Top.Mail.Ru
179

Выставу пра яўрэйскіх аўтараў Беларусі прадставілі ў музеі-запаведніку «Заслаўе»

Выставу «Вяртанне ў Заслэў. Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых», прымеркаваную да Міжнароднага Дня памяці ахвяр Халакоста, прадставілі ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе». Пра гэта расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ксенія Сямашка, перадае БелТА.


«Першая частка выставы „Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых“ прэзентуе гісторыю беларуска-савецкіх яўрэйскіх пісьменнікаў 1920—1930-х гадоў. У экспазіцыі прадстаўлены 22 планшэты, дзе размешчаны біяграфіі галоўных герояў, якія пісалі пра жыццё яўрэяў вялікіх гарадоў і маленькіх мястэчак», — сказала Ксенія Сямашка.


Паводле яе слоў, экспазіцыя дапоўнена інсталяцыямі «Віленскі стол», «Зелмяняне» і «Сінагога». Аповед аб дружбе і жыцці яўрэяў і беларусаў таксама дапаўняецца кнігамі, якія прадаставілі Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын і Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі пры саюзе. Сярод іх — арыгінальныя выданні з аўтографамі аўтараў.

Другая частка праекта — мастацкая інсталяцыя майстэрні «Басталія». На ёй важныя для яўрэйскага народа тэмы перададзены праз вобразы, карту ідышскай Вільні, сімволіку і работы, прысвечаныя Мойшу Кульбаку і іншым яўрэйскім пісьменнікам Беларусі.

«Таксама на выставе кожны наведвальнік можа паспрабаваць сябе ў ролі чытальніка і дэкламатара. Для гэтага трэба прачытаць верш героя нашай выставы і апублікаваць гэта ў сваіх сацыяльных сетках. Так вы зможаце далучыцца да нашай акцыі», — дадала Ксенія Сямашка.


Экспазіцыя працягне работу да 8 лютага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю