пародныя жывёлы разбазарваліся цэлымі групамі. У Халопеніцкім раёне Мінскай вобласці з атрыманых у 1945 годзе ад Баранавіцкай абласной „Нарыхтканторы“ 104 трафейныя авечкі пароды прэкос 90 галоў было раздадзена работнікам партыйнага і савецкага актыву раёна».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю