Арганізатары форуму меркавалі, што ў гэтым годзе яго межы пашырацца, таму было прынята рашэнне перайсці з больш сціплых памяшканняў на сур’ёзную выставачную пляцоўку. Але і «Рамонак» з цяжкасцю змяшчаў усіх ахвотных наведаць мерапрыемства: колькасць гасцей дадала траціну да чаканых 12 тысяч. Мэтавай аўдыторыяй выступіла моладзь.
— Больш за 70 каледжаў, больш за 40 ВНУ, — канстатаваў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
— Гэта сведчыць аб тым, што сёння заказчыкі кадраў, установы адукацыі і, безумоўна, будучыя нашы абітурыенты, наша моладзь — мы ўсе разам вырашаем адны задачы. Сістэма адукацыі ў нашай краіне — гэта не проста падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў, шмат у чым гэта магчымасць рэалізаваць свой творчы, навуковы, інтэлектуальны патэнцыял і атрымаць пуцёўку ў сваё жыццё.
Сёлета да беларускіх устаноў адукацыі далучыліся ВНУ Расіі і Казахстана.
Юлія АЛЯНЦОВА прадстаўляе Краснаярскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Наша суразмоўніца ўпершыню ў Беларусі. Яна ўражана тым, што ёй і калегам удалося ўбачыць за пару свабодных гадзін да пачатку выстаўкі.
— Выдатны горад, — дзеліцца яна. — Здзівіла вялікая колькасць універсітэтаў. Прыехалі з пэўнай мэтай: у Беларусі выдатны АПК, што немагчыма дасягнуць без высокакваліфікаваных спецыялістаў. Таму наша цікавасць — гэта супрацоўніцтва з беларускімі аграрнымі ўніверсітэтамі. Тут мы знаёмімся з ВНУ, прагаворваем, па якіх кірунках будзем супрацоўнічаць. Спадзяёмся, з Мінска вернемся з пэўным пакетам дакументаў.
Група хлопцаў ажыўлена дзеліцца паміж сабой уражаннямі ад наведвання стэндаў трох беларускіх гігантаў машынабудавання: Мінскага трактарнага і аўтамабільнага заводаў і БелАЗ. Пытаюся, што карыснага для сябе яны вынеслі з гэтага наведвання.
— Мы ўсе — тэхнары, — кажа Арцём, будучы выпускнік адной са сталічных школ, — і з выбарам будучай прафесіі ўжо вызначыліся. Мы вучымся не ў інжынерным, а ў звычайным класе звычайнай школы, таму думаем аб далейшым мэтавым навучанні. Ва ўсіх трох прадпрыемствах вельмі шмат цікавых прапаноў. Я нават не думаў, што для маладых спецыялістаў існуе столькі бонусаў, што там так падтрымліваюць пачаткоўцаў. І хоць ужо і выбіраць трэба, але я губляюся, таму што ўсе тры прадпрыемствы — гэта проста «космас»!
Намеснік начальніка ўпраўлення кадраў, начальнік аддзела кадраў Мінскага трактарнага завода Вольга КАМАРОЎСКАЯ лічыць, што кваліфікаваныя кадры запатрабаваны заўсёды і на любым прадпрыемстве.
— Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з установамі адукацыі з упорам на мэтавае навучанне, — распавядае прадстаўнік прадпрыемства, — нам патрэбны спецыялісты як рабочых, так і інжынерных спецыяльнасцяў. Працуем у асноўным з мінскімі ўстановамі адукацыі, але сёння разглядаем пытанне і па рэгіёнах. Раней былі праблемы з выдзяленнем іншагароднім спецыялістам жылля, сёння мы іх вырашылі. На прадпрыемстве маладых спецыялістаў падтрымліваюць, ёсць маса стымулаў, якія дапамагаюць ім адаптавацца, стаць сваімі ў нашым шматтысячным калектыве.
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец:
— У першую чаргу мы павінны сканцэнтравацца на пытаннях замацавання і эфектыўнага размеркавання маладых спецыялістаў... Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёння каля 12,7 тыс. педагагічных работнікаў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта прыкладна 6 % ад агульнай колькасці. Разам з тым мы бачым, што каля 4,5 тыс. ужо скарысталіся магчымасцю і жывуць у арэндным жыллі. Каля 3 тыс. жывуць у інтэрнатах. Але мы бачым і попыт на арэнднае жыллё — больш чым 3,5 тыс. чалавек. Таму, вядома, падпісанне кіраўніком дзяржавы адпаведнага ўказа аб арэндным жыллі дасць магчымасць сур'ёзным чынам павысіць як забяспечанасць жыллём нашых педагогаў, так і іх замацаванне ва ўстановах адукацыі.
Намеснік дырэктара па кадрах ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Алег СОБАЛЬ лічыць, што такі кірунак, як мэтавае навучанне, вельмі перспектыўны.
— У мінулым годзе мы заключылі з ВНУ больш за 100 дагавораў на мэтавае навучанне, — распавядае суразмоўца. — З каледжамі колькасць дагавораў пераваліла за 200. Гэта значыць, працуем на перспектыву. Ведаем, што прадпрыемствы сёння адчуваюць дэфіцыт кадраў і гэта добрая магчымасць зацікавіць маладых людзей у будучыні працаваць на Мінскім аўтамабільным заводзе.
Як немагчыма ахапіць неабсяжнае, так і немагчыма ўкласці ў невялікі газетны артыкул усе мерапрыемствы, сустрэчы і дамоўленасці, якія былі дасягнуты на выстаўцы. Пастараліся ўсе: і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Другі дзень форуму прайшоў пад знакам «Прафесія інжынер. Ад мары да рэальнасці». Дзеці даведаліся не толькі пра тое, што ў профільных класах інжынернай накіраванасці вучыцца цікава, карысна, але і пра тое, што перспектывы перад імі адкрываюцца самыя прывабныя. Тры дні выстаўкі прайшлі ў рэжыме нон-стоп. Школьнікі асабіста размаўлялі з прадстаўнікамі каледжаў, вядучых ВНУ, з першых вуснаў атрымлівалі адказы на пытанні аб ЦЭ і ЦТ, патрабаваннях паступлення, кошце навучання, аб стыпендыях і аб многім іншым, што, магчыма, стане адпраўным пунктам у іх канчатковым жыццёвым выбары.
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец:
— Сёлета на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мы адкрыем новую спецыяльнасць «Інтэлектуальная электроніка». Яна накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў для мікра-і нанаэлектронікі. Удзяляем асаблівую ўвагу харчовай бяспецы — менавіта такая спецыяльнасць будзе адкрыта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве. Пытанні выхавання падрастаючага пакалення таксама знаходзяцца ў полі зроку, таму новая спецыяльнасць — «Фізічнае і ваенна-патрыятычнае выхаванне» — на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама будзе даступная для нашых дзяцей.
Падводзячы папярэднія вынікі форуму, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ адзначыў: «Выстаўка традыцыйна выклікае вельмі вялікую цікавасць у абітурыентаў, бацькоў, устаноў адукацыі і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. Агульная колькасць удзельнікаў цяперашней — больш за 180, гэта напалову больш, чым летась». Тэндэнцыя да росту колькасці ўдзельнікаў і наведвальнікаў форуму ёсць ужо сёння, таму першы намеснік міністра адукацыі выказаў наступную прапанову: «Мы ўжо думаем аб новым месцы правядзення выстаўкі ў наступным годзе. Прыкладзём усе намаганні, каб наступны раз правесці яе ў выдатным Мінскім міжнародным выставачным цэнтры».
Фота Віктара ДРАЧОВА