Top.Mail.Ru

Высветлілі, чаму ў моладзі расце інтарэс да прафесійна-тэхнічнай адукацыі

Фінансавая самастойнасць, практычны досвед і кар’ерныя перспектывы

На працягу апошніх гадоў назіраюцца запатрабаванасць рабочых спецыяльнасцяў і павышэнне іх прэстыжу. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў Бераставіцкі дзяржаўны каледж, каб даведацца, чым кіруюцца маладыя людзі, якія сюды паступаюць.

Дзяржаўная стратэгія

Як расказаў дырэктар навучальнай установы Эдуард Карвацкі, яшчэ пару гадоў таму тут навучалася крыху больш за 180 чалавек, зараз жа навучэнцаў стабільна больш за 300. І тэндэнцыя росту працягваецца.

— Выпускнікі каледжаў працуюць у цікавых месцах, растуць па кар’ернай лесвіцы і маюць добрую заработную плату, — раскрывае сакрэт папулярнасці падобных навучальных устаноў Эдуард Карвацкі. — Да нас прыязджаюць не толькі жыхары раёна, але і Гродзеншчыны, іншых абласцей Беларусі.

Для спецыялістаў, якіх выпускае каледж, на месцах ствараюцца добрыя ўмовы працы. Заработная плата знаходзіцца таксама на годным узроўні. Напрыклад, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання можа атрымаць да 2500 беларускіх рублёў, а электрагазазваршчык — 4000 рублёў. Заробак залежыць ад стажу і месца работы.

«На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць дзве-тры сумежныя прафесіі, якія дазваляюць гнутка рэагаваць на зменлівыя запыты рынку працы, быць больш мабільным нават у рамках аднаго прадпрыемства, — дадае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі-начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Папулярнасць прафесій непасрэдна залежыць ад рэгіёна, у якім знаходзіцца ўстанова адукацыі, і ад узроўню развіцця яго базавых прадпрыемстваў».

Мясцовыя ўлады ўстанаўліваюць пералік найбольш запатрабаваных пасад служачых і прафесій рабочых для выдачы арэнднага жылля.

Дарэчы, у час размовы са студэнтамі на «Адкрытым мікрафоне з Прэзідэнтам» у Віцебскім дзяржаўным універсітэце 2 верасня 2024 года Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава рабочыя спецыяльнасці будзе ўзнімаць на самы высокі ўзровень. «Таму што гэта краіне трэба, гэта стратэгія», — падкрэсліў беларускі лідар.

Мары спраўджваюцца

Гродзенская вобласць славіцца каледжамі, якія рыхтуюць спецыялістаў у раённых цэнтрах. Бераставіцкі — адзін з такіх. Мой візіт супаў з выпускным іспытам па спецыяльнасці «Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні».

Аўдыторыя, у якой праходзілі выпрабаванні, падобная на рэстаран. На стале — стравы неверагоднай прыгажосці і складанай рэцэптуры. Для паспяховай здачы трэба прыгатаваць тры пазіцыі. Абавязкова — гарачае, на выбар — закуску, суп і дэсерт. Звярнула ўвагу, што ўсе стравы зроблены з нейкай разыначкай. Выпускнікі імкнуцца прапанаваць тое, што максімальна раскрые іх веды і здольнасці.

Аляксей Поспіх родам з аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна, у каледж паступіў па парадзе сяброў, якія хвалілі ўстанову.

— Мне заўсёды падабалася гатаваць. З самага дзяцінства нешта спрабаваў, эксперыментаваў. У 16 вырашыў, што хачу звязаць сваё жыццё з кулінарыяй. Бацькі падтрымалі, яны згодныя, што трэба займацца тым, што падабаецца. Навучанне буду ўспамінаць з цеплынёй. Вядома, не ўсё лёгка давалася, але па выніку пераадолеў усе складанасці. Буду працаваць у сярэдняй школе № 18 у нашым абласным цэнтры кухарам.

Ангеліне Юшкевіч з Гродна паступіць у Бераставіцкі каледж прапанавалі родныя. Дзяўчына пагадзілася, паспяхова адвучылася і будзе працаваць кандытарам на ААТ «Гроднахлебпрам».

— Вучыцца мне спадабалася, добрыя выкладчыкі, класныя аднакурснікі. Сумна не было! У выбары прафесіі ўпэўнена, бо з малых гадоў хацела стаць кандытарам, старалася парадаваць бацькоў сваімі вырабамі. Шчаслівая, што ў хуткім часе займуся справай, аб якой марыла.

Вялікі плюс прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — ранні выхад на рынак працы. За два-тры гады чалавек атрымлівае прафесію і становіцца фінансава незалежным ужо ў 17-18 гадоў (калі паступае пасля 9 класа). На прадпрыемствах маладыя кадры курыруюць спецыяльныя службы, якія працуюць з моладдзю, арганізуюць яе адаптацыю ў працоўным калектыве, завабліваюць у грамадскае жыццё і прапануюць розныя кар’ерныя шляхі, у тым ліку з завочным навучаннем у ВНУ.

«Мяркую, спецыялісты, якія пачыналі з рабочых, — гэта „залаты фонд“, — кажа прадстаўнік Мінадукацыі Аляксандра Пятрова. — Многія сённяшнія дырэктары прадпрыемстваў і кіраўнікі органаў дзяржкіравання прайшлі праз сістэму ПТА або ССА, а потым ужо скончылі ўстановы вышэйшай адукацыі».

Развівацца і не спыняцца

Сваю гісторыю каледж вядзе з 1954 года. І назва, і адрас тады былі іншымі. У вёсцы Муравана ў Бераставіцкім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі № 37 рыхтавалі трактарыстаў трэцяга класа і механікаў-камбайнераў. У раённы цэнтр навучальная ўстанова пераехала ў 1975 годзе. Адбылася не адна рэарганізацыя, перш чым у 2022-м яна стала Бераставіцкім дзяржаўным каледжам.

Акрамя кухараў і кандытараў, тут выпускаюць электрагазазваршчыкаў, слесараў, вадзіцеляў, трактарыстаў-машыністаў. Наступным годам адбудзецца першы выпуск электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Аднавілі падрыхтоўку камбайнераў. Для асваення прафесій у распараджэнні навучэнцаў 18 кабінетаў, пяць майстэрняў, сем лабараторый, два аўтадромы, вучэбная гаспадарка.

Бераставіцкі дзяржаўны каледж неаднаразова перамагаў у міжнародных і нацыянальных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства. Летась заняў тры прызавыя месцы на міжнародных, восем — на нацыянальных і 15 — на рэгіянальных конкурсах; тры гады запар займаў першае месца ў рэгіянальным конкурсе на найлепшую арганізацыю дзейнасці прафесійна-тэхнічных устаноў рэгіёна. А галоўны прынцып работы яго педагагічнага калектыву — развівацца і не спыняцца, рэзюмуе яго кіраўнік.

г. п. Вялікая Бераставіца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю