У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка «Каўказу... Аляксандр Рубец. Жывапіс». Мінскай публіцы і гасцям сталіцы прадставілі творы майстра, які нарадзіўся ў Беларусі, аднак поспехаў дасягае ў Расіі — жыве і працуе ў Пяцігорску (Стаўрапольскі край). Падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі дырэктар Навукова-даследчага інстытута тэорыі і гісторыі мастацтваў Расійскай акадэміі мастацтваў Сяргей Ступін у прывітанні ад імя акадэміі падкрэсліў, што правядзенне гэтай выстаўкі — падзея, якая злучае ў мастацтве Беларусь і Стаўраполле, а яны надзвычай важныя ў жыцці і творчасці жывапісца і графіка. Так, яго палотны рэгулярна выстаўляюцца ў музеях нашай краіны, а некалькі гадоў таму жывапісец перадаў у дар дзве свае карціны Мастацкаму.
Аляксандр Рубец нарадзіўся 24 лістапада 1953 года ў Гродне. Пасля пераезду сям’і будучага мастака ў Слуцк займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Доме піянераў і школьнікаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Садзіна. У 1968-м скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (сёння мінская гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), затым адукацыю атрымліваў у Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя В. А. Сярова (сучаснае Санкт-Пецярбургскае мастацкае вучылішча імя М. К. Рэрыха), выпускнік 1972 года.
Член Саюза мастакоў Расіі (1994), Саюза дызайнераў Расіі (1998), Творчага саюза мастакоў Расіі (2005) — кіраўнік Стаўрапольскага рэгіянальнага аддзялення. Ганаровы член (2013), членкарэспандэнт Расійскай акадэміі мастацтваў (аддзяленне жывапісу; 2022).
У 1979–1982 гадах Аляксандр Рубец — майстар вытворчага навучання па профілі «Народныя промыслы» ў міжшкольным вучэбнавытворчым камбінаце Пяцігорска. Пазней да 1990 года быў мастаком-афарміцелем у Пяцігорскім аддзяленні мастацкага фонду РСФСР. Затым працаваў дырэктарам Пяцігорскага аддзялення мастацкага фонду Расіі, ТАА «Арт-парк», займаў пасаду выканаўчага дырэктара Каўмінводскага аддзялення саюза дызайнераў...
Удзельнік расійскіх і міжнародных мастацкіх выставак. У ліку ўзнагарод аўтара — сярэбраны медаль Саюза мастакоў (2006), залаты медаль Творчага саюза мастакоў (2008), медаль «Леанарда» Саюза дызайнераў (200), Залаты медаль Акадэміі мастацтваў (2014).
Сярод жанраў, у якіх працуе Аляксандр Міхайлавіч, — пейзаж, нацюрморт, партрэт (у экспазіцыі — першыя два). Дэманструюцца работы апошняга дзесяцігоддзя, у іх мастак імкнецца перадаць багацце і хараство прыроды і разнастайнасць жыцця на Каўказе. Акцэнт ён робіць на адлюстраванні гор, шмат увагі ўдзяляе архітэктуры некаторых мясцін, засяроджваецца на матывах прыгажосці і вечнасці...
Адметнасць карцін на выстаўцы — пастознасць: фарбы жывапісец наносіць даволі густымі мазкамі. І з гэтай густаты і цягучасці прасторы палатна — з агульнага настрою работ, іх колеравага напаўнення, выяўленага ў тым ліку ў мнагаслаёвасці, кампазіцыйных рашэнняў многіх твораў вынікае: аўтар, што да ключавых плыняў у мастацтве, аддае паравагу постімпрэсіянізму. Да таго ж ніводнага дакладнага вобраза, не знайсці і выразных дэталяў — аднак ва ўсім адчуваецца ўражанне аўтара ад убачанага і абыякавасць да няпэўнай рэчаіснасці. У творчасці аўтара няма месца трагізму, змрочнасці і суму; апяваецца прыгажосць звычайнага дня — бясцэннага дара.
Аснову экспазіцыі склалі, дарэчы, толькі творы з калекцыі аўтара. Падчас адкрыцця выстаўкі Аляксандр Рубец падарыў Нацыянальнаму мастацкаму музею яшчэ чатыры свае работы: «Нацюрморт з гранатамі» (2018), «Нацюрморт з грушамі» (2021), «Горы. Кумганы. Гранаты. Дагестан» (2024), «Бештаўгорскія вяршыні» (2020). Пазнаёміцца з творчасцю аўтара можна да 13 красавіка. Куратары выстаўкі — Ганна Кузняцова, старшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва, і Галіна Цыдзік, малодшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела.
Фота аўта