Top.Mail.Ru

Выбар мяняе акцэнты

Уласныя адкрыцці — наш найлепшы настаўнік. А робім мы іх штодзённа: у падарожжах, на працы, за праглядам фільмаў, у размове з сябрамі альбо чытаючы цікавыя творы. Новая падборка навінак Выдавецкага дома «Звязда» — добры арыенцір у гэтым.



Павучальная прыгода

28-13.jpeg

Кніга «Савось-распуснік» Якуба Коласа змяшчае гумарыстычны верш народнага песняра, які трывала ўвайшоў у скарбонку беларускай дзіцячай літаратуры. У творы ў дасціпнай форме аўтар выхоўвае юнага чытача, тлумачачы, што за кожным дрэнным учынкам ідзе расплата. «Затаіўся ў кутку/ Наш Савось і катку/ Замаўляе зубы/ Для кацінай згубы.../ Вось папаліся два змоўцы —/ Проста шкода малышоў:/ На Савосевай галоўцы/ Коцік схованку знайшоў!»

«Савось-распуснік» уключаны ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры для 3 класа ў спіс для пазакласнага чытання. Адметна, што ў выданні выкарыстаны арыгінальныя ілюстрацыі народнага мастака Беларусі Валянціна Волкава, падрыхтаваныя ім для першага выдання твора ў 1936 годзе.

Любіць нельга забыць

28-12_1.jpeg

Аднайменная аповесць Алены Падкацік з’явілася ў серыі «Пераходны ўзрост» і прысвячаецца «ўсім, каму некалі было, ужо ёсць ці яшчэ будзе сямнаццаць гадоў». У галоўнай гераіні твора Ганны Пакатавай звычайнае жыццё падлетка. І дзяўчына нават не падазрае, што зусім хутка ўсё зменіцца і ёй давядзецца штодня рабіць выбар — у сваім сэрцы, у справах і ўчынках. А ў залежнасці ад гэтага выбару можна будзе глядзець, дзе лепш паставіць коску ў сказе: «Любіць нельга забыць». «Я обязательно пройду свой путь и пойму, в чём его смысл. И пусть будет трудно, пусть будет очень трудно. Это мой путь. Я становлюсь сама собой», — гэтыя словы мы пачуем ад галоўнай гераіні ў фінале твора, а вось тое, якія падзеі папярэднічалі такой выснове, зможаце даведацца пасля прачытання кнігі. Аповесць будзе цікавая не толькі маладым людзям, але і іх бацькам. Бо і ў многіх з дарослых па-ранейшаму захоўваецца памяць пра першае каханне — папяровыя лісты ў пажоўклых канвертах, якія на ўсё жыццё засталіся маўклівымі сведкамі бесклапотнага юнацтва.

Таямніцы беларускіх тапонімаў

28-11.jpeg

У новым зборніку тапанімічных казак «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў» Генадзь Аўласенка ў займальнай форме тлумачыць назвы населеных пунктаў і вадаёмаў розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама прапануе юным чытачам сваё ўласнае меркаванне пра іх паходжанне, апавядае, з чым можа быць звязана ўзнікненне той ці іншай назвы. Чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца як з незвычайнымі казачнымі, так і з сапраўднымі гісторыямі пра таямніцы беларускіх тапонімаў. Напрыклад, даведаемся «Аб буслах і назве вёскі Гняздзін», «Казку пра рэчку Ганутку», «Легенду аб паходжанні назвы горада Стоўбцы» і шмат іншых цікавых аповедаў, якія падрыхтаваў нам аўтар на старонках кнігі.

Дарэчы, казкі аздоблены ілюстрацыямі мастака Кацярыны Казлоўскай, якія дадаюць гісторыям кранальных акцэнтаў. Прачытайце і пераканайцеся самі!

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю