Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка» ўрачыста адкрылася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, перадае БелТА.
На пачатковых этапах конкурсу было пададзена каля 10 тыс. заявак. Праз чатыры этапы адбору прайшло каля 500 работ. 100 найлепшых з іх размесцяць у Палацы Рэспублікі на навагоднім свяце для дзяцей у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Усе ахвотныя маглі далучыцца і паўдзельнічаць у адной з дзесяці намінацый. Тэматыка выставы — «Зімовыя святы», «Зімовыя забавы», «Зімовыя казкі», а ўзрост аўтараў — ад 8 да 16 гадоў.
- «Усе мы, дарослыя, родам з такога цудоўнага часу, як дзяцінства. Часу, у якім мы можам тварыць, марыць, верыць у цуд. Кожная работа выйшла годнай, а ў журы доўгі час былі гарачыя спрэчкі аб тым, каму аддаць прызавыя месцы. Праз выставу «Калядная зорка» хлопчыкі і дзяўчаткі змаглі паказаць свае эмоцыі і ўсё тое, чаму яны навучыліся ў сваіх педагогаў. Усе дзеці атрымаюць дыпломы ўдзельніка ці пераможцы», — падзяліўся начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка адзначыла, што чарговы старт акцыі сведчыць аб тым, што малодшаму пакаленню ў Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага. «У нашых дзяцей шчаслівае дзяцінства, ёсць мноства магчымасцяў для атрымання адукацыі, медыцынскіх паслуг, вольнага часу і развіцця талентаў. Пра гэта кажа і наша выстава: дзеці ўвасабляюць свае ідэі і мары, ствараюць выдатныя цацкі», — лічыць кіраўнік.
У экспазіцыю ўвайшлі і аўтарскія лялькі, мяккія цацкі, сюжэтныя кампазіцыі на навагоднюю, калядную тэматыку, ёлачныя цацкі, навагоднія касцюмы, сувеніры і падарункі да Новага года.
Выстава будзе працаваць па 31 студзеня 2026 года.