Top.Mail.Ru

Вызначаны пераможцы для занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару па выніках пяцігодкі і 2025 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка падпісаў Указ № 138 «Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2021–2025 гады і 2025 год», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.


Указам вызначаны пераможцы спаборніцтваў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. 

Па выніках работы ў 2021–2025 гадах пераможцамі сталі Брэсцкая, Мінская і Магілёўская вобласці. За мінулы год — Брэсцкая і Мінская вобласці, а таксама Мінск, з ліку раёнаў — Жабінкаўскі і Камянецкі раёны Брэсцкай вобласці, Нясвіжскі і Салігорскі раёны Мінскай вобласці, Горацкі раён Магілёўскай вобласці, сярод гарадоў і раёнаў у гарадах — Брэст, Маскоўскі і Першамайскі раёны Мінска. 

Акрамя таго, па выніках работы ў 2025 годзе вызначаны 53 пераможцы сярод арганізацый краіны, якія задзейнічаны ў прамысловасці, будаўніцтве, сельскай, рыбнай і лясной гаспадарках, сферы паслуг. 

Усе пераможцы спаборніцтваў удастоены занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару, што традыцыйна дасць магчымасць заахвоціць найлепшыя рэгіёны і арганізацыі, а таксама стане грамадскім прызнаннем працы калектываў прадпрыемстваў, якія зрабілі важкі ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны. 

Адкрыццё абноўленай Рэспубліканскай дошкі Гонару адбудзецца напярэдадні Свята працы. 

Быць сярод найлепшых — не толькі ганарова, але і адказна 

У Горацкім раёне з натхненнем успрынялі навіну аб занясенні Горацкага раёна на Рэспубліканскую дошку Гонару. Старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай АРЛЁНАК падкрэсліў, што гэта не толькі вялікая радасць, але і адказнасць. 

— Дасягнуць высокай прыступкі атрымалася за кошт зладжанай работы ўсяго калектыву, структурных падраздзяленняў і ўсіх арганізацый, — адзначыў ён. — І мы не намераны збаўляць тэмп. 

Мінулы год быў асабліва спрыяльным для раёна. Добра спрацавала прамысловасць, быў забяспечаны рост аб’ёмаў вытворчасці важных відаў малочнай прадукцыі. На 50 % павялічана вытворчасць зерневых і зернебабовых культур, валавая вытворчасць ільновалакна склала больш чым 170 % да ўзроўню 2024 года. Да больш чым 186 % і 141 % адпаведна павялічыўся тэмп росту экспарту тавараў і паслуг. Добра развіваецца будаўнічая галіна. 

На працягу мінулага года ўведзена ў эксплуатацыю амаль 10 тысяч метраў жылля. 

На тэрыторыі раёна рэалізуюцца інвестпраекты па мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў прамысловых прадпрыемстваў, будаўніцтве МТК. Вялікія спадзяванні ўскладаюцца на інвестпраект па стварэнні інавацыйнага цэнтра біятэхналогій у раслінаводстве, які рэалізуе Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія. Значныя поспехі зроблены ў сацыяльнай сферы. 19 выпускнікоў устаноў сярэдней адукацыі атрымалі залатыя медалі, 5 чалавек здалі ЦЭ і ЦТ на 100 балаў. 

— Наперадзе яшчэ нямала задач, якія патрабуюць поўнай самааддачы і карпатлівай работы, — кажа старшыня райвыканкама. — Перакананы, што жыхары раёна прыкладуць усе намаганні, каб зрабіць сваю зямлю яшчэ больш прывабнай і камфортнай для пражывання. 

Намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Анастасія БУТАР адзначыла, што Нясвіжчына — адзін з флагманаў Мінскай вобласці, а вынікі мінулай пяцігодкі, дасягнутыя ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, — таму пацверджанне: 

— Па выніках работы за 2020–2025 гады Нясвіжскі раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Для нас гэта не проста афіцыйнае прызнанне бягучых поспехаў, гэта перш за ўсё ацэнка эфектыўнай і планамернай работы ўсіх работнікаў раёна. Гэта надзейны падмурак для будучых пакаленняў, індыкатар устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, які ўключае забеспячэнне харчовай бяспекі, паляпшэнне інфраструктуры і стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця. Мы захавалі свае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў краіне, а гэта значыць, што наперадзе новыя мэты, таму што быць сярод найлепшых — не толькі ганарова, але і адказна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю