Выстава кітайскіх тавараў і паслуг — 2026 адкрылася ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» ў Мінску, перадае БелТА.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел высокапастаўленыя госці, сярод якіх — міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў, першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Труханаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань і іншыя.
Андрэй Кузняцоў адзначыў, што правядзенне гэтага мерапрыемства сведчыць аб высокім узроўні дзелавых адносін, якія склаліся паміж Беларуссю і Кітаем, і дае магчымасць бліжэй азнаёміцца з апошнімі дасягненнямі кітайскіх вытворцаў. «Выстаўка кітайскіх тавараў і паслуг — не толькі пляцоўка для дэманстрацыі вырабленай прадукцыі, але і месца для дыялогу і фарміравання доўгатэрміновых дзелавых сувязей», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў прамысловай сферы ўяўляе сабой гармонію вытворчых кампетэнцый і тэхналагічных інавацый, падмацаваных дружалюбнымі адносінамі, што дае магчымасць дасягаць патрэбных вынікаў.
Яшчэ з часоў БССР беларускі бок аказваў разнастайную падтрымку Кітаю. «Дзясяткі кітайскіх інжынераў і практыкантаў прайшлі навучанне ў цэхах МАЗ і МТЗ. Некаторыя сучасныя карпарацыі КНР выраслі з тэхналагічнай базы, якая была створана пры ўдзеле Беларусі», — адзначыў міністр.
Сёння ўзаемадзеянне дзвюх краін у індустрыяльнай сферы знаходзіцца на новым узроўні. Тавараабарот паміж арганізацыямі Міністэрства прамысловасці і прадпрыемствамі Кітая за апошнія 8 гадоў вырас у 10 разоў.

«Запланаваны пераход да паглыбленай кааперацыі і стварэння перспектыўных сумесных вытворчасцяў як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Кітаі», — дадаў Андрэй Кузняцоў.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Чжан Вэньчуань адзначыў, што кітайска-беларускае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва захоўвае ўстойлівую дадатную дынаміку. «У 2025 годзе аб’ём узаемнага гандлю таварамі паміж дзвюма краінамі дасягнуў $8,86 млрд, што на 5,5% больш, чым у папярэднім годзе. За студзень-ліпень бягучага года тавараабарот вырас на 30,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года», — дадаў ён.
Паводле слоў пасла, індустрыяльны парк «Вялікі камень» дасягнуў значных вынікаў. «У ім зарэгістравана 177 кампаній-рэзідэнтаў, а агульны аб’ём інвестыцый па заключаных пагадненнях складае $1,6 млрд. У 2025 годзе паміж Кітаем і Беларуссю было рэалізавана 60 інвестыцыйных праектаў, з якіх 52 — на тэрыторыі індустрыяльнага парка», — растлумачыў ён.
Таксама Чжан Вэньчуань падкрэсліў, што за гады развіцця выстаўка стала не толькі акном для кітайскіх прадпрыемстваў па дэманстрацыі высакаякаснай прадукцыі і асваенні беларускага рынку, але і важным мостам для ўзаемадзеяння паміж кітайскімі і беларускімі кампаніямі і ўсталявання доўгатэрміновых дзелавых сувязей.

Выстаўка адзначае сваё 5-годдзе і праходзіць у рамках Гадоў прамысловай кааперацыі Кітая і Беларусі. У экспазіцыі, агульная плошча якой дасягае 10 тыс. кв. м, прымаюць удзел больш як 120 кампаній. Праграма насычана мерапрыемствамі, такімі як форумы, дзелавыя сустрэчы і прэзентацыі прадпрыемстваў.