Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 мая падпісаў Указ № 218, якім уносяцца змены ва Указ ад 3 кастрычніка 2006 года № 589 «Аб упарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак». Тры месяцы было дадзена на тое, каб ён уступіў у сілу і ўсе неабходныя дакументы былі падрыхтаваны. 28 жніўня ён пачаў дзейнічаць. Ва ўказе былі вызначаны асноўныя кірункі работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак. У яго развіццё была таксама падрыхтавана пастанова Савета Міністраў № 488 ад 9 верасня. Гэтыя дакументы дазволяць арганізаваць работу платных аўтамабільных парковак, у тым ліку аўтамабільных стаянак па-новаму.
Як менавіта?
Цяпер парадак работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак вызначаецца правіламі арганізацыі будаўніцтва і эксплуатацыі, вызначанымі Саветам Міністраў. З’явіліся новыя тэрміны і паўнамоцтвы, у асноўным у мясцовых органаў улады. Акрамя таго, у выпадку фіксацыі неўнясення або ўнясення не ў поўным аб’ёме, а таксама несвоечасовага ўнясення платы за паркоўку гэта з’яўляецца падставай для спагнання з карыстальніка платнай аўтамабільнай паркоўкі дадатковай платы — 1 базавую велічыню (42 рублі).
У развіццё гэтых дакументаў падрыхтаваны і зацверджаны праект рашэння Мінскага гарвыканкама. Паводле яго, мясцовымі органамі ўлады было вызначана, якія дзяржаўныя ўстановы будуць з’яўляцца аператарам, час бясплатнага знаходжання, месца размяшчэння платных аўтамабільных парковак, памер платы за іх, памер дадатковай платы ў выпадку неўнясення платы за паркоўку або ўнясення не ў поўным памеры.
У сталіцы праблема стаянак і парковак усё ж найбольш актуальная, асабліва існуе перанасычэнне транспартам цэнтральнай часткі горада, якое прыводзіць да ўтварэння затораў, аварыйнасці і нават пагаршэння экалогіі. Платныя паркоўкі ў сваю чаргу закліканы знізіць транспартную нагрузку. Таму, паводле слоў генеральнага дырэктара ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэя ЗЫРАНАВА, пастараліся максімальна хутка падрыхтаваць гэтае рашэнне, каб горад мог пачынаць работу ў гэтым кірунку.
Што змянілася?
Устаноўлена, што дзяржаўная ўстанова «Паркоўкі сталіцы» — аператар аўтамабільных парковак на тэрыторыі Мінска.
Час бясплатнага знаходжання транспартнага сродку на платнай аўтамабільнай паркоўцы складзе 15 хвілін (і на адкрытай, і на закрытай).
Акрамя таго, вызначаны тры платныя парковачныя зоны:
* Зона 1 (чырвоная зона) — самы цэнтр: Верхні горад, Траецкае прадмесце, Замкавая вуліца.
* Зона 2 (жоўтая зона) — мяжа першага транспартнага кальца.
* Зона 3 (зялёная зона) — у межах другога транспартнага кальца.
Адрознівацца яны будуць тарыфамі. Самыя запатрабаваныя паркоўкі, што ў чырвонай зоне, будуць каштаваць даражэй за астатнія.
Кошт платных парковак складзе:
1.Верхні горад — 7 рублёў за ўезд у першую гадзіну і 3 рублі паўторна. Траецкае прадмесце і Замкавая — 2 рублі ў гадзіну.
2.У жоўтай зоне гадзіна знаходжання таксама будзе каштаваць 2 рублі з 08.00 да 20.00. З 20.00 да 08.00 — бясплатна.
3.У зялёнай зоне — 1 рубель у гадзіну. Знаходжанне пасля 20.00 там будзе таксама бясплатным.
Асноўная задача — максімальна эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя парковачныя месцы там, дзе яны найбольш запатрабаваныя.
А што калі не аплаціць?
Фіксаваць неплацельшчыкаў будуць з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ДАІ, дапамагаць будуць і пешыя спецыялісты ў тым ліку. У дачыненні такіх уласнікаў будуць фармавацца прэтэнзіі, матэрыялы накіруюць для рэагавання. Калі рэакцыі не будзе — іскавую заяву перададуць у суд для прыняцця рашэння. У гэтым выпадку трэба будзе пакрыць аплату паркоўкі, 1 базавую велічыню (42 рублі) за несвоечасовую плату, а таксама судовыя выдаткі.
Як расказаў дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл ФІЛІПАЎ, як правіла, атрымаўшы прэтэнзію, 90 % карыстальнікаў платных парковак прыходзяць у касу ўстановы і аплачваюць доўг. «Былі ў нас пэўныя моманты па закрытых паркоўках, калі чалавек, пакідаючы стаянку, загадзя парушаў правілы паркоўкі і выязджаў так званым „паравозікам“. Мы такіх людзей выяўлялі, накіроўвалі лісты ў ДАІ, нам перадавалі кантакты ўласнікаў. Гаворка пра даволі прыстойныя сумы: парадку 6000–7000 рублёў. Усе прыхадзілі да нас, пісалі заяву на прадастаўленне растэрміноўкі. Каму на тры месяцы, каму на шэсць», — паведаміў Міхаіл Філіпаў.
Аплаціць можна так:
-
Па мабільным тэлефоне з дапамогай SMS-запыту праз аператараў мабільнай сувязі, па мабільным тэлефоне з дапамогай USSD-запыту праз аператараў мабільнай сувязі, банкаўскімі пластыкавымі картамі розных стандартаў, выкарыстоўваючы сістэму банкаўскіх плацяжоў АРІП, з выкарыстаннем мабільнага або інтэрнэт-банкінгу праз сістэму банкаўскіх плацяжоў АРІП.
-
Акрамя таго, можна скарыстацца мабільным сэрвісам «Аплаці», паркаматам для аплаты ў безнаяўным парадку (з дапамогай выкарыстання банкаўскіх карт і мабільнага тэлефона) або заплаціць наяўнымі грашовымі сродкамі праз плацежны тэрмінал з выкарыстаннем сістэмы банкаўскіх плацяжоў АРІП, а таксама наяўнымі сродкамі ў касе.
«Галоўнае — з душой да людзей»
Каб на свае вочы ўбачыць, як цяпер арганізавана работа на платных паркоўках, карэспандэнты «Звязды» адправіліся папрацаваць са спецыялістам па рабоце з кліентамі дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Гары БАРАНАВЫМ.
Сустрэліся на платнай паркоўцы, якая размяшчаецца ўздоўж вуліцы Карла Маркса, 21. Машын — поўна. У сярэднім, па словах спецыяліста, у дзень атрымліваецца праверыць на наяўнасць аплаты парадку 300–350 аўтамабіляў. «Кантроль з вамі будзем ажыццяўляць у межах гэтай платнай паркоўкі, выкарыстоўваць неабходна планшэт, тут устаноўлена праграма, па якой прабіваецца нумар транспартнага сродку, яго рэгістрацыйны знак, — патлумачыў Гары Дзмітрыевіч. — Дадатак паказвае, праведзена аплата кліентам, ці не. Калі не, то колькі разоў».
- Працавалі са спецыялістам такім чынам: спачатку правяралі аплату некаторых аўто, усе іх уладальнікі, так атрымалася, выканалі абавязак. «Калі б яны былі не аплачаныя і кліент знаходзіўся побач, прапанавалі б сваю дапамогу, патлумачылі б, як можна аплаціць паркоўку. Калі ж не, пад рукой заўсёды жоўты лісток — апавяшчэнне, якое мы кладзём звычайна пад лабавое шкло, затым робім фотафіксацыю».
На пытанне аб тым, ці маюць месца быць нейкія канфліктныя сітуацыі падчас працы, спецыяліст адказаў станоўча: «Часам чалавек прыязджае з дрэнным настроем, неабходна на месцы ацэньваць тое, што адбываецца, — дзеліцца вопытам ён. — Выслухаць яго, накіраваць недзе. Галоўнае — з душой да людзей. Стараюся ўсё вырашыць мірна».
Сам Гары Дзмітрыевіч ужо на пенсіі, але працягвае прыносіць карысць. «Праца гэта — для душы, — прызнаецца ён. — Люблю камунікаваць з людзьмі. З плюсаў яшчэ — свежае паветра, да таго ж для чалавека ва ўзросце актыўны лад жыцця — вельмі карысна».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА