Top.Mail.Ru

Выдавецкі дом «Звязда» друкуе кнігі на любы густ і ўзрост

Знаёмім вас з новымі выданнямі, якія ўбачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Скажам адразу, што прапановы знойдуцца для розных узростаў і ўпадабанняў.


«Святло за гарамі»

Прыхільнікаў творчасці пісьменніцы Алесі Кузняцовай чакае яе новы твор «Святло за гарамі». Гэтая кніга — трэці раман з цыкла «Адна сустрэча, якая перавярнула ўсё жыццё...» Ужо з таго моманту, як кніга трапляе вам у рукі, прываблівае яе вокладка, на якой прыгожы пейзаж нібы нашэптвае, што нас чакае штосьці таямнічае. І сапраўды, новая гісторыя аўтара знаёміць нас з гераіняй, якая едзе пасля няспраўджанага кахання шукаць спакой, раўнавагу і натхненне на Байкал. Аднак Інга нават не здагадваецца, што яе чакае. У першы ж вечар у дом урываецца сусед, пра якога яе нават не папярэдзілі, а з лесу даносяцца дзіўныя гукі... Цяжка нават уявіць, якія таямніцы давядзецца даведацца жанчыне з біяграфіі новага знаёмага і да чаго прывядзе яе расследаванне падзей мінулага.

«Прагулка да аблокаў»

А вось калі ёсць жаданне правесці час за чытаннем і перанесціся ў атмасферу вясковых будняў, то можна без роздумаў выбіраць зборнік Сяргея Клімковіча «Прагулка да аблокаў», у якім знойдуцца аповесці, апавяданні, нататкі, мініяцюры, напісаныя аўтарам у розныя гады. І ў кожным творы мы дакладна знойдзем тое, што адгукнецца ў сэрцы, бо ўспаміны з дзяцінства, дэталі паўсядзённага жыцця і побыту забываюцца з часам, аднак маюць уласцівасць вяртаць нас у непаўторныя часы нашага мінулага.

Эдзі Агняцвет «Свята кнігі»

На творах класіка дзіцячай літаратуры Эдзі Агняцвет (1916–2000) выхоўвалася не адно пакаленне дзяцей, але і сёння яе спадчына карыстаецца неверагоднай папулярнасцю, прыцягваючы ўвагу сваёй дасціпнасцю, жывасцю маўлення, даступнасцю і запамінальнасцю.

Многія з прапанаваных у зборніку вершаў уключаны ў школьную праграму для ІІ, ІІІ і ІV класаў сярэдняй школы па прадмеце «Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)». Вось, напрыклад, чытаем у вершы «Хто пачынае дзень»: «Раней за ўсіх устаў шафёр, / Пабег да гаража. / Не любіць соннай цішыні, / Гарачая душа!» Адразу малюецца ва ўяўленні жывы жыццёвы эпізод, але разам з тым, які прыклад жыць, працаваць мы знаходзім у гэтых чатырох радках... Кожны верш можна чытаць, абмяркоўваць і пражываць эмоцыі яго герояў. Таму набыць такую кнігу для сямейнай бібліятэкі будзе вельмі добрай ідэяй, як, дарэчы, і ў якасці падарунка знаёмым дзеткам.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю