Top.Mail.Ru

Як адгукаецца вайна ў маладых людзях — пра гэта прэм’ерны спектакль «Мы з будучыні» тэатра імя Горкага

Па-першае, аматары кіно, якія ведаюць расійскі фільм 2008-га года «Мы з будучыні», павінны «абнуліцца» ці як мінімум абстрагавацца, таму што гэта гісторыя, увасобленая ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага ў Мінску, усё ж крыху іншая. Пры тым што тэма, інтрыга, персанажы — тыя ж.



Аўтар сцэнарыю Аляксандр Шаўцоў пасля поспеху фільма паводле яго матываў стварыў аповесць, якая не паўтарала гісторыю літаральна. Менавіта таму, што для кіно важны «экшн», а для літаратурнага твора — глыбіня, раскрыццё псіхалогіі юнакоў, якія з чорных капальнікаў павінны ператварыцца ў маладых людзей з глыбокім разуменнем гісторыі і адказным стаўленнем да яе сведчанняў. І тое, што ў кіно можна паказаць, у тэксце трэба прапісаць. Адпаведна, пры сцэнічным увасабленні — вобразна абазначыць. Ці прагаварыць, што мы і маем: героі самі распавядаюць, як трапілі ў пятлю часу, што пабачылі, адчулі, перажылі, апынуўшыся на рэальнай вайне, пад кулямі. 

Другая істотная заўвага датычыцца таго, што тэатр — такі від мастацтва, якому найперш важна раскрыць думку, а не ўразіць эфектамі. Так, яны могуць дапамагчы ператварыць пастаноўку ў відовішча. Тут жа нічога падобнага няма: гэта не відовішча. Пра што адразу ж сведчыць і сцэна: яе прастора без дэкарацый, хіба што тэму чорных археолагаў абазначаюць рыдлёўкі. Мінімалізм на сцэне падкрэслівае ўмоўнасць пераходу ў часе: тут няма нейкай мудрагелістай сцэнаграфіі, якія б абазначала вобраз той ці іншай эпохі. Нібыта сапраўды ў адным месцы могуць існаваць некалькі вымярэнняў, якія перакрыжоўваюцца ў залежнасці ад таго, што нехта робіць нешта не тое... І трэба пражыць, адчуць, выправіць. 


Пераўтварэнне ў салдат Вялікай Айчыннай цынічных хлопцаў, якія нажываюцца на знаходках ваеннага часу і толькі што стралялі ў адкапаныя чэрапы, адбываецца вельмі проста: артысты распранаюцца, каб паплаваць ва ўмоўным возеры, і апранаюцца ў ваенную форму, калі трапляюць у 1942-і год. І тут разумеюць, чаму ў знойдзеных у сейфе пасведчаннях на фота людзі, вельмі падобныя на іх. Няўжо яны і ёсць тыя чацвёра, што загінулі ў бліндажы?.. Тое, што адбывалася далей, мы ведаем дзякуючы таму, што артысты распавядаюць самі, часткова дзеянне прайграецца — з’яўляюцца персанажы — чырвонаармейцы ды немцы. Тых, хто гіне, выводзяць са сцэны дзяўчаткі ў белым, падобныя на сясцёр міласэрнасці, — нібыта анёлы забіраюць душы. Хлопцам трэба думаць, як выжыць у пекле — перадаць усё напружанне так жа рэалістычна як у кіно, немагчыма, тут трэба іншая вобразнасць. Ці сапраўды тэкставы расповед — што значна прасцей. І гэта расповед усё ж пра ваенныя падзеі, тут няма любоўнай лініі як у кіно (хоць спроба ў некаторых юнакоў завязаць адносіны з Нінай ёсць, але гэтая лінія ў спектаклі хутчэй падкрэслівае рознасць эпох, з якіх яны паходзяць). Тым больш зразумелае жаданне хлопцаў знайсці магчымасць трапіць назад, у будучыню. Трэба толькі пралічыць той момант, калі ўсё пайшло не так, як планавалася. Няўжо ж справа ў партсігары з дарчым надпісам, пра які распавяла мясцовая бабуля, страціўшы на вайне сына?


Ці ўсё ж справа ў неабходнасці пераўтварэння іх як асоб? Як зразумець, што яно насамрэч адбылося, калі ўсё ў іх дзеяннях амаль да канца спектакля падпарадкавана імкненню да возера? Праз маналогі артысты бліжэй да канца даносяць, чаму і як ім давялося затрымацца ў ваенным часе. І ёсць тэатральны фінал, калі хлопцы зноў пераапранаюцца — і выходзяць на авансцэну ўжо з ліхтарамі. 

Пры такой форме спектакля важна, хто ўвасабляе галоўных герояў, бо дзея трымаецца на іх перажываннях. І гэта, бадай, самае цікавае. І тут варта згадаць фільм, які стаў адной з прыступак у кар’еры Данілы Казлоўскага і Уладзіміра Яглыча. А ў нас на сцэну выходзіць чацвёрка маладых акцёраў: Мілен Канюк (Борман), Назар Рэут (Спірт), Кірыл Лялюга (Чэрап), Іван Любіма (Чуха). Учарашнія студэнты іграюць разам з тымі, хто ў тэатры імя Горкага даўно. Дарэчы, у беларускіх тэатрах гэта не першая пастаноўка, якая стваралася як вучэбная ў сценах акадэміі мастацтва, а пасля была дапрацавана і перанесена на вялікую сцэну. Некаторыя спектаклі пасля выходзілі ў самастойнае плаванне ці займалі месца ў рэпертуары тэатраў. Рэжысёр Сяргей Кавальчык такім чынам і афішу папоўніў, і даў магчымасць іграць моладзі, якая прыйшла ў трупу. Трэба думаць, што з’яўленне маладых харызматычных артыстаў прыцягне ў тэатр і адпаведную публіку, якая, магчыма, ужо і фільма таго не бачыла, а цяпер зможа пазнаёміцца з гэтай гісторыяй — у выглядзе спектакля, аповесці ці фільма, таму што цяпер гэта магчыма. Таксама, як і зрабіць высновы пра вартасць мастацтва, якое сапраўды кранае і прымушае задумацца пра каштоўнасць жыцця, цану міру.

Будучыня, якой магло не быць.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю