Палігон наведаў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі. Ён сустрэўся з ваеннаабавязанымі і азнаёміўся з умовамі размяшчэння асабовага складу.
«Людзі зараджаны і настроены на выкананне задачы — і гэта галоўнае. Ні ад каго я не пачуў якіх-небудзь скаргаў. Людзі поўнасцю задаволены і ўмовамі, і тым побытам, які створаны на палігоне. Пастаянна занятыя ў полі, на занятках. І, вядома ж, гэта ўсяляе ўпэўненасць, што з такімі ваеннаабавязанымі ў нашай краіне нічога не страшна, — сказаў ён. — Я ўспамінаю, як у пачатку 2000-х гадоў прызвалі першых ваеннаабавязаных пасля доўгага перыяду, калі не праводзіліся праверачныя мерапрыемствы ва Узброеных Сілах. Настрой ваеннаабавязаных і дзеянні саміх афіцэраў у той перыяд, вядома, нельга нават блізка параўноўваць з тым, што цяпер. Камандзіры, прызваныя з запасу, упэўнена выконваюць задачы, якія ставяцца падраздзяленню. Асабовы склад, салдаты, сяржанты — гэта дарослыя, сур’ёзныя людзі. Ёсць, вядома, і тыя хлопцы, якія два гады таму скончылі тэрміновую службу. Разам з тым адчуваецца з першых дзён, што гэта каманда, гэта калектыў, здольны выканаць любую пастаўленую задачу».
«І галоўнае: яны разумеюць, што гэтыя раптоўныя праверкі проста неабходны сёння ў тых умовах, якія складваюцца вакол нашай краіны. Людзі разумеюць, што калі не яны, то ніхто акрамя іх не абароніць сваіх блізкіх, свой дом, сваю краіну», — дадаў Леанід Касінскі.
Ён таксама адзначыў адносіны сем’яў ваеннаабавязаных да правядзення такіх збораў: «У асноўным, вядома ж, жонкі першыя дні перажывалі. Прайшло некалькі дзён, сазваніліся, расказалі, растлумачылі сем’ям — усё з разуменнем, ніякіх праблем. Акрамя таго, у нас ёсць тэлефон гарачай лініі, куды жонка, маці любога ваеннаабавязанага можа патэлефанаваць, выказаць нейкія праблемы. За гэтыя дні не было ніякіх званкоў, і гэта яркае сведчанне таго, што ў сем’ях належным чынам ставяцца да тых, хто абараняе сваю краіну».