Уладзімір Амельянюк (1917 — 1942), які пражыў усяго толькі 25 гадоў і шэсць дзён, з’яўляецца сапраўднай легендай беларускай журналістыкі. Перад вайною ён паспеў закончыць чатыры курсы Камуністычнага інстытута журналістыкі імя С. М. Кірава. У час нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз знаходзіўся на практыцы ў Беластоку (на той час — тэрыторыя Савецкай Беларусі). Вярнуўся ў Мінск. Увайшоў у склад падпольнага гаркама Кампартыі. У маі 1942-га стаў рэдактарам газеты Мінскага падпольнага гаркама партыі «Звязда». 26 мая 1942-га Уладзімір Амельянюк быў забіты правакатарам.
У гонар падпольшчыка і журналіста названы вуліцы — у Мінску, Дзяржынску, а таксама ў Расіі — у горадзе Дно на Пскоўшчыне, дзе нарадзіўся Уладзімір Амельянюк. Непадалёку ад месца, дзе загінуў герой, усталяваны памятны знак. У 1965 годзе У. Амельянюку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (дарэчы, у 1965-м газета «Звязда» была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені). І толькі што, на пачатку 2025 года, у выдавецтве «Звязда» пабачыла свет кніга члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірыны Масляніцынай «Уладзімір Амельянюк». Грунтоўны дакументальны нарыс выйшаў у серыі «Гісторыя для школьнікаў». Тыраж кнігі — 1200 экзэмпляраў.
Журналістка і пісьменніца у сваім аповядзе падрабязна выклала біяграфію чалавека, які не пашкадаваў свайго жыцця ў імя змагання за свабоду сваіх суайчыннікаў, які лічыў і слова важнай зброяй у барацьбе з фашыстамі. Кніга «Уладзімір Амельянюк», у рабоце над якой Ірына Масляніцына выкарыстала розныя архіўныя, дакументальныя матэрыялы, уважліва пазнаёмілася з публікацыямі на старонках самой газеты «Звязда», якая заўжды ўважлівая да ваеннай гісторыі. Лёс Уладзіміра Амельянюка — гераічны сімвал беларускай журналістыкі. І невыпадкова, што кніга пра рэдактара падпольнай «Звязды» прыйшла з друкарскіх варштатаў менавіта ў пярэдадзень 80-годдзя Вялікай Перамогі.