У гэтым годзе выстаўка «Мая Беларусь» прымеркавана да VІІ Усебеларускага народнага сходу і дае наведвальнікам магчымасць здзейсніць свайго роду тур па сучаснай Беларусі — індустрыяльнай і высокатэхналагічнай, культурнай і турыстычнай, накіраванай у будучыню — з памяццю пра сваё мінулае.
«Захацелася падарожнічаць»
Год таму першая выстаўка «Мая Беларусь» сабрала больш за 400 тысяч наведвальнікаў.
— Для нас важна было апрацаваць зваротную сувязь. Наведвальнікі актыўна дзяліліся ўражаннямі, выказвалі свае прапановы. Мы пастараліся іх абагульніць і ўлічыць у канцэпцыі новай экспазіцыі, — распавяла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці дзяржаўнага прадпрыемства «БелЭкспа» Вікторыя Агафонава. — Таму лейтматыў выстаўкі сёлета — вобраз сучаснай, камфортнай краіны, скіраванай у будучыню. А сама экспазіцыя стала яшчэ больш інтэрактыўнай.
І гэта ацанілі як удзельнікі, так і наведвальнікі.

— Мне вельмі спадабаўся блок «Турыстычны і культурны патэнцыял», — падзялілася наведвальніца Аляксандра Смагіна. — Убачыць сабраныя на адной выставачнай плошчы культурныя аспекты ўсіх абласцей краіны вельмі цікава. Я з Мінска, з культурай рэгіёнаў практычна не сутыкалася. А кожны куток Беларусі ўнікальны і непаўторны, мае свае культурныя традыцыі і робіць унёсак не толькі ў скарбонку эканамічных дасягненняў, але і ў культурнае аблічча краіны. І мне захацелася павандраваць. Я бывала ў розных гарадах Беларусі, але не з культурнага пункту гледжання — не наведвала замкі і музеі. Цяпер з’явілася жаданне ўбачыць на свае вочы культурную спадчыну нашай краіны.
Турыстычны патэнцыял прадэманстравала кожная з абласцей, прычым асабліва шырока сёлета прадстаўлены прамысловы турызм, а таксама аб’екты прыроднага турызму, адзначаюць у ММВЦ. Туры, дарэчы, можна набыць непасрэдна на выстаўцы. Як і экалагічна чыстую прадукцыю нацыянальных паркаў — ад шчупака да аленіны.

«Зроблена ўсё, каб захапіць і ўразіць»
Сёлета «Мая Беларусь» трансфармавалася: змяніўся дызайн і экспазіцыйныя прасторы. Адпраўная кропка экспазіцыі — велізарная карта Беларусі (яна ж галоўная фотазона), дзе размешчаны ключавыя аб’екты, пабудаваныя і рэканструяваныя за гады суверэнітэту. Адметнасцю выстаўкі стала ўнікальная экалагічная інсталяцыя: тут можна адчуць, пачуць і ўбачыць прыгажосць беларускай зямлі ў розныя поры года. Восем блокаў дэманструюць дасягненні рэспублікі ў розных галінах эканомікі. На кожным са стэндаў — максімум інтэрактыву: майстар-класаў, інсталяцый, VR- і дапоўненай рэальнасці.
— Інтэрактыву сапраўды шмат. Зроблена ўсё, каб захапіць і ўразіць наведвальніка. І гэта правільна: дазваляе ненадакучліва, праз шчырую цікавасць, расказаць людзям, у першую чаргу маладому пакаленню, чаго дасягнула наша краіна за апошнія дзесяцігоддзі. Гэтыя дасягненні сапраўды вартыя таго, каб імі ганарыцца! Так і выхоўваецца патрыятызм, — кажа Данііл, першакурснік БДУ.

Высокія тэхналогіі і штучны інтэлект, найноўшыя распрацоўкі ў галіне медыцыны і фармакалогіі (па шэрагу медыцынскіх кірункаў, адзначылі спецыялісты, што працуюць на стэндзе, Беларусь сёння — лідар сярод краін СНД і не толькі), машынабудавання, касмічнай галіны на выстаўцы суседнічаюць з экспазіцыямі, якія даюць уяўленне аб гістарычным мінулым краіны і захаванні яе ўнікальнай экалогіі.
А яшчэ тут можна пагладзіць не толькі робата-сабаку, але і жывых сабак —ратавальнікаў МНС.
— Удзельнічалі ў першай выстаўцы «Мая Беларусь», прымаем удзел і ў гэтай. Вядома, нашы сабакі выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў, — распавёў інспектар-кінолаг МНС Сяргей Язінскі. — А людзі ахвотна дзеляцца сваім меркаваннем аб экспазіцыі. Напрыклад, жанчына з Расіі сказала, што была на розных выстаўках, але настолькі цікавую і яркую бачыць упершыню.
—Мяне вельмі ўразіў стэнд Нацыянальнай акадэміі навук, і ў прыватнасці, новыя матэрыялы і тэхналогіі — расказала госця Алена Бажанава. — Прыехала я з Гомеля, працую ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм. Уразілі новыя матэрыялы для машынабудавання: тое, што раней куплялася за межамі краіны, мы навучыліся рабіць самі, і робім добра. Гэтыя матэрыялы ўжо выкарыстоўваюцца ў машына — і трактарабудаванні і выдатна сябе зарэкамендавалі па тэрмінах службы, эксплуатацыі, зносаўстойлівасці. А яшчэ спадабаліся новыя прадукты харчавання: годная, якасная, смачная прадукцыя. Я — мама і бабуля, і для мяне пытанні правільнага харчавання вельмі важныя.

Ад космаса да полюсу
Ключавой рысай выстаўкі «Мая Беларусь» сёлета стала асаблівая атмасфера, якая ствараецца ў зоне культурных мерапрыемстваў. Учора тут выступаў аркестр Фінберга, а на працягу работы экспазіцыі кожную пятніцу, суботу і нядзелю будуць праходзіць бясплатныя культурныя мерапрыемствы. За праграмай можна сачыць на сайце і ў тэлеграм-канале выстаўкі.
І яшчэ адна «фішка» гэтага года — унікальныя, эксклюзіўныя экспанаты, якія дэманструюцца шырокай грамадскасці вельмі рэдка: ад скафандра Марыны Васілеўскай, які пабываў у космасе, да навуковых аб’ектаў, прывезеных беларускай экспедыцыяй з Паўночнага полюса.
— Гэта насамрэч вельмі важна — паказваць грамадскасці тое, што схавана ад вачэй у паўсядзённым жыцці, — падкрэсліла Вікторыя Агафонава. — Нам хацелася сабраць самае цікавае, каб натхніць грамадзян нашай краіны і прадэманстраваць гасцям, якая цудоўная наша Беларусь, наколькі яна развітая і сучасная. Мы глядзім у будучыню, не забываючыся на свае карані.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота Лізаветы Голад