Top.Mail.Ru

Вызначаны новыя правілы для платных парковак у Мінску

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 мая падпісаў Указ № 218, якім уносяцца змены ва Указ ад 3 кастрычніка 2006 года № 589 «Аб упарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак». Тры месяцы было дадзена на тое, каб ён уступіў у сілу і ўсе неабходныя дакументы былі падрыхтаваны. 28 жніўня ён пачаў сваю работу. Ва ўказе былі вызначаны асноўныя кірункі работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак. У яго развіццё была таксама падрыхтавана пастанова Савета Міністраў № 488 ад 9 верасня. Гэтыя дакументы дазволяць арганізаваць работу платных аўтамабільных парковак, і ў тым ліку аўтамабільных стаянак, па-новаму. 


Як менавіта?

Цяпер парадак работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак вызначаецца правіламі арганізацыі будаўніцтва і эксплуатацыі, вызначанымі Саветам Міністраў. З’явіліся новыя тэрміны і паўнамоцтвы, у асноўным у мясцовых органаў улады. Акрамя таго, у выпадку фіксацыі неўнясення або ўнясення не ў поўным аб’ёме, а таксама несвоечасовага ўнясення платы за паркоўку гэта з’яўляецца падставай для спагнання з карыстальніка платнай аўтамабільнай паркоўкі дадатковай платы — 1 базавую велічыню (42 рублі). 

У развіццё гэтых дакументаў рыхтуецца праект рашэння Мінскага гарвыканкама. Ён падрыхтаваны і знаходзіцца на стадыі ўзгаднення, а ў найбліжэйшы час, плануецца, будзе зацверджаны. Па гэтай пастанове мясцовыя органы ўлады вызначаюць, якія дзяржаўныя ўстановы будуць з’яўляцца аператарам, час бясплатнага знаходжання, месца размяшчэння платных аўтамабільных парковак, памер платы за іх, памер дадатковай платы ў выпадку неўнясення платы за паркоўку або ўнясення не ў поўным памеры, — растлумачыў генеральны дырэктар ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыранаў.

У сталіцы праблема стаянак і парковак усё ж найбольш актуальная, таму, па словах генеральнага дырэктара, пастараліся максімальна хутка падрыхтаваць гэта рашэнне, каб горад мог пачынаць работу ў гэтым кірунку. У прыватнасці, у адпаведнасці з праектам рашэння вызначана, што дзяржаўная ўстанова «Паркоўкі сталіцы» — аператар аўтамабільных парковак на тэрыторыі Мінска. 

Плануецца, што час бясплатнага знаходжання транспартнага сродку на платнай аўтамабільнай паркоўцы складзе 15 хвілін (і на адкрытай, і на закрытай). 

Дзе імі можна скарыстацца?

Вызначаны тры зоны:

  1. Зона 1 (чырвоная зона) — самы цэнтр: Верхні горад, Траецкае прадмесце, Замкавая вуліца. Самыя запатрабаваныя паркоўкі будуць у самай дарагой зоне. 
  2. Зона 2 (жоўтая зона) — мяжа першага транспартнага кальца. 
  3. Зона 3 (зялёная зона) — у межах другога транспартнага кальца.

Адрознівацца гэтыя зоны будуць тарыфамі. 

Кошт платных парковак складзе:

  1. Верхні горад — 7 рублёў за ўезд у першую гадзіну і 3 рублі паўторна. Траецкае прадмесце і Замкавая — 2 рублі ў гадзіну. 
  2. У жоўтай зоне гадзіна знаходжання таксама будзе каштаваць 2 рублі з 8.00 да 20.00. З 20.00 і да 8.00 — бясплатна. 
  3. У зялёнай зоне — 1 рубель у гадзіну. Знаходжанне пасля 20.00 там будзе таксама бясплатным. 

Асноўная задача — максімальна эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя парковачныя месцы там, дзе яны найбольш запатрабаваныя. 

А што, калі не аплаціць?

Фіксаваць неплацельшчыкаў будуць з дапамогай мабільнага комплексу, які будзе праязджаць па маршрутах, дзе размяшчаюцца стаянкі, дапамагаць ім будуць і пешыя спецыялісты ў тым ліку.

«У мэтах пошуку ўладальнікаў транспартных сродкаў, якія парушылі правілы карыстання аўтамабільнымі паркоўкамі, мы будзем непасрэдна праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ДАІ МУС атрымліваць даныя на ўласнікаў. Пасля будзе фарміравацца прэтэнзія, якая накіроўваецца па адрасе. Калі чалавек не адрэагуе на яе, будзе рыхтавацца іскавая заява з накіраваннем у суд, — расказаў дырэктар ДУ „Паркоўкі сталіцы“ Міхаіл Філіпаў. — Атрымаўшы прэтэнзію, як правіла, 90 % карыстальнікаў паркоўкі прыходзяць у касу ўстановы і аплачваюць доўг. Былі ў нас пэўныя моманты па закрытых паркоўках, калі чалавек, пакідаючы стаянку, загадзя парушаў правілы паркоўкі і выязджаў так званым „паравозікам“. Мы такіх людзей выяўлялі, накіроўвалі лісты ў ДАІ, нам перадавалі кантакты ўласнікаў. Гаворка пра даволі прыстойныя сумы: парадку 6000-7000 рублёў. Усе прыйшлі да нас, напісалі заяву на прадастаўленне растэрміноўкі. Каму на тры месяцы, каму на шэсць».

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: Кантроль хуткасці ажыццяўляецца на 11 участках дарог Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю