Вядомы даследчык Віцебскай гісторыі Мікола Півавар выдаў «Краязнаўчы атлас Віцебскага раёна». Унікальнасць працы заключаецца ў тым, што напісана шырокая біяграфія аднаго толькі раёна з разлікам на адлюстраванне турыстычнага патэнцыяла рэгіёна.
У даведніку сабраны разнастайныя матэрыялы па Віцебскім раёне, матэрыялы пра краязнаўчыя рэсурсы, турыстычныя аб’екты, а таксама аб’екты прыроднага, эканамічнага, канфесійнага жыцця. Аўтар падрабязна, з прывязкай да канкрэтных адрасоў (кніга падзелена на раздзелы, кожны з якіх адпавядае тэрыторыі пэўнага сельсавета раёна, — напрыклад, «Акцябрскі сельсавет», «Бабініцкі...», «Варонаўскі...» і г.д.), разглядае гісторыка-культурную спадчыну края, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У атласе змешчана каля 1000 здымкаў.
Каму найперш адрасавана гэтая кніга? На пытанне адказвае аўтар кандыдат гістарычных навук Мікалайй Васільевіч Півавар, які працуе ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы:
— Атлас арыентаваны на жыхароў Віцебшчыны і ўсёй краіны, што вядуць актыўны лад жыцця, вандруюць па родным краі. Лічу, што кніга будзе карыснай і турыстычным аматарам, якія арганізуюць адпачынак у наваколлі Віцебска. У выданні змешчана інфармацыя пра сотні аб’ектаў экалагічнага, гісторыка-культурнага, прамысловага, гастранамічнага, рамесніцкага, актыўнага, аздараўляльнага, пазнавальнага і іншых відаў турызму. Кніга будзе цікавая і прадпрымальнікам і патэнцыйным інвестарам, якія плануюць арганізаваць свой бізнес у рэгіёне. Мяркую, што даведнік можа спатрэбіцца службовым асобам раённага выканаўчага камітэта і сельскіх саветаў Віцебскага раёна.
Відавочна, што патрэба ў «Краязнаўчым атласе Віцебскага раёна» шмат шырэйшая за геаграфію адной рэгіянальнай прасторы. Яшчэ і таму, што Мікола Півавар сваёй працай паказвае прыклад, як трэба падрабязна, дэталёва, выразна тэматычна апісваць мясцовасць. Вопыт віцебскага краязнаўца, несумненна, возьмуць на ўзбраенне многія іншыя ініцыятыўныя даследчыкі айчыннай гісторыі. У «Краязнаўчым атласе...» змешчаны і «Тэматычны паказальнік», і «Спіс перайменаваных населеных пунктаў раёна», што даволі важна для тых, хто даследуе сваё радаводнае дрэва, шукае прашчураў і родныя карані.