Выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Аб гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама заявіў падчас размовы з журналістамі. Ён падкрэсліў, што нараканняў з боку наглядальнікаў або скарг з боку кандыдатаў у ЦВК не паступала.
За тры дні ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Беларусі прынялі ўдзел 27,15% ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у спісы для галасавання. «Яўка дастаткова высокая, — канстатаваў Ігар Карпенка. — Гэта традыцыйна для прэзідэнцкай выбарчай кампаніі».
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі звярнуў увагу на тое, што дастаткова актыўна ў галасаванні прымае ўдзел моладзь: і студэнцкая, і працоўная. «Цікавы факт: у спісах для галасавання знаходзяцца 297 маладых грамадзян, якім менавіта ў дзень выбараў, 26 студзеня, споўніцца 18 гадоў», —паведаміў Ігар Карпенка.
Кажучы аб міжнародным назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі, старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыў, што лічба міжнародных наглядальнікаў пастаянна мяняецца. На бягучы момант за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі назірае каля 500 чалавек.
«Самая шматлікая місія наглядальнікаў ад СНД, — канкрэтызаваў Ігар Карпенка. — Пачалі прыязджаць кароткатэрміновыя наглядальнікі. Яны будуць працаваць ва ўсіх рэгіёнах. Другая па колькасці місія — ШАС. Вялікая група кіраўнікоў і прадстаўнікоў ЦВК не толькі краін СНД, але і далёкага замежжа: тых краін, з кім мы ўзаемадзейнічаем у рамках Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў. Прыязджае дастаткова прадстаўнічая дэлегацыя Панафрыканскага парламента. Акрамя таго, прадстаўлена Маладзёжная арганізацыя руху недалучэння. Ёсць індывідуальныя эксперты, якія прадстаўляюць практычна ўсе кантыненты (за выключэннем Аўстраліі) і 17 заходнееўрапейскіх краін».
У асноўны дзень галасавання, 26 студзеня, Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый будзе праводзіць апытанне выбаршчыкаў на выхадзе з выбарчых участкаў па методыцы экзітпол. Апытанне будзе праводзіцца на больш як 300 участках для галасавання, у буйных гарадах і ў сельскай мясцовасці, згодна з сацыялагічнай выбаркай. У якасці інтэрв’юераў задзейнічана каля тысячы чалавек. Інтэрв’юеры будуць экіпіраваны адметнай атрыбутыкай: брэндаванымі сінімі камізэлькамі, сумкай і планшэткай з лагатыпам БКМА. У кожнага інтэрв’юера будуць бэйдж і пасведчанне, якое пацвярджае яго асобу.
Да апытання выбаршчыкаў па методыцы экзітпол Цэнтрвыбаркам ставіцца пазітыўна. «Мы ўзгаднілі правядзенне экзітпола, — удакладніў Ігар Карпенка. — Яго будзе праводзіць БКМА (адзіная арганізацыя, якая атрымала дазвол). Гэта не парушае таямніцу волевыяўлення, бо вынікі экзітпола будуць агучаны ўжо пасля правядзення асноўнага дня галасавання. Таму яны ніякім чынам не ўплываюць на меркаванні людзей, якія ідуць галасаваць».
Нагадваем, датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіць 21 па 25 студзеня. У гэты перыяд участковыя камісіі працуюць з 12.00 да 19.00 без перапынку. У асноўны дзень выбараў — 26 студзеня — галасаванне будзе праходзіць з 8.00 да 20.00.