Выстава дасягненняў «Мая Беларусь» адкрыецца ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «Белэкспа» напярэдадні пасяджэння УНС. Пра гэта паведаміў журналістам Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын па выніках пасяджэння Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 25 лістапада, дзе ён дакладваў як старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні наступнага пасяджэння УНС, паведаміла БелТА.
«Хачу праанансаваць да гэтай важнай падзеі адкрыццё выставы „Мая Беларусь“ у „БелЭкспа“. Мы цяпер вельмі шчыльна займаемся (падрыхтоўкай. — Заўв. БелТА) — і ўрад, і ўсе зацікаўленыя. Каб паказаць дэлегатам УНС дасягненні нашай суверэннай Беларусі. Паказаць, чым могуць ганарыцца беларусы, што мы ўмеем і якая выдатная ў нас краіна. Гэта будзе такая знакавая падзея», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, плануецца, што экспазіцыя будзе функцыянаваць каля двух месяцаў, у тым ліку падчас школьных зімовых канікул, каб «дзеці, бацькі — усе ахвотныя змаглі наведаць і паглядзець на дасягненні нашай краіны».