У Савеце Рэспублікі пад старшынствам кіраўнікоў абедзвюх палат парламента Наталлі Качанавай і Ігара Сергяенкі прайшло чарговае пасяджэнне рабочай групы па садзейнічанні сацыяльна-эканамічнаму развіццю Віцебскай вобласці.
Праз тры месяцы пасля нарады, падчас якой Прэзідэнт запатрабаваў навесці парадак у рэгіёне, выніковы дакумент з сістэмнымі рашэннямі ўжо знаходзіцца на завяршальных этапах падрыхтоўкі. Ключавыя прапановы датычацца кадраў, зямель і прамысловых магутнасцяў Віцебшчыны.
Спецыяльная рабочая група на працягу больш як двух месяцаў аналізавала стан спраў, у першую чаргу ў аграрным сектары, і прапаноўвала канкрэтныя меры для іх паляпшэння. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ расказаў аб ходзе падрыхтоўкі дакумента: «Чарговае пасяджэнне рабочай групы па выпрацоўцы прапаноў па эфектыўнай рабоце ў Віцебскай вобласці адбылося ў Савеце Рэспублікі з удзелам усіх яе членаў. Прапановы былі акумуліраваны і ўвайшлі ў агульны дакумент, які ахоплівае розныя аспекты гаспадарчай дзейнасці рэгіёна, — адзначыў ён. — Перш за ўсё, размова ідзе аб тым, каб замацаваць кадры на прадпрыемствах Віцебскай вобласці, забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку не дапускаць выключэння іх з севазвароту, забяспечыць высокую захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы».
Асаблівая ўвага, паводле слоў Леаніда Зайца, удзяляецца аптымізацыі выкарыстання існуючых прамысловых магутнасцяў. «Сёння трэба разглядаць магчымасці загрузкі гэтых прадпрыемстваў з улікам магчымасцяў усёй Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, можа, не варта спяшацца з будаўніцтвам новых малочных прадпрыемстваў. Неабходна эфектыўна выкарыстоўваць тыя, што ўжо створаны сёння ў нашай дзяржаве», — падкрэсліў ён.
Адным са стратэгічна важных з’яўляецца і кадравае пытанне. Выпрацоўваюцца пэўныя механізмы для таго, каб прывабіць спецыялістаў з іншых рэгіёнаў краіны. У тым ліку і такіх, якія ў перспектыве маглі б заняць кіруючыя пасады. Рабочая група таксама сфакусіравалася на павышэнні эфектыўнасці буйных дзяржаўных прадпрыемстваў рэгіёна, такіх як «Нафтан» і «Віцебскдрэў». Адпаведныя ўказанні будуць дадзены пэўным органам дзяржаўнага кіравання, растлумачыў сенатар.
Дарэчы, для збору аб’ектыўнай інфармацыі наконт стану спраў на Віцебшчыне члены рабочай групы выязджалі на месцы, размаўлялі з людзьмі — без фармалізму і лішніх нарад. Ключавая задача заключалася ў тым, каб распрацаваць такія рашэнні, якія дазволяць вобласці функцыянаваць эфектыўна без пастаяннага індывідуальнага ўмяшання з Мінска. Таму комплекснаму аналізу падвергліся ўсе ключавыя галіны і аспекты жыццядзейнасці рэгіёна. «Думаю, што гэты дакумент паслужыць сур’ёзным штуршком да павышэння эфектыўнасці Віцебскай вобласці», — рэзюмаваў Леанід Заяц. Чакаецца, што на аснове прапаноў рабочай групы будуць падрыхтаваны і прыняты канкрэтныя нарматыўныя акты, якія павінны забяспечыць устойлівае развіццё Віцебскага рэгіёна.
Аміна НАЗАРАВА