На хутары ў Ашмянскім раёне жыве малады хлопец, які не збіраецца з’язджаць адсюль у пошуках лепшай долі. Больш за тое — ён узяў тэлефон, пачаў здымаць і даказаў, што пра вясковае жыццё можна расказваць так, што гэта будзе цікава сотням тысяч. Яго гісторыя — пра тое, як на месцы амаль зніклай вёскі нараджаецца нешта новае. Тое, што ўбачаць людзі па ўсёй краіне.
Кожны ведае сваю справу
У вёсцы Хацькуны калісьці было нямала двароў. Сёння засталося толькі два. Абодва належаць адной сям’і.
— Мы называем гэта хутарам, — расказвае 16-гадовы Жэня Лешчанка. — Асобны ўчастак зямлі, дзе няма суседзяў у першую чаргу. Для нас гэта важна.
Пераезд з буйнога прамысловага горада адбыўся, калі хлопцу споўнілася шэсць. Спачатку жылі ў вёсцы, дзе было шмат суседзяў. Але гаспадарка расла, жывёл станавілася больш, і непаразуменні з аднавяскоўцамі ўзнікалі ўсё часцей.
— Жывёлы крычаць, уцякаюць, дзе-небудзь кветачку каза з’есць — і адразу канфлікт, — успамінае хлопец.
Каля двух гадоў таму сям’я перабралася на хутар. Будавалі самі, заводзілі жывёлу, наладжвалі побыт. Цяпер у нас тры каровы і дзве цялушкі, козы, куры, авечка, асёл. А яшчэ — паўліны, дзікабраз і янот.
У доме жыве вялікая сям’я — бацькі Ягор Уладзіміравіч і Алеся Яўгенаўна, трое сыноў — старэйшы Жэня, пяцігадовы Мацвей і васьмігадовы Сцёпа, дачка Васіліса, якой 13, і бабуля Людміла Віктараўна. Шматдзетная сям’я — гэта не толькі клопат, але і парадак, які ўсталяваўся сам сабой.
— У нас выразна размеркаваны абавязкі, — тлумачыць Жэня. — Сцёпа і Васіліса ходзяць у школу ў Ашмянах, туды іх, як і мяне ў каледж, адвозяць бацькі. Калі я вучуся, бяру на сябе толькі базавае абслугоўванне. У выхадныя даглядаю «сваіх» — дзікабраза, паўлінаў. Бацька адказвае за кароў, авечак, асла. У бабулі — куры, свінні. Мама сочыць за чысцінёй і якасцю прадукцыі.
Гаспадарка гэтай сям’і — не пра маштабы. Пашыраць пагалоўе не плануюць, нават думаюць крыху зменшыць.
— Звычайна, калі заводзяць гаспадарку, стараюцца зрабіць ухіл на адзін кірунак і як правіла ствараюць цэлую ферму. У нас не так, — зусім па-даросламу разважае хлопец. — Мы за разнастайнасць. І гэта свядомы выбар: кожнай жывёле — свой час, сваё месца, свой сэнс.
Агарод — не галоўнае. «На яго трацім менш сіл з усяго, чым займаемся», — прызнаецца Жэня.
Свая прадукцыя і шлях без пасярэднікаў
Асноўны занятак сям’і — уласная падсобная гаспадарка. І асноўны заробак. Бацька — самазаняты майстар на ўсе рукі. Мама клапоціцца пра чысціню і якасць.
Сваю прадукцыю рэалізуюць самі. Спачатку спрабавалі здаваць малако зборшчыку, але не знайшлі агульнага паразумення.
Цяпер Лешчанкі ставяць у машыну бачок і вязуць у горад тварог, сыр адыгейскі, масла. Улетку гэтага больш, зімой каровы ў запуску. Якасць — несумненная: бацька мые даільны апарат па некалькі разоў, каб усё было стэрыльна. Акрамя малочнай прадукцыі, рэалізуюць і маладняк — часцей за ўсё цялят.
Блог, які пачаўся з пагоні за качкамі
Усё гэта — і жывёлу, і паўсядзённае жыццё, і радасці працы на зямлі — Жэня пачаў паказваць у сваім блогу. Першыя спробы былі яшчэ ў 10 гадоў: простыя рэпартажы ад першай асобы, пагоня за качкамі. Цяпер за плячамі — шэсць гадоў рэгулярнай блогерскай дзейнасці.
— Мне падабаецца расказваць, даносіць карысную інфармацыю проста і зразумела, — дзеліцца ён. — Я лёгка падбіраю словы не толькі па сваёй тэматыцы.
Нядаўна хлопца запрасілі ў якасці вядучага на тэлебачанне. Першы выпуск ужо адбыўся.
Падтрымка бацькоў адыграла вялікую ролю. Менавіта бацька, якому самому заўсёды хацелася весці канал, але не хапала часу, падштурхнуў сына да рэгулярных здымак.
— Памятаю, калі было толькі 10 тысяч падпісчыкаў, мы ехалі ў машыне. Тата кажа: «Ты пачакай, будзе больш за сто». Я адмахнуўся. А праз некалькі месяцаў да 100 тысяч маіх падпісчыкаў дадалося яшчэ 100 тысяч! Гэта было неверагодна, прыемна, незвычайна.Сёння ў папулярнага блогера значна больш прыхільнікаў. І спыняцца ён не збіраецца.
Планы, у якіх няма горада
— Плануеш у далейшым звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай?
— Адназначна, так. Пытанне ў тым, наколькі. Магчыма, цалкам паглыблюся, магчыма, часткова. Мой дом ужо стаіць побач з нашым асноўным на хутары. І я буду развіваць гэты кірунак, не буду кідаць. У Мінск пераязджаць дакладна не хачу.
Жэня вучыцца ў Ашмянскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы на бухгалтара. Пасля дзявятага класа меў сярэдні бал 9,4. Мог пайсці пасля ва ўніверсітэт, але выбраў гэты шлях.
— Ніколечкі не пашкадаваў, мне ўсё падабаецца. Бухгалтарская адукацыя — не для працы па найме, а для сябе. «Гэта дадатковы багаж ведаў, якія буду выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці», — гаворыць хлопец.
Жывёлы на хутары не толькі сельскагаспадарчыя. Паўліны, дзікабраз, янот — іх трымаюць не проста так.
— Мы ўжо пачынаем праводзіць пробныя экскурсіі. Улетку вельмі добра атрымліваецца. Людзі прыязджаюць, я праводжу экскурсіі. Маю шмат цікавай інфармацыі пра жывёл, магу расказаць, паказаць, даць паўзаемадзейнічаць з кожным, хто ідзе на кантакт.
Асаблівы ўхіл робіцца на тое, каб усе жывёлы былі ручнымі.
— Мы дзейнічаем шматвектарна, — гаворыць наш герой. — Мне падабаецца быць паўсюль і заўсёды. І сельская гаспадарка, і турыстычны сектар — усё гэта будзе ў маім жыцці.
Галоўнае — задавальненне
Гісторыя гэтага хутара — пра нешта большае, чым проста гаспадарку. Яна пра выбар, які робяць людзі, калі не хочуць жыць па шаблоне. Пра тое, што вёска можа быць не толькі месцам, адкуль з’язджаюць, але і месцам, куды хочацца вяртацца. І пра тое, што нават у самым маленькім пункце на карце можа нарадзіцца гісторыя, якую ўбачаць сотні тысяч.
— Ад любой работы трэба атрымліваць задавальненне. Калі задавальнення няма — гэта руціна, якая не вартая цябе як чалавека.
Наш герой гаворыць проста, без пафасных слоў. І чуецца ў гэтым не толькі юнацкая максіма, а жыццёвае правіла.
Надзея ЗУЕВА
Фота з сямейнага архіва Лешчанкаў