Top.Mail.Ru

Як ратавальнікі Міншчыны ствараюць бяспеку падчас уборачнай

Прадухіліць прасцей, чым патушыць

Нягледзячы на дажджлівае лета, уборачная кампанія — 2025 у самым разгары па ўсёй краіне. Бяспека ў гэты час знаходзіцца на асаблівым кантролі ратавальнікаў. Супрацоўнікі МНС загадзя рэалізавалі комплекс прафілактычных і арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ўборачнай, але ж... Загаранні, на жаль, усё роўна здараюцца. Так, напрыклад, днямі ў Брагінскім раёне работнікі МНС выратавалі больш за 90 гектараў збожжавых культур. Таксама дзякуючы ратавальнікам у Стаўбцоўскім раёне нядаўна ўдалося захаваць амаль 40 гектараў пасеваў азімага жыта. Як падраздзяленні МНС сочаць за правядзеннем уборкі збожжа, што правяраюць інспектары ў палях і наколькі аграрыі ведаюць парадак дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару, даведалася карэспандэнт «Звязды», адправіўшыся на палі агракамбіната «Ждановічы», што на Міншчыне.

«Калі раптам што — гатовы спрацаваць аператыўна»

b4b3b76e-a91b-4c00-89ae-5a59c147e492.jpg

На месца прызначэння прыехала з самай раніцы. Дзень стаяў даволі сонечны, уборачная кампанія тут разгарнулася ў поўную сілу. Мая задача — паглядзець, чым жа займаюцца дзяжурныя супрацоўнікі МНС падчас жніва, таму па прыбыцці адразу накіравалася да спецтэхнікі, якая прызначана для барацьбы з пажарамі.

Тут пазнаёмілася з ратавальнікам Андрэем МАКАЕДАМ. «Рабочая змена, спадзяюся,сёння будзе спакойнай», — гаворыць ён. Аднак напагатове трэба быць пастаянна. «Працаваць мы пачынаем, калі стартуе праца ў камбайнераў, — расказвае мужчына. — Ва ўмовах пастаянна зменлівага надвор’я аб неабходнасці нясення дзяжурства ў канкрэтным месцы нам паведамляюць звечара. Але раніцай яшчэ робім папярэдні званок. Пры ўзнікненні якой-небудзь надзвычайнай сітуацыі наш абавязак — аператыўна яе ліквідаваць. «Што будзеце рабіць, калі раптам загарыцца камбайн? Колькі ў вас ёсць часу, каб выратаваць людзей і тэхніку?» — пытаюся я. «Хопіць пару хвілін. Трэба пад’ехаць да месца здарэння, аператыўна падаць рукаўную лінію, якая напоўнена вадой або пенай. Яна ў нас ужо сабраная, падключаная. На падрыхтоўку да тушэння дарма час марнаваць не прыйдзецца ў выпадку чаго».

7-34 копия.jpg

Аляксандр КРУК — вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага аўтамабіля. Працуе на ўборачнай ужо 18-ты год. «Наша задача — бяспека падчас жніва. Мы не проста сядзім у машыне, як некаторыя могуць падумаць. Перад выездам правяраем наяўнасць усіх сродкаў. Па прыездзе на палі ва ўсе вочы сочым за сітуацыяй, трымаем сувязь з камбайнерамі. Калі раптам што — гатовы спрацаваць аператыўна».

Веды ў аграрыяў выдатныя

Набліжаўся абед. Праверыць выкананне правілаў бяспекі і правесці інструктаж на поле прыехала старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Мінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дар’я АЎРАЙЦЭВІЧ. «Пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў на тэрыторыі палёў падчас уборачнай нам трэба пераканацца ў тым, што на камбайнах прысутнічаюць першасныя сродкі пажаратушэння, а менавіта парашковыя вогнетушыцелі, палотнішчы, рыдлёўкі. У тым ліку варта даведацца, ці засвоіў камбайнер праграму пажарна-тэхнічнага мінімуму для таго, каб пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі ведаць, як дзейнічаць, як прымяняць першасныя сродкі пажаратушэння, каму дакладваць».

876ee8de-cc44-4637-a909-9d4bc115605f.jpg

Таксама супрацоўнікі МНС правяраюць наяўнасць на турбінах іскрагасільнікаў. «Акрамя таго, на полі, дзе працуе тэхніка, павінна быць так званае прыкрыццё. Гэта можа быць трактар з вадой або іншыя машыны. Абавязкова правяраем наяўнасць трактара, які падчас загарання на полі зможа абараць і лакалізаваць месца, дзе здарылася надзвычайная сітуацыя», — расказвае Дар’я Уладзіміраўна.

Паводле слоў спецыяліста, МНС правярае яшчэ захоўванне і складзіраванне кармоў на тэрыторыі сельскагаспадарчых аб’ектаў.

«Што за тып вогнетушыльнага рэчыва? Колькі часу ў вас ёсць, каб патушыць загаранне? Як часта чысціцца камбайн ад саломы?» — пытаецца супрацоўнік МНС у камбайнера агракамбіната «Ждановічы» Святаслава ЛЮБЕЗНАГА. За плячыма ў мужчыны шматгадовы досвед працы на ўборачнай, аграрый падрыхтаваны на «выдатна». На ўсе пытанні адказаў, ведае, што айчынны гомсельмашаўскі камбайн, на якім ён працуе, аснашчаны чатырма вогнетушыцелямі. З лёгкасцю таксама расказвае, як імі скарыстацца. «Што датычыцца абдзімання жняяркі, ачысткі камбайна ад назапашанай саломы, яна ажыццяўляецца два разы на дзень у абавязковым парадку: раніцай і пасля абеду», — гаворыць Святаслаў.

1110fed3-bbae-4f0f-9dda-0e422598280d.jpg

У завяршэнні інструктажу інспектар МНС нацэліла работнікаў строга выконваць правілы пажарнай бяспекі падчас уборкі і нарыхтоўкі збожжавых. А калі ўсё ж нешта здарылася — аператыўна тэлефанаваць дзяжурнай брыгадзе.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота МНС

Дарэчы

У мэтах папярэджання пажараў на аб’ектах уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю МНС загадзя рэалізаваны комплекс арганізацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ўборкі збожжавых: з пачатку ўборачнай кампаніі работнікамі МНС абследавана больш за 8 тысяч аб’ектаў, задзейнічаных ва ўборачнай кампаніі. Органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду з удзелам прадстаўнікоў органаў унутраных спраў і іншых зацікаўленых на месцах уборкі і захоўвання ўраджаю праводзяцца сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы.

7-36 копия.jpg

Асаблівая ўвага работнікаў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду ўдзяляецца пытанням забеспячэння супрацьпажарнага рэжыму, захавання мер пажарнай бяспекі пры ажыццяўленні тэхналагічных працэсаў, ведання работнікамі сваіх абавязкаў, парадку дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару, стану, наяўнасці і спраўнасці тэхнічных сродкаў супрацьпажарнай абароны, першасных сродкаў пажаратушэння, стану задзейнічанай ва ўборцы тэхнікі.

У бягучым годзе на аб’ектах уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю ў краіне адбылося 16 пажараў, што менш на 15,8 %, чым за аналагічны перыяд мінулага года, з іх 8 — у месцах перапрацоўкі збожжавых, 1 — на сельскагаспадарчай тэхніцы, 7 — збожжавыя культуры на корані.

Пры ліквідацыі пажараў на названых аб’ектах пажарнымі аварыйна-выратавальнымі падраздзяленнямі ўсяго ў краіне выратавана: 4 будынкі, 202,5 тоны збожжа, 358 гектараў пасеваў збожжавых.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю