Наведвальнікі могуць даведацца пра паходжанне волата, цікавыя факты аб яго жыцці, гісторыю аднаўлення віду. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы са збору музея. У прыватнасці, на агляд выстаўлены архіўныя фатаграфіі і дакументы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстры адлюстравалі фігуры зубра ў драўлянай скульптуры, кераміцы, шкле, саломцы, майстэрскай вышыўцы.
«Атрымаўся летапіс зубра. Паступова расказваецца пра гісторыю гэтага віду, пра тое, як ён знік і як яго аднаўлялі. На выставе можна ўбачыць некалькі акамянеласцей: чэрап стэпавага бізона, рогі продка сучаснага зубра. Ёсць і іншыя рэдкія экспанаты — арыгінал кнігі Г.П. Карцова „Белавежская пушча“, ашыйнік радыёсачэння за зубром. На самай справе вельмі разнапланавая выстава, насычаная», — расказалі ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Усяго ў экспазіцыі каля 100 экспанатаў.
Зубры з’яўляюцца сімвалам Беларусі, без іх немагчыма ўявіць запаведныя лясы Белавежскай пушчы. Яе папуляцыю гэтых велічных жывёл знішчылі да 1919 года. Дзякуючы намаганням вучоных зубр быў вернуты ў прыроду. У 1946 годзе ў беларускую частку пушчы завезлі пяць жывёл для аднаўлення віду. Цяпер статкі зуброў жывуць на ўсёй тэрыторыі нацыянальнага парку. «Знамянальная дата. Гэта адзін з самых старажытных відаў. І чалавек яго, можна сказаць, практычна знішчыў, але і затым аднавіў папуляцыю. Вялікая работа вучоных была праведзена», — рэзюмавалі ў музеі.