У Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбылася рэспубліканская алімпіяда па інфармацыйных тэхналогіях сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «IT-Challenge 2025». Маштабнае мерапрыемства сабрала больш за 60 разумнікаў і разумніц з універсітэтаў Беларусі.
І вось падзея завершана, кампетэнтнае журы ў складзе старшыні віцэ-прэзідэнта, дырэктара ўпраўлення камплаенс ПАО Ашчадбанк (Расія) Ларысы Заламіхінай, прадстаўнікоў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і кампаніі InDev Solutions уважліва азнаёміліся з працамі нашай геніяльнай моладзі, адказалі на пытанні і апеляцыі канкурсантаў, і вынеслі канчатковы вердыкт — першае месца заняла каманда Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, другое — каманда Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, трэцюю прыступку п’едэстала пераможцаў заняла каманда БДУ.
На цырымоніі закрыцця Алімпіяды першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бахановіч перадаў словы прывітання ад міністра Андрэя Іванца і сказаў:
— IT-Challenge — гэта выдатная пляцоўка прымянення тэарэтычных ведаў для вырашэння пастаўленых практычных задач. Сёння актуальныя інфармацыйная бяспека краіны, штучны інтэлект, якія і сталі тэмай заданняў. У гэтым годзе больш чым у два разы павялічылася колькасць каманд і ВНУ, ускладніліся заданні, відаць, што ўзровень падрыхтоўкі вельмі высокі. Выказваю падзяку Аператыўна — аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і рэзідэнту ПВТ-ААТ «Індэў Салюшэнс» за ідэю Алімпіяды, мы яе падтрымалі ў другі раз. У 2026 годзе плануем выходзіць на міжнародны ўзровень, прапанаваць Адкрыты чэмпіянат па інфармацыйных тэхналогіях, штучным інтэлекце і інфармацыйнай бяспецы.
Узнагароды пераможцам Алімпіяды уручалі Аляксандр Бахановіч, прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Андрэй Філіповіч і начальнік Сакратарыята Наглядальнага савета ПВТ Аляксандр Базанаў.
У рамках мерапрыемства сярод навучэнцаў 10-11 інжынерных класаў Полацка і Наваполацка прайшоў турнір па алгарытмічным праграмаванні на базе адукацыйнай платформы InDev Scholar «Місія: месяц!». Восем каманд школьнікаў складалі алгарытм пасадкі касмічнага модуля на месяц, які кіруе выдаткам паліва, які ўплывае на хуткасць руху модуля да месяца або ад яго. Гэта мерапрыемства стала яркім прыкладам таго, як сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і інавацыйныя падыходы ў навучанні могуць натхняць новае пакаленне IT-талентаў. Пераможцам турніру стала каманда сярэдняй школы № 16, на 2- м месцы каманда сярэдняй школы№, 3-е месца дасталася камандзе гімназіі № 1, Усе школы — горада Полацка. Пераможцамі IT-квіза, які прайшоў у рамках першага дня алімпіяды, сталі каманды сярэдняй школы № 12 г. Наваполацка (1 месца), гімназіі № 1 г. Полацка (2 месца) і сярэдняй школы № 16 г. Наваполацка (3 месца). Таксама ў рамках Алімпіяды праведзены конкурс малюнкаў у сферы інфармацыйных тэхналогій і інфармацыйнай бяспекі сярод навучэнцаў 5-9 класаў Полацка і Наваполацка. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі.
Уражаннямі аб Алімпіядзе дзеліцца ўдзельнік IT-Сhallenge 2025 Антон Казлоў, студэнт 2 курса ваенны факультэт БДУІР:
— Заданні вельмі цікавыя, нават давалася апісанне, а не канчатковы вынік, нам самім трэба было зразумець, як да яго прыйсці і выбудаваць працэс. Мы павысілі скілы, мы збярэмся з камандай, каб разабраць усе заданні і іх рашэнні ўдумліва і дэталёва. З курсантамі рэгулярна ўдзельнічаем у спаборніцтвах па інфармацыйных тэхналогіях, хацелася б, каб такога роду мерапрыемствы праходзілі часцей. У нас высокая матывацыя і запал развівацца, атрымліваць вопыт у праграмаванні, набраць экспертызу.
Фота: psu.by