Top.Mail.Ru

Выстаўка творчасці дзяцей з аўтызмам праходзіць у Савеце Рэспублікі

Наталля Качанава азнаёмілася з творчымі работамі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра ўстаноў адукацыі і культуры Бярозаўскага раёна. Унікальная выстаўка экспануецца ў фае Савета Рэспублікі.


Яна дае магчымасць паглыбіцца ў сямейную і сялянскую тэматыку, атрымаць асалоду ад прыгажосці беларускай прыроды, дакрануцца да тэмы Вялікай Перамогі. Тут і карціны з тканіны, і вышываныя палотны, і вязаныя цацкі, і тканыя паясы, і работы, валеныя з воўны, са шкла... Адметны, непаўторны погляд дзяцей на свет, якія па-асабліваму яго адчуваюць, нікога не пакідае раўнадушным.

Старшыня Савета Рэспублікі падрабязна азнаёмілася з экспанатамі, прадстаўленымі на выстаўцы, цікавілася лёсам таленавітых аўтараў. «У гэтых хлопцаў і дзяўчат унікальныя здольнасці, — звярнула ўвагу спікер. — Я заўсёды за тое, каб яны маглі рэалізаваць іх. Патрэбна зрабіць так, каб яны маглі і вучыцца, і працаваць».

Наталля Качанава адзначыла, што ў цэнтрах карэкцыйнага развіцця працуюць унікальныя людзі. «У такіх цэнтрах не могуць працаваць людзі, якія не любяць дзяцей, — лічыць спікер. — Там можа працаваць не кожны. Не кожны педагог і выхавальнік».

Старшыня Савета Рэспублікі праз сенатара Таццяну Ігнацюк, якая арганізавала выстаўку, выказала ўдзячнасць калектыву педагогаў і выхавацеляў, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі. «Гэта вельмі цяжкая, але ўдзячная праца», — заўважыла Наталля Качанава.

Ад імя Старшыні Савета Рэспублікі дзецям, аўтарам экспанатаў выстаўкі, перададзены падарункі: прысмакі і наборы для творчасці. Да падрыхтоўкі падарункаў далучылася першасная прафсаюзная арганізацыя Савета Рэспублікі і першасная арганізацыя Беларускага саюза жанчын Савета Рэспублікі.

Як адзначыла ў размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Ігнацюк, на выстаўцы прадстаўлены работы хлопцаў і дзяўчат, якія вядуць нас за сабой у свет асаблівага дзяцінства. «Парог талерантнасці нашага беларускага народа пройдзены вельмі даўно і паспяхова, — удакладніла яна. — Мы ніколі не дзялілі нікога па нейкім прынцыпе, тым больш нашых дзяцей. Мы ўсе разумеем, што гэта нашы дзеці — самыя любімыя і родныя. Нашых хлопцаў і дзяўчат захапіць мастацтвам вельмі лёгка, бо хтосьці з іх не гаворыць, не піша, не чытае. Але выказвае свой унутраны свет менавіта з дапамогай мастацтва: стварае і паказвае гэтаму свету адкрытасць самога сябе».  

Сенатар заўважае, што дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра па-іншаму бачаць гэты свет. «Але запэўніваю (ведаю гэтых дзяцей шмат гадоў): гэты свет напоўнены найярчэйшымі фарбамі, якія для нас здаюцца часам не вельмі яркімі, — канкрэтызавала Таццяна Ігнацюк. — Гэты свет напоўнены вельмі прыгожымі гукамі, душой і шчырай любоўю да нас усіх. Нашы дзеці чытаюць нас, дарослых, як кнігу, а мы вучымся ў іх гэтаму цудоўнаму свету».

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю