Top.Mail.Ru

Яўгенія Габец: «Кіно дае новыя сэнсы»

Сёлета на ХХХІ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» гледачам падрыхтавалі восем конкурсных праграм.

Вядома, кожная мае свае адметнасці. Іх заўсёды ведаюць людзі, якія займаюцца адборам і фарміраваннем шорт-ліста пэўнага конкурса. Сёння размаўляем з праграмным дырэктарам конкурса «Кіно маладых» Яўгеніяй Габец пра закуліссе адбору, галоўныя пасылы маладых рэжысёраў і кінапрацы каго з іх хутка ўбачым на вялікім экране.

— Яўгенія Сяргееўна, ужо другі год вы выступаеце ў ролі чалавека, які вырашае, чые фільмы глядач убачыць на «Лістападзе» ў конкурсе «Кіно маладых». Як вам такі вопыт?

— Найперш, я гляджу на гэта як на магчымасць быць часткай кіношнага асяродку, дзе ўсе, нягледзячы на свае пазафестывальныя сферы дзейнасці, гараць кіно. Калі мы сустракаемся, то ты адчуваеш проста неверагодную энэргетыку, адбываецца абмен ідэямі, ідуць абмеркаванні. Мы як адзін жывы арганізм, і мне прыемна быць яго часткай, таму што для мяне кіно — таксама частка майго жыцця і мяне самой. Вядома, як праграмны дырэктар я адчуваю адказнасць, таму вельмі стараюся, але дзейнічаю і па натхненню. Мяне вельмі моцна падтрымаў дырэктар конкурса гульнявога кіно Дзмітрый Марынін, які нешта падказваў, накіроўваў, дапамагаў з вырашэннем юрыдычных пытанняў. Бо і ў мінулым годзе і сёлета мы нейкія кінастужкі закупляем.

— Сколькі ў гэтым годзе вы атрымалі заявак на конкурс «Кіно маладых»?

— Дзякуючы таму, што ў мінулым годзе нас пачулі (дзякуй Міністэрству культуры) і з’явіўся конкурс кароткаметражнага кіно, удалося размежаваць заяўкі, якія нам не падыходзілі па тэхнічным рэгламенце. І як вынік, колькасць заявак на наш конкурс зменшылася, але іх якасць і сёлета застаецца высокай. Летась усё ж сваю ролю сыграла тая акалічнасць, што фестываль быў юбілейны і таму шмат хто жадаў трапіць у яго гісторыю. А ўжо ў гэтым годзе адбор атрымаўся больш сціплым, аднак кожную заяўку я адбірала з асаблівай патрабавальнасцю. І некаторыя фільмы былі спрэчныя, таму што яны эксперыментальныя. З аднаго боку, адбіраючы фільм, ты рызыкуеш стаць адкрывальнікам нечага новага, а з іншага боку, можаш зусім не трапіць у настрой сучаснага гледача. Прытым, што ведаеш, як глядзяць сёння кіно, асбліва аўтарскае. Зразумела, на любое кіно знойдзецца свой глядач, але мы ўсё ж бярэм на сябе смеласць зрабіць пэўную выбарку, разумеючы, на якога гледача мы арыентуемся, выбудоўваючы праграму. Вядома, праграма кожнага конкурса розная і ніхто не падбірае карціны пад нейкую агульную тэму. Хутчэй яна ўжо вызначаецца пасля, калі праграмы сфарміраваны, і мы бачым, дзе пераклікаецца тэматыка фільмаў. Абагульняючы скажу, што сёлета ў нас крыху больш за 340 заявак, з якіх мы адабралі ў конкурсную праграму 10 кінастужак.

— Якая сёлета геаграфія і асноўныя пасылы сярод удзельнікаў конкурса «Кіно маладых»?

— Геаграфія ў нас самая разнастайная і гэта сведчанне таго, на якім высокім узроўні захоўваецца інтарэс да «Лістападу». У прыватнасці, на конкурсе «Кіно маладых» мы працягваем супрацоўнічаць з Расіяй, Кітаем, Іранам, якія любяць «Лістапад» і штогод дасылаюць нам заяўкі, прычым на ўсе конкурсы. Вельмі рада, што сёлета зможам прывезці фільмы з Японіі. Здзівілі ў гэты раз Філіпіны, якія ўпершыню падаюцца на конкурс «Кіно маладых». Папоўніць шэрагі ўдзельнікаў Італія. Будуць кінаработы створаныя ў тандэме, напрыклад, ЗША-Японія, альбо адзін з фільмаў створаны сумесна В’етнамам, Філіпінамі, Францыяй, Сінгапурам і Нарвегіяй. Індыя працягвае з намі супрацоўнічаць. Убачым і беларускую кінастужку «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі, якая стане фільмам адкрыцця «Лістападу». Вельмі радасна, што беларускія кінематаграфісты выкарыстоўваюць шанс стартаваць у сваёй фестывальнай гісторыі менавіта на нашым кінафоруме.

Што да тэматыкі, то летась у нашым конкурсе галоўнымі была спроба маладых рэжысёраў знайсці сябе праз асэнсаванне такіх пытанняў як, хто я ў гэтым свеце і што хачу прыўнесці ў яго. Прычым гэта былі кінастужкі не пра пакуты і самакапанне, а пра стварэнне. У гэтым годзе аўтары больш разважаюць пра ролю блізкіх людзей і аб тым, як увогуле, нават сябры, становяцца сям’ёй. Таксама шмат фільмаў, дзе рэжысёры даследуюць філасофію смерці. Я так разумею, што наша маладое пакаленне ўжо пачынае сутыкацца з першымі стратамі родзічаў, блізкіх людзей і таму робіцца спроба зразумець, як сябе паводзіць і як пераадолець такое гора, як спраўляцца з ім. У працэсе адбору фільмаў мы бачылі, што кожны аўтар па-свойму асэнсоўвае і выбудоўвае бачанне і разуменне гэтай тэмы. І не з пазіцыі, быццам «я цэнтр Сусвету», а зусім па-іншаму. Хаця там прысутнічаюць і асабістыя рэжысёрскія гісторыі. Да прыкладу, адзін кітайскі рэжысёр якраз здымаў свой фільм як прысвячэнне бабулі, якой не стала некалькі гадоў таму. У выніку вельмі кранальная гісторыя атрымалася. Я нават перыядычна ставіла фільм на паўзу, бо вельмі хацелася ўпітаць гэтую гісторыю. Кожная з кінастужак выклікае абсалютна шчырыя эмоцыі, ты верыш у тое, што бачыш на экране. А гэта менавіта той паказчык, дзе не падманеш гледача. І мы імкнуліся выбіраць сумленныя, кранальныя гісторыі. Часам у іх і гумар прабіваецца, што таксама надае жывасці фільмам, дазваляе счытваць аўтарскі стыль у іх.

— Якія вашы асабістыя крытэрыі адбору фільмаў у конкурсную праграму?

— Самы першы крытэрый, якім я карыстаюся як глядач, як крытык і як сцэнарыст — калі, умоўна, фільм ідзе гадзіну-паўтары, але ў першыя 15-17 хвілін нічога не адбываецца, незразумелая экспазіцыя, герой альбо ён дрэнна раскрываецца, то фільм можна выключаць. У яго няма ніякага развіцця і наўрадці яно з’явіцца пазней. Такі сеанс — гэта марна вытрачаны час. Калі ж абапірацца не на прафесійны погляд, а ацэньваць проста як глядач, то для мяне важны сюжэт. І не проста той, якія пазначаны ў сінопсісе альбо ў кароткім апісанні фільма, а той, які я назіраю на экране. Як там развіваецца персанаж, наколькі мне зразумелая яго матывацыя (нават калі ён мне не блізкі, ці суперажываю я яму)? Ці не штучна ў мяне спрабуюць выклікаць эмоцыі? Яшчэ я гляджу на карцінку. Па ёй можна вельмі выразна прасачыць рэжысёрскі погляд, як і па тым, як выбудоўваецца гісторыя, як усё дапаўняецца аператарскай работай. І калі фільм мае кадры, якімі хочацца любавацца, то, лічу, ён добры і варты, каб яго ўбачыла вялікая аўдыторыя.

— Сёлета слоган фестывалю «Гісторыя, якая мяняе погляд». Ці многа заявак такога кіно вы сустрэлі пры адборы праграмы конкурса «Кіно маладых»?

— Я лічу, што «Кіно маладых» у гэтым годзе як ніколі трапіла ў дэвіз «Лістападу». У нас склалася праграма, дзе пераважную большасць фільмаў аб’ядноўвае тэма жыцця і смерці. Прасочваецца філасофскі погляд на тэму смерці з нязвыклага пункту гледжання, дзе мы не проста разважаем пра жыццё пасля ці пра пэўны феномен, а бачым усё ў новым ракурсе. І фокус змяшчаецца на тое, як перажываць такую падзею. Глядач можа ўбачыць, як спраўляюцца з такімі сітуацыямі іншыя, незалежна ад бэкграунду людзей, іх жыццёвых абставін і нават узросту. І для нашага маладога пакалення гэта якраз можа стаць добрай падказкай, як перажываць падобнае экалагічна. Гэтыя фільмы — быццам калектыўнае падсвядомае, дзе кожны зможа знайсці нешта блізкае і зразумелае, адказы на свае пытанні альбо святло там, дзе здавалася, быццам няма надзеі. Спадзяюся, адабраныя намі гісторыі сапраўды дазволяць змяніць погляд на спрадвечную тэму жыцця і смерці, можа кагосьці натхняць на нешта, а некаму дапамогуць пераадолець страх перад смерцю. Мне б хацелася, каб людзі ўспрымалі яе не як канец, а як этап, пераадолеўшы які, чалавек не зламаецца, не загрузне ў сваіх эмоцыях, а пражыве іх, набыўшы для сябе новыя сэнсы. Упэўнена, гэтыя фільмы крануць сэрцы гледачоў і не пакінуць нікога абыякавымі.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю