У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстава драўляных вырабаў «Ад каранёў да сучаснасці», перадае БелТА.
Наведвальнікі выставы змогуць убачыць работы членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Па словах арганізатараў, аўтары імкнуліся знайсці арыгінальныя пластычныя рашэнні, выкарыстоўваць апошнія мастацкія дасягненні, стварыць новыя рэчы з дапамогай матываў, раней не вядомых у народным мастацтве.
У багатай лясамі Беларусі мастацкая апрацоўка дрэва здаўна займала галоўнае месца сярод іншых відаў рамёстваў. З гэтага даступнага, універсальнага, трывалага, лёгкага ў апрацоўцы матэрыялу стваралі жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы, майстравалі мэблю і транспартныя сродкі, прылады працы і посуд. Дрэва секлі, пілавалі, габлявалі, свідравалі, тачылі, абпальвалі, фарбавалі, паліравалі, вырабы з яго ўпрыгожвалі разьбой, роспісам, выпальваннем.
Старшыня Мінскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ларыса Насановіч адзначыла, што выстава заклікана знайсці, прэзентаваць і аб’яднаць сталічных майстроў мастацкай апрацоўкі дрэва. «Мы вельмі хочам, каб майстры сталіцы развіваліся не горш, чым у рэгіянальных дамах рамёстваў. Там яны бліжэй да зямлі і народных традыцый, але і аўтары з Мінска паказваюць сябе на годным узроўні. Калі збіралі работы, убачылі, наколькі разнастайныя думкі і творчасць майстроў. Складана было скласці экспазіцыю, бо работы вельмі розныя па стылістыцы, выкананни. А сам Беларускі саюз майстроў народнай творчасці дапамог захаваць вытокі, гэта можна ўбачыць асабліва па работах старэйшага пакалення», — падзялілася спікер.
Праект арганізаваны сумесна з «Мінскканцэртам». Намеснік дырэктара ўстановы Іван Ткачук лічыць людзей творчасці і мастацтва «касмічнымі». «Бачыць, як вы — дадзена нямногім. Дзякуй за магчымасць паглядзець на свет вашымі вачыма, адчуць сябе датычным да прыгожага! Спецыялісты „Мінскканцэрта“ пры сваёй вялікай загружанасці знаходзяць час на арганізацыю такіх мерапрыемстваў, што вельмі адказна. Думаю, што людзі, якія наведаюць экспазіцыю, атрымаюць сапраўднае задавальненне», — сказаў ён.
Начальнік аддзела па рабоце з калектывамі народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Марына Сенчанка таксама далучылася да адкрыцця. «На выставе можна ўбачыць як нямудрагелістыя, але цёплыя і душэўныя работы, так і наватарскія, унікальныя арт-аб’екты. Майстры, якія працуюць у гэтым кірунку, сваёй працай захоўваюць такі старажытны народны промысел, як дрэваапрацоўку. Спадзяюся, што выстава стане значнай культурнай падзеяй у жыцці Мінска», — падкрэсліла яна.
Убачыць работы можна па 13 жніўня.