Top.Mail.Ru

Выпускнікі 11 класаў здаюць цэнтралізаваны экзамен

Вітаючы на свяце апошняга званка старшакласнікаў, міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ нагадаў ім, што праз некалькі дзён іх чакае першы этап цэнтралізаванага іспыту — адно з галоўных выпрабаванняў, якое вызначыць іх будучыню.


— Мы чакаем сёлета больш за 49 тысяч першакурснікаў у нашых ВНУ і каля 70 тысяч навучэнцаў у каледжах. Упэўнены, што ва ўсіх усё атрымаецца. Трэба слухаць сваё сэрца і выбіраць душой тую прафесію, якая вам асабліва блізкая. А мы абавязкова будзем побач і дапаможам!

Для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене ў 2026 годзе зарэгістраваліся 59,1 тысячы адзінаццацікласнікаў. Агульная колькасць тэставых рэгістрацый на ЦЭ склала 118,1 тысячы, бо кожны школьнік здае па два прадметы.

Экзамен для школьнікаў пройдзе ў два этапы — 26 і 29 мая. Сёння яны здаюць экзамен па адным прадмеце па выбары, 29 мая — таксама па выбары — па рускай або беларускай мове. Рэзервовыя дні — 20 і 22 чэрвеня, іншыя тэрміны — 17 і 19 жніўня.

Выпускнікоў школ прынялі 144 пункты здачы ЦЭ, на кожным — строгі кантроль, які гарантуе роўнасць і справядлівасць для ўсіх

Для дзевяцікласнікаў экзамены пачнуцца 1 чэрвеня. Як і летась, яны здаюць чатыры абавязковыя экзамены: пераказ па рускай і беларускай мовах, кантрольную работу па матэматыцы і гісторыю Беларусі ў вуснай форме. Экзамены працягнуцца да 10 чэрвеня. Тэксты заданняў для правядзення іспытаў у пісьмовай форме, як і раней, спецыялісты Міністэрства адукацыі давядуць праз сродкі масавай інфармацыі — па тэлебачанні і радыё, а таксама размесцяць іх на сайце ведамства.

Выпускныя вечары для 11 класаў рэкамендавана сёлета правесці 12 чэрвеня. На іх маладым людзям уручаць атэстаты і сертыфікаты ЦЭ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю