Свет беларускіх паданняў, таямнічых гісторый і містычных падзей — тое, што захапляе і прыцягвае, бо, у якім бы стагоддзі ты ні жыў, мінулае нагадвае пра сябе праз нейкія вобразы, дэталі, рэчы, якія мы часам знаходзім у старым куфры, што захоўваецца недзе ў вясковай хаце і памятае продкаў, якія маглі б распавесці і патлумачыць шмат. І калі такі куфар, запоўнены рукатворнымі цудамі, прыязджае ў тэатр, то дзеля адказнай місіі.
Даўняе пра твор
Адзін з паказаў оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пачынаўся са знаёмства з рэчамі, якія захоўваюцца ў Музеі старабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выстаўка ў тэатры пад назвай «Скарбы з вясковых куфраў» дапамагла гледачам узнавіць (ці больш маладым людзям — набыць) адчуванне адметнасці беларускіх традыцый. Праз асобныя рэчы — ручнікі, паясы, прадметы посуду ці музычныя інструменты — можна было даведацца пра тое, якім чынам і калі нашы продкі выкарыстоўвалі тую ці іншую рэч. А некаторыя вырабы наогул маюць сакральны сэнс. Трэба паслухаць оперу, каб зразумець, якія і чаму...
Справа ў тым, што ў пастаноўцы, якая цяпер ідзе на сцэне тэатра, ёсць прадметы традыцыйнай беларускай культуры. Яны падкрэсліваюць яе адметнасць і дадаюць сцэнічнага каларыту твору, у якім кампазітар Уладзімір Солтан выкарыстаў у тым ліку фальклорныя матывы. Будучы вучнем Анатоля Багатырова (для яго крыніцай натхнення была ў тым ліку багатая народная культура), аўтар оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» разумеў: музыка павінна адпавядаць літаратурнаму твору, што ўзяты за аснову. І як аповесць Уладзіміра Караткевіча стала ў свой час бестселерам і ўзрушыла не толькі сюжэтнай інтрыгай, але і сэнсавай (правакуючы цікавасць да айчыннай гісторыі), так і опера павінна была стаць прыкладам высокай музычнай культуры. Цяпер яна — адна з дзвюх нацыянальных опер, што ідуць у Вялікім. А каб цікавасць да нацыянальных твораў не згасала, тэатр кожны раз імкнецца падкрэсліць іх адметнасць адмысловымі імпрэзамі: гэта цудоўны пралог, які дазваляе настроіцца на праслухоўванне оперы, што і сама ўжо стала легендарнай, бо жыве трэці дзясятак гадоў.
Доўгае жыццё опернай пастаноўкі на сцэне — з’ява зразумелая, бо ёсць творы-шэдэўры, публіка іх упадабала і хоча бачыць у афішы. Калі пастаноўка паспяховая (вельмі адметная, створана вялікімі асобамі) і людзі на яе ходзяць, то спектакль у тэатры могуць захоўваць доўга, нават не абнаўляючы. Прынамсі, так было з операй Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Яна з’явілася ў афішы Вялікага тэатра Беларусі яшчэ ў 1989 годзе і захоўвалася ў рэпертуары не ў апошнюю чаргу таму, што калектыў стваральнікаў складаўся са славутых людзей. Той спектакль быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Але для тэатра было істотна і тое, што гэта нацыянальная опера: Святлана Клімковіч, якая добра ведала Уладзіміра Караткевіча, стварыла лібрэта (пасля смерці пісьменніка) на беларускай мове.
Але пасля рамонту тэатр атрымаў новыя тэхнічныя магчымасці. І другая версія «Дзікага палявання караля Стаха» паўстала на опернай сцэне абсалютна іншай: тут пра містыку не толькі спяваюць — яе ствараюць і выяўляюць пастановачнымі ды мастацкімі сродкамі, якія максімальна выкарысталі стваральнікі на чале з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Ганнай Маторнай. Твор набыў новае жыццё і новыя ўзнагароды: у 2023 годзе спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як найлепшы ў оперы. Яго з поспехам паказвалі ў Расійскай Федэрацыі — як узор беларускага мастацтва і твор, што падкрэслівае адметнасць нашай краіны. Чым жа? Мы самі далёка не ўсе і не ўсё пра яго зразумелі.
Даўняе пра Беларусь
...Ляціць паляванне над зямлёй, быццам бы чорная хмара шырыцца і паглынае свет прыгожай паненкі. Яна мітусіцца і не можа знайсці спакою, пакуль чуе гэты жудасны грукат з-пад капытоў коней. Але адкуль яны? Няўжо і сапраўды прывід забітага Стаха і яго палявання паўстаў з балота?.. Такі драматургічны пачатак, які накладваецца на напружанае гучанне музыкі.
Усе магчымыя спецэфекты задзейнічаны і адразу ж агаломшваюць гледача. А гэта і вобраз таямнічага вершніка, што лунае ў паветры і пагражае расплатай жыхарам мясцін, адметнасць якіх імкнуўся падкрэсліць мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў. І візуальны рад, які ствараюць праз праекцыі (мастак Нэла Огрэніч), і святло адыгрываюць сваю містычную ролю (мастак Яўген Лісіцын), калі ў розных сцэнах робіцца акцэнт на пэўных рэчах ці героях. А што казаць пра тое, як абазначаны шыкоўны палац Надзеі Яноўскай: прастора трансфармуецца ў розныя пакоі, залы, галерэі, бібліятэку ці закуточкі, у якіх адбываюцца розныя па маштабе сцэны. Усё па-багатаму. З шыкам. Паглядзіце на касцюмы, над якімі працавала мастачка Таццяна Лісавенка. Ну а што, калі адматаць некалькі стагоддзяў беларускай гісторыі, то мы недзе так і ўяўляем шляхетнае жыццё таго часу. Багацце Яноўскіх павінна быць абазначана, інакш чалавеку, які не чытаў аповесць, будзе незразумела, з-за чаго закруцілася інтрыга, якую імкнецца развязаць госць сядзібы, фалькларыст Беларэцкі. А ён паглыбляецца ў атмасферу мясцовасці, што поўніцца рознымі візуальнымі і гукавымі сімваламі.
Мы кажам, што опера адноўлена. Так, але цяпер у ёй гучаць некаторыя музычныя кавалкі, якія ў першай пастаноўцы былі скасаваны. Так, музыка Солтана вельмі яркая, асабліва знакаміты вальс, у якім кружацца госці сядзібы, каб прывітаць не толькі гаспадыню (у гэтым паказе яе пераканаўча ўвасобіла Марта Данусевіч), але і яе апекуна Дубатоўка (Сяргей Франкоўскі). Напэўна, Беларэцкі (Уладзімір Громаў) ужо тады адчуў: нібыта нейкая шахматная партыя разыгрываецца вакол Надзеі Яноўскай, якую заганяюць у кут жахі і вусцішныя прывіды. Ці ёсць ад іх паратунак?
Нешта зусім іншае — светлае і радаснае — напаўняе дзяўчыну, якую нібыта сілкуюць сілы роднай зямлі. Ці не гэта тая праўда, дзе трэба шукаць абарону?
У простых людзях, якія ведаюць, што і як абараняе ад сурокаў, жахаў і наогул зла. Вось яно, тое, што нам спрабавалі патлумачыць перад спектаклем навуковыя супрацоўнікі на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства Барысам Лазукам, загадчыкам аддзела старабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і галоўным захавальнікам музейных фондаў Вольгай Кір’янавай. Беларускі ручнік — сакральны сімвал чысціні і боскай абароны. Такі ж важны сімвал, як і слуцкія паясы, вобраз якіх абыграны ў спектаклі. Толькі ручнікі — рэальныя, як рэальны народ, што карыстаецца імі — у залежнасці ад патрэбы (бо іх выраблялі вельмі рознымі).
Гэтая частка оперы — калі стваральнікі «ідуць у народ» — увасоблена блізка да рэальнасці. Зімовыя прасторы, Каляды і калядоўшчыкі, якія ходзяць за вялікай зоркай. На сцэне рэальны — жывы! — конь як сімвал сапраўднасці і шчырасці народнага жыцця, з якога потым прыйдзе вызваленне галоўнай гераіні і яе госця. Сімвалаў наогул у спектаклі шмат — настолькі, што аднаго прагляду, можа, і мала, каб звярнуць увагу на ўсе магчымыя раскіданыя па ходзе дэталі. Але ёсць яшчэ адзін сімвалічны вобраз — народа. Яго стварае хор тэатра праз беларускія народныя песні, якія натуральна ўведзены ў канву оперы (хормайстар Ніна Ламановіч). Вобраз народа адчуваецца і праз гукі адметных музычных інструментаў, распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі. Хтосьці будзе гадаць: што гэта?.. Гук, падобны на той, што нараджае «не наша» валынка. Але ў нас ёсць падобны інструмент, толькі ўласны — гэта дуда, якая мела вялікае значэнне ў беларускай культуры. Таксама як і акарына, і скрыпіца... Як гучыць наша даўніна?
Нават гэтую таямніцу прыадкрывае опера Уладзіміра Солтана, якую можна слухаць і глядзець шмат разоў, бо ў спектаклі столькі ўсяго, што адразу не звяртаеш увагі. Ён шматлюдны, таму, калі гаворка пра шляхецкі баль, мала людзей быць не можа (Ганна Маторная любіць оперы шматлюдныя і робіць іх такімі). Вялікая і дружына Дубатоўка з Варонам — ваяўнічыя нават знешне людзі са зброяй, здаецца, знішчаць Беларэцкага, які дакопваецца да ісціны... Значэнне слоў, якія гучаць, хочацца разумець глыбей — і гэта беларускае слова, у якое ўслухоўваюцца людзі праз оперу. Выдатна, што яно гучыць з акадэмічнай сцэны.
Пастаноўку можна глядзець безліч разоў, каб асэнсаваць значэнне беларускіх адметнасцей. Кожны раз будзе нейкае адкрыццё, нейкае новае разуменне звыклых рэчаў, якое пры магчымасці пастараюцца падкрэсліць у тэатры: ёсць добрая практыка перад беларускімі операмі — яшчэ і «Сівой легендай» Дзмітрыя Смольскага на лібрэта самога Караткевіча — запрашаць спецыялістаў-навукоўцаў з цудоўнымі куфрамі. Таму кожны такі паказ — гэта больш, чым опера. Хоць і сам факт іх існавання на сцэне — вялікая справа.