Top.Mail.Ru

Як ААТ «Бярозабудматэрыялы» рэалізуе ініцыятыву «Адзін раён — адзін праект»

Кераміка з моцным характарам

Для пакупніка кафлі і керамаграніту ў наш час існуе праблема выбару: столькі ўзораў розных дызайнаў і формаў. Добра, калі людзі не адчуваюць недахопу пэўнай прадукцыі, яшчэ лепш — калі яна айчыннай вытворчасці, якая працуе не толькі на асобнага спажыўца, а на эканоміку краіны наогул. 

З гэтай мэтай рэалізуецца інвестпраграма «Адзін раён — адзін праект», удзельнікам якой з’яўляецца ААТ «Бярозабудматэрыялы». Тут ажыццяўляецца другі этап мадэрнізацыі з мэтай выпуску якаснай шырокафарматнай пліткі і керамаграніту — іх узоры ўжо давялося пабачыць у бярозаўскай краме прадпрыемства.

Стратэгія пошуку

— Трэба мяняцца, каб не проста заставацца на рынку, а быць фінансава стабільным, працаваць на эканоміку краіны (асноўны акцыянер у нас — дзяржава ў асобе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва), — тлумачыць генеральны дырэктар «Бярозабудматэрыялы» Віталь МІХНЮК. — Гэтага можна дасягнуць з аднаго боку шляхам нарошчвання аб’ёмаў больш таннай у вытворчасці кафлі, а з другога — за кошт выпуску новага, больш якаснага і высокамаржынальнага прадукту, які будзе запатрабаваны не толькі ў Беларусі.

Вытворчае абнаўленне прадпрыемства пачалося на пачатку 2000-х гадоў, калі запрацавала першая італьянская лінія па вырабу кафлі, пакрысе працягвалася ўдасканаленне. Пакуль не наспела неабходнасць кардынальных змен, каб выйсці на рынак з абсалютна новым прадуктам прэміяльнай якасці.

— У 2024 годзе мы запусцілі новую лінію па вырабе шырокафарматнай кафлі ў рамках рэалізацыі першага праекта мадэрнізацыі — на гэта выкарысталі ўласныя і крэдытныя сродкі ў памеры 40 мільёнаў рублёў, — тлумачыць Віталь Мікалаевіч. — Тады ўжо было зразумела, што нашы восем тэхналагічных ліній адпрацавалі свой рэсурс. Вытворчасць крочыла наперад, а мы пачалі адставаць: на рынку з’явілася больш сучасная і прывабная прадукцыя, нам неабходна было здзівіць спажыўцоў. 

Адзін з галоўных кампанентаў — гліна. А для асобных відаў прадукцыі патрэбная пэўная тугаплаўкая гліна. Бо кафля можа быць розная, у залежнасці ад прызначэння. Мясцовая гліна не заўсёды падыходзіць. Каб зменшыць выдаткі, шукалі сыравіну ў Беларусі. Раскрылі кар’еры ў Столінскім раёне — гэтая гліна падышла і часткова замяніла расійскую ў вытворчасці.

Але якасць залежыць не толькі ад матэрыялу, з якога вырабляецца кафля ці керамаграніт. Мае значэнне і тэхналогія абпальвання, і форма, і дызайн з арыгінальнымі малюнкамі ці рэльефам. Дзеля гэтага набылі станкі для ломкі, якія дазваляюць атрымліваць розныя памеры, а таксама для нанясення візуальных эфектаў, каб надаць аб’ёмнасць ці стварыць цікавыя ўзоры (на прадпрыемстве ёсць свая дызайн-студыя). Яшчэ адзін істотны паказчык якасці — бездакорна роўныя бакі кафлі, што ўплывае на якасць абліцоўкі. На адной з пляцовак з’явілася лінія рэктыфікацыі (абрэзкі бакоў), каб пазбегнуць вялікага шва пры ўкладцы і атрымаць прыгожы вынік. Але на іншых прамысловых пляцоўках яе не было, трэба было выпраўляць сітуацыю.

Геаметрыя поспеху

Асаблівасць прадпрыемства ў тым, што ў яго тры вытворчыя пляцоўкі, паміж якімі адлегласць у некалькі кіламетраў, гэта значыць, што свая лінія рэктыфікацыі павінна быць на кожнай. Дапамагла дзяржава.

— Другі этап мадэрнізацыі ажыццяўляецца ў межах інвестыцыйнай праграмы «Адзін раён — адзін праект», за гэта вялікі дзякуй Саўміну і Брэсцкаму аблвыканкаму, які нас падтрымаў са сваіх крыніц. На рэалізацыю гэтага праекта былі выдаткаваны 15 мільёнаў рублёў, але мяркую, што мы зможам нават сэканоміць. Мы даўкамплектаваліся абсталяваннем, якое складае адзіны тэхналагічны ланцуг з асноўнай лініяй і дае магчымасць атрымаць прадукт з належнымі параметрамі. Да канца года плануем завяршыць другі этап з улікам таго, што асноўнае тэхналагічнае абсталяванне ўжо атрымалі, — гаворыць Віталь Міхнюк. — Набылі яго ў добрага вытворцы, які спецыялізуецца на выпуску абсталявання для вытворчасці керамічных вырабаў — кітайскай кампаніі, якая займае лідарскія пазіцыі ў свеце. Мы былі на заводах, дзе яно працуе, бачылі гэтую тэхніку ў дзеянні.

Цяпер ідзе будаўніцтва пад устаноўку абсталявання, вытворчасць павінна ўключыцца на поўную моц пасля Новага года. Керамісты пастаянна кантактуюць з партнёрамі, аналізуюць трэнды (якія фарматы і памеры, варыянты дызайну, візуальныя эфекты будуць запатрабаваныя ў найбліжэйшы час), а ў зімовы перыяд рыхтуюцца да сезона, каб здзівіць спажыўцоў новымі відамі прадукцыі. Яе прасцей прасоўваць, калі ведаць, чаго дакладна хоча спажывец. Тым больш, што шырокафарматная кафля бярозаўскай вытворчасці павінна ісці на патрэбы ўнутранага рынку, замяняючы дарагія замежныя ўзоры, ёсць разлік і на яе экспартны патэнцыял. Прадпрыемства экспартуе дзве трэці сваёй прадукцыі, з іх 95 працэнтаў ідзе на расійскі рынак.

— Не сумняваюся, што наш новы прэміяльны прадукт будзе карыстацца попытам, таму што яго цана значна ніжэйшая ў параўнанні з тым, што сёння прадстаўлена на рынку — расійскім ці беларускім, — падсумоўвае Віталь Міхнюк. — З якасным экалагічным прэміяльным прадуктам, рознымі варыянтамі формы кафлі, арыгінальнымі дызайнамі і добрай цаной можна скласці канкурэнцыю імпартным вырабам.

Даслоўна

Наталля Есіпчук, начальнік аддзела эканомікі Бярозаўскага райвыканкама:

— Праз мадэрнізацыю ААТ «Бярозабудматэрыялы» мы чакаем пашырэння вытворчасці і павелічэння рэалізацыі прадукцыі, таму што гэта прадпрыемства займае 12 працэнтаў у аб'ёме вытворчасці раёна, на ім працуе больш за 900 чалавек. Гэтая ініцыятыва кіраўніка нашай дзяржавы вельмі важная, і мы ўскладаем вялікія надзеі на яе рэалізацыю.

Ларыса ЦІМОШЫК, фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю