Top.Mail.Ru

Выйшаў з друку фотаальбом Анатоля Клешчука «Святыя азёры». У фотападарожжа запрашае «звяздовец»

У выдавецтве «Беларусь» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыў свет фотальбом Анатоля Клешчука «Святыя азёры». Дыялог з чытачом і гледачом вядзе вядомы фотамайстар, як быццам перадаючы прывітанне з самых розных мясцін Беларусі... 



Кароткае ўступнае слова зойме толькі некалькі хвілін знаёмства. Але перад намі — усё ж сапраўдная кніга, якая кліча ў падарожжа. Вядомы ў краіне фотамастак Анатоль Кляшчук (1957 — 2023), які, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця, пакінуў унікальную фатаграфічную спадчыну. Новае выданне яго прац прысвечана даволі цікавай тэме, якую фатограф вызначыў наступным чынам: пошук святых азёр у Беларусі! Гэтым клопатам фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук займаўся з пачатку 2000-х... З прадмовы да кнігі: «... З часам гэты занятак не толькі пераўтварыўся ў хобі, але і стаў важнай мэтай і часткай яго творчага жыцця. З розных крыніц — энцыклапедый, газет, навуковых і архіўных матэрыялаў, інтэрнэту — ён узбагачаўся адрасамі новых прыродных аб’ектаў і спяшаўся на сустрэчу з імі. 

Мэтай пошукаў Анатоля Клешчука было не толькі зафіксаваць, паказаць іх прыгажосць, але і паспрыяць захаванню гэтага блакітнага воднага багацця. Усе святыя азёры, якія фотажурналіст змог наведаць за свой творчы шлях, ён падзяляў на некалькі груп: азёры з афіцыйнай назвай „Святое“, азёры з народнай або неафіцыйнай назвай і тыя, у назве якіх прысутнічае корань „свят“: Свяцец, Свяцкае, Засвяцкае і інш.

Анатоля Клешчука засмучала, што не ўсе святыя азёры даследаваны, не ўсе вымераны. Тры з іх наогул страчаны — ператвораны чалавекам у сухія балоты. Аднак майстар фатаграфіі быў задаволены, што большасць азёр усё ж зафіксавана і ўнесена ў Рэестр водных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь. Некаторыя, на шчасце, сталі заказнікамі і ахоўваюцца дзяржавай, іншыя прызнаны папулярнымі месцамі адпачынку і рыбнай лоўлі. Усе яны займаюць важнае месца ў адпаведнай сістэме прыроды. Адны азёры знаходзяцца ў лясной ці балоцістай мясцовасці, другія з’яўляюцца часткай гарадскога або вясковага ландшафту. Але ўсе яны натхнялі Анатоля Клешчука і клікалі шукаць цікавыя ракурсы ў рознае надвор’е». 

Гартайце старонкі фотакнігі «Святыя азёры», выпраўляйцеся ў падарожжа па Беларусі — веру, што вы атрымаеце выключнай сілы асалоду ад новых уражанняў. Першы тыраж альбома, аддрукаваны на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа накладам 1000 экзэмпляраў, разышоўся імгненна. У хуткім часе ў кнігарні краіны прыйдзе другі тыраж «Святых азёр». 

Мікола БЕРЛЕЖ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю