На факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 30 чэрвеня выпускнікам урачыста ўручылі дыпломы. На Кальварыйскай, 9 адчувалася надзвычай кранальная і душэўная атмасфера. Карэспандэнт «Звязды» была адной з ужо дыпламаваных спецыялістаў.
Міністр інфармацыі Марат МАРКАЎ, віншуючы моладзь, падкрэсліў: важна, каб у медыяпрасторы было больш людзей, прафесійна накіраваных, якія разумеюць, дзеля чаго яны працуюць. «Мы нарэшце атрымліваем чарговы выпуск, спадзяемся, прафесійных маладых спецыялістаў, праўда, з якімі яшчэ працаваць і працаваць. Так ці інакш многія з іх ужо даўно працуюць або праходзілі практыку. Яны дакладна разумеюць тую прафесію, у якую прыходзяць. Па настроі выпускнікоў відаць, што яны сапраўды рады таму, што сталі спецыялістамі. Яны прыбраныя, прыгожыя, нацэленыя — гэта добрая ацэнка ў тым ліку для факультэта журналістыкі і для ўсёй сферы.
Сёння выпускаюцца дзяўчаты і юнакі, якія паступалі, скажам так, пасля досыць сур’ёзных падзей у жыцці нашай краіны, яны выдатна разумелі, куды яны ідуць і дзеля чаго яны вучацца. Таму разуменне, што прафесія сур’ёзная і ад яе вельмі многае залежыць, у іх, напэўна, ёсць», — сказаў кіраўнік ведамства.
Дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей БЯЛЯЕЎ параўнаў гэту ўрачыстасць з сямейным расставаннем. «У нас на факультэце склаліся вельмі добрыя, сямейныя адносіны, студэнты для нас ужо як дзеці, таму выпускаем у самастойнае плаванне, як бацькі сваіх паўналетніх дзяцей. Мы выдатна разумеем, што гэтым дзецям давядзецца працаваць у вельмі складаных умовах, ва ўмовах інфармацыйнай вайны, развязанай супраць Беларусі. Ім прыйдзецца быць на перадавой інфармацыйнага фронту, мы хацелі, каб яны адчулі гэта падчас навучання. Тыя навыкі і веды, якія ім давалі, былі ў першую чаргу звязаны з магчымасцю працаваць у сучасным тэхналагічным, лічбавым асяроддзі. Мы вучым нашых журналістаў тэхнічным прыёмам: рабоце на розных лічбавых платформах, з відэа, аўдыё, паколькі сёння гэта самыя запатрабаваныя фарматы. Але не забываем пра асновы, таму што самае галоўнае — гэта ўмець рабіць тэксты, напаўняць іх глыбокім зместам і сэнсам. Для гэтага студэнты вывучаюць розныя прадметы, якія не толькі даюць тэхнічныя навыкі, але і паглыбляюць іх у асаблівасці палітычнага і эканамічнага асяроддзя нашай дзяржавы і свету ў цэлым», — адзначыў дэкан.
«Пабудаваныя на факультэце навучальны, выхаваўчы і ідэалагічны працэсы дадуць свой плён. І сёння ў шэрагі беларускіх журналістаў увальецца маладая і вельмі бадзёрая, бойкая змена, якая можа даць фору і нашым мэтрам», — упэўнены Аляксей Бяляеў.
Журфак выпусціў сёлета прыблізна 130 чалавек, каля 80 з іх размеркаваліся. «Асноўнае мноства пайшло ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта і ўсе нашы найбуйнейшыя тэлехолдынгі, і найбуйнейшыя друкаваныя СМІ.
У нас стаіць задача — каб сёння мы аказвалі дапамогу менавіта дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі пры пастаўцы маладых кадраў. Гэта задача будзе выконвацца. Мы кіруемся ўказаннямі Прэзідэнта Беларусі, які хоча бачыць нашу баявую маладую журналістыку, што будзе абараняць інфармацыйны фронт краіны», — падкрэсліў дэкан.
Фота «Минск новости»