Аб чыстай вадзе, рамонце дамоў і дагледжаных дварах гаварылі ў Заслаўі на выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі па падвядзенні вынікаў Года добраўпарадкавання, у тым ліку вынікаў работы дэпутацкага корпуса па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Яно і нядзіўна, бо тэма навядзення парадку на зямлі была і застаецца для парламентарыяў адной з магістральных.
Гавораць вынікі
Перад пачаткам пасяджэння сенатары і кіраўніцтва Мінскай вобласці ацанілі, як змянілася аблічча горада-спадарожніка да абласных «Дажынак-2025». Адначасова адзначалася і 1040-годдзе Заслаўя, а таму падарунак гараджанам зрабілі годны. Маштабны рамонт прайшоў у жылфондзе — з 118 дамоў абнавілі 69. Дахі, фасады і ўваходныя групы камунальнікі таксама не абмінулі. Змяніліся 26 прыдамавых тэрыторый — жыхары па вартасці ацанілі новыя паркоўкі, тратуары, а таксама дзіцячыя пляцоўкі. У дварах устанавілі заглыбленыя кантэйнерныя пляцоўкі. Новае асвятленне, архітэктурныя элементы з’явіліся на цэнтральных вуліцах і ўязных дарогах. Маладзёжны парк, пляж, музей пад адкрытым небам — яшчэ нічога з гэтага не было летась.
У холе мясцовага ДК прадэманстравалі, якія грамадзянскія ініцыятывы рэалізавалі ў Цэнтральным рэгіёне. Што датычыцца канкрэтных лічбаў, за мінулы год у краіне высадзілі больш за 502 тысячы дрэў і 656 тысяч кустоў, уладкавалі газоны на тэрыторыі 524 гектары, высадзілі звыш 33 мільёнаў кветак. Дарэчы, Міншчына ўвайшла ў лідары па пасадцы дрэў (73,455 тысячы штук), кустоў (66,03 тысячы штук). Азелянілі ў рэспубліцы і тэрыторыі ўздоўж дарог — з’явілася больш за 67 тысяч дрэў і кустоў. Рамонт вулічна-дарожнай сеткі ахапіў плошчу 13,9 мільёна квадратных метраў (140,6 % ад гадавога плана), пракладка тратуараў, пешаходных і веласіпедных дарожак выканана на плошчы 333,6 тысячы квадратных метраў.
Абсталявана 4 986 кантэйнерных пляцовак для збору камунальных адходаў, устаноўлены, адрамантаваны 35 671 кантэйнер для збору камунальных адходаў, адрамантавана 23 209 малых архітэктурных формаў, устаноўлена новых — 8 869.
«Нягледзячы на тое, што наша краіна заўсёды ганарылася тым, што яна дагледжаная, чыстая, добраўпарадкаваная, зялёная, Прэзідэнтам было прынята рашэнне яшчэ раз, больш дэталёва звярнуць увагу на тыя пытанні, якія датычацца жыццядзейнасці нашых грамадзян: як яны жывуць, як уладкаваны іх дваровыя тэрыторыі, якія камфортныя ўмовы створаны для нашых грамадзян у вёсцы, аграгарадку, горадзе, абласным цэнтры і сталіцы нашай краіны, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Члены Савета Рэспублікі і дэпутацкі корпус надаюць добраўпарадкаванню тэрыторый значную ўвагу. Сумесна было прынята рашэнне засяродзіцца на каардынацыі прыцягнення насельніцтва да работ па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. На мінулым пашыраным пасяджэнні мы паставілі задачу дэпутатам, асабліва старшыням раённых і гарадскіх саветаў, узяць на сябе каардынуючую ролю ў добраўпарадкаванні і рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў».
Акрамя таго, у правядзенні работ па добраўпарадкаванні тэрыторый актыўна ўдзельнічалі грамадзяне і юрыдычныя асобы, у тым ліку з дапамогай аказання садзейнічання ў іх фінансаванні. Забяспечана правядзенне двух рэспубліканскіх суботнікаў, удзел у якіх прынялі больш за 4 мільёны чалавек. Было рэалізавана 89 грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на азеляненне прыдамавых тэрыторый, уладкаванне дзіцячых і спартыўных пляцовак і іншыя мерапрыемствы.
Адзін з фактараў паляпшэння якасці жыцця грамадзян
На пасяджэнні прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў расказалі аб выкананых у Год добраўпарадкавання мерапрыемствах на сваёй тэрыторыі. Напрыклад, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч расказаў, што ў 2025-м у вобласці прададзена 286, знесена 894 пустуючыя дамы, у гаспадарчы абарот уключана каля 300 гектараў зямлі.
Што датычыцца Міншчыны, найбольш адчувальнымі для людзей па-ранейшаму застаюцца пытанні добраўпарадкавання вуліц, дваровых тэрыторый, якасць пітной вады, наяўнасць дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання, заявіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. «Так, у пяцігодку акцэнт зрабілі на рамонт вуліц у аграгарадках. Калі ў 2021-м адрамантавалі 10 кіламетраў вулічна-дарожнай сеткі і выдаткавалі на гэта 1,5 мільёна рублёў, то ў 2025-м — 85 кіламетраў з выдаткамі ў 23,3 мільёна. У Цэнтральным рэгіёне штогод перавыконваецца паказчык па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый — робіцца каля 200 у год».
Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што сёлета неабходна прадоўжыць развіццё добраўпарадкавання тэрыторый, бо гэта адзін з фактараў паляпшэння якасці жыцця грамадзян.
У размове з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла, што завяршэнне Года добраўпарадкавання — гэта чарговая нагода ўважліва паглядзець на тое, што зроблена ў нашай краіне, і намеціць тыя планы і задачы, якія трэба рэалізаваць. Яна канстатавала, што ў 2025 годзе была праведзена значная работа. «Самае важнае, што прыгожая, дагледжаная, добраўпарадкаваная краіна — наш брэнд. Такой яна павінна дастацца будучым пакаленням. Бо, высаджваючы зялёныя насаджэнні, мы разумеем, што гэта ўклад у будучыню, у тое, што наша краіна будзе такой жа выдатнай і прыгожай. Сёння мы адзначылі найлепшых, убачылі на прыкладзе Заслаўя, як можна ўладкаваць горад-спадарожнік, дзе вельмі камфортна жыць».
Спікер Савета Рэспублікі таксама акцэнтавала ўвагу на тым, што на пасяджэнні быў вывучаны вопыт рэалізацыі ў рэгіёнах новых ініцыятыў. «Так, у Гомельскай вобласці праходзіў форум грамадзянскіх ініцыятыў, які дакладна можна зрабіць рэспубліканскім, дзе будуць прадстаўлены найлепшыя праекты. Абсалютна правамерна было ўказана на тое, што толькі абмежаваная колькасць грамадзянскіх ініцыятыў можа быць рэалізавана зыходзячы з фінансавых магчымасцяў. Але нельга адкідаць ініцыятывы тых грамадзян, якія ўносілі свае прапановы. Трэба іх таксама рэалізоўваць. Таму пашырыць маштаб правядзення такіх ініцыятыў было б выдатна. Мы падумаем і пра тое, як правесці інвентарызацыю зямель, якія вылучаліся калісьці пад агародніцтва, а сёння дзесьці закінутыя», — рэзюмавала Наталля Качанава.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА