Top.Mail.Ru
252

Вынесены прыгавор мінчаніну, які ўдарыў у аўтобусе незнаёмых дзяцей

Вынесены прыгавор 45-гадоваму гараджаніну, якога абвінавачвалі ва ўчыненні хуліганства, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».



Увечары абвінавачаны вяртаўся дадому з гасцей. Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, ён зайшоў у салон аўтобуса № 121, у якім ехалі школьнікі 2011 і 2012 г. н. Хлопчыкі размаўлялі, глядзелі нешта ў мабільным тэлефоне. Іх паводзіны чамусьці не спадабаліся фігуранту, хоць іншым пасажырам яны не перашкаджалі.

Праехаўшы некалькі прыпынкаў, мужчына падышоў да падлеткаў і ўдарыў аднаго з іх па плячы, а другога па галаве, кажучы пры гэтым нешта неразборлівае. Не разгубіўшыся, хлопчык дастаў з сумкі электрашокер, прыставіў яго да шыі зламысніка і ажыццявіў разрад. Пасля здарылася бойка — мужчына схапіў дзіця за рукі і вопратку.

Адна з пасажырак заступілася за дзяцей, а вадзіцель выклікаў міліцыю. Нецвярозага мужчыну затрымалі, у дачыненні да яго пасля распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў. Хуліганскія дзеянні пасажыра трапілі ў аб’ектыў камеры відэаназірання, устаноўленай у аўтобусе.

— Абвінавачаны працуе дырэктарам прыватнай кампаніі, раней тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне хуліганстваў, — пракаментавала памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Юлія Бурчыц, якая выступала па крымінальнай справе дзяржаўным абвінаваўцам. — Суд прызнаў яго вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца прымяненнем гвалту (хуліганствам), і на падставе ч. 1 арт. 339 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін 2 гады з утрыманнем у даход дзяржавы 25 % заробку па асноўным месцы працы, але не менш за 1 базавую велічыню штомесяц. Акрамя таго, абвінавачаны павінен выплаціць на карысць аднаго з пацярпелых матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў, а таксама прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.


Прыгавор не ўступіў у сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю