Экспазіцыя прысвечана 80-годдзю Перамогі. Яе мэта — расказаць пра гераічнае супраціўленне і подзвіг беларускага народа. Да падрыхтоўкі гэтага маштабнага праекта далучыліся Нацыянальны архіў Беларусі, кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі саюз мастакоў і 13 музеяў краіны.
Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Людміла Высоцкая, экспазіцыя — даніна памяці тым, хто адстаяў мір. Яна знаёміць не толькі з найважнейшымі бітвамі, але і з побытам удзельнікаў вайны. Можна даведацца, як яны адзяваліся, якімі прадметамі карысталіся і нават як займаліся творчасцю.
Сярод музеяў, якія прадставілі для выставачнага праекта «За мірнае неба!» артэфакты са сваіх фондаў, — мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Святлана Драневіч расказала пра адзін ліст, які прыйшоў у музей ужо ў 2020 годзе ад Пятра Кацельнікава — былога выхаванца музыканцкага ўзвода. Калі пачалася вайна, яму было дванаццаць гадоў. «Нас называлі пакаленнем пераможцаў, але мы былі звычайнымі людзьмі. Не для крывавых бітваў, сусветнай славы расцілі нас маці, а для звычайнага годнага жыцця. Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Гэта не мы выбралі час. Гэта час выбраў нас», — напісаў мужчына. Менавіта такім героям і прысвечана выстаўка. Яна дае магчымасць даведацца пра тое, які ўнёсак у Перамогу зрабілі ўраджэнцы розных абласцей і як памяць пра іх захоўваецца ў рэгіёнах.
У экспазіцыі змешчаны дакументы, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў вайны, фатаграфіі, рукапісныя часопісы, лісты, артыкулы і нарысы ваеннага і пасляваеннага перыяду.
Праз прызму літаратурных і дакументальных твораў паказаны значныя бітвы — Сталінградская, Курская, Бітва за Маскву, аперацыя «Баграціён». Гераізм і трагедыя беларускага народа адлюстраваны і ў работах мастакоў. Кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла рэканструкцыю ваеннай формы 1941–1944 гадоў, рэквізіт, які выкарыстоўваўся пры здымках ваенных фільмаў.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Беларусь Святаслаў Кулінок, расказаў, што ў архіве сёння захоўваецца асноўны комплекс дакументаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, падпольным і партызанскім рухам, акупацыйным перыядам і палітыкай генацыду. Сёння, калі ў свеце вядуцца войны з памяццю, вельмі важна зрабіць усё магчымае, каб гістарычную праўду перадаць наступнаму пакаленню. Для новага выставачнага праекта ў архіве былі адабраны адны з самых знакавых дакументаў, якія дазваляюць паглыбіцца ў гісторыю; убачыць, як у першыя месяцы вайны партыйнае кіраўніцтва абмяркоўвала напад на Савецкі Саюз, пытанні эвакуацыі. Прадстаўлены дакументы, звязаныя з партызанскім рухам, са знішчэннем гаўляйтара Вільгельма Кубэ, з трагедыяй беларускага народа.