Top.Mail.Ru

Выдавецкі дом «Звязда» прэзентуе новыя кнігі

Сярод бясконцых інфармацыйных патокаў часам хочацца знайсці тое, што кране душу, адгукнецца ўспамінамі, эмоцыямі, застанецца ў памяці.



На хвалях лёсу


У кнізе Івана Пяшко «Аднакурснікі» сабраны аповесці і эсэ, у якіх пісьменнік на аснове асабіста перажытага паказвае лёс цэлага пакалення. Яно прайшло праз цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, пасля ў нялёгкіх умовах аднаўляла родны край. «Мітынгу не было. Пацалаваўшы крыж, навабранцы ўсаджваліся на калёсы, і спалоханыя вясковым тлумам коні ахвотна краналіся з месца, беглі, несучы ў невядомасць сваіх гаспадароў...»

Таксама аўтар падзяліўся сваімі ўспамінамі пра апаленае вайной дзяцінства, пра юнацтва і студэнцтва, распавёў пра свае ўзлёты і падзенні, гора і радасць, пра родных і блізкіх, аднавяскоўцаў, сяброў, тых, з кім звяло яго жыццё.

Хто стаіць за дзвярыма?


Аўтар аднайменнай кнігі Тамара Бунта дзеліцца з чытачамі сваімі гісторыямі з жыцця. Але кожная з іх — нешта большае, чым проста чужы вопыт з мінулага. Таму што ўсе апавяданні (як паасобку, так і ў агульнай палітры) дазваляюць убачыць не толькі чужую душу, а менавіта дзіцячую. З марамі, высновамі, памкненнямі ці расчараваннямі. Яны нібыта засталіся ва ўчарашнім дні, але і праз гады адгукаюцца ўспамінамі, мудрасцю і ўспрымаюцца як сапраўдная каштоўнасць. Дзе дакладна ведаеш, як шмат можа змяніць коска альбо кропка ў адным сказе, што ўсё таемнае аднойчы адкрываецца. А каб некага страшнага перамагчы, трэба найперш перастаць баяцца яго альбо на ўласныя вочы пераканацца ў прычыне страху. 

Бяссоннікі, хованкі і зімовы дождж


У кнізе «Мося і Гаўлік» Наталлі Кандрашук маленькіх чытачоў чакае цыкл казак, у якіх апісваюцца прыгоды коціка Мосі і шчанюка Гаўліка. Разам з імі чытач даведаецца, чаму ў страху вочы вялікія, што рабіць з дрэннымі «карандашамі», дзе ноччу можна знайсці сонейка і яго дзетак, як паводзіць сябе пры сустрэчы з незнаёмцам з трыма вачыма і шмат іншага. А пасля кожнай гісторыі аўтар прапаноўвае загадкі, каб лепш засвоіліся новыя словы і паняцці. Усе гэтыя творы маюць выхаваўчую і адукацыйную мэты, таму кніга можа выкарыстоўвацца як крыніца для заняткаў па развіцці мовы ў дзіцячым садку альбо для сумеснага чытання з бацькамі.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю