На якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка да рэканструкцыі капліцы і млына, якія ўваходзяць у склад Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, расказалі ў ДВА «Мінскбуд», паведамляе БелТА.
Аднаўленне і рэканструкцыя аб’ектаў будуць ажыццяўляцца з улікам дазволу на паралельнае праектаванне, з захаваннем іх гістарычнага аблічча і адаптацыяй да сучасных функцый. Ужо ўзгоднены эскізны праект, а па распрацаваным першым тэхналагічным этапе атрымана пасведчанне аб правядзенні экспертнага суправаджэння. У бліжэйшы час заказчык вызначыцца з падрадчыкам, пасля чаго пачнуцца падрыхтоўчыя работы.
У «Мінскай спадчыны», «Мінскпраекта» і мінскіх будаўнікоў назапашаны вялікі вопыт аднаўлення гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Аднак работа над гэтым праектам абяцае быць няпростай: на месцы будучых аб’ектаў захаваліся толькі руіны. Праектуемы будынак млына будзе трохпавярховым, з мансардным паверхам і аднапавярховай прыбудовай. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з работай сапраўднага млынавага механізму, паназіраць за працэсам выпечкі беларускага каравая і прадэгуставаць свежую выпечку.
На пачатковым этапе будаўнікі правядуць супрацьаварыйныя мерапрыемствы: захаваны мур XIX стагоддзя абароняць ад абвальвання з дапамогай часовых апор. Далей будуць раскрытыя гістарычныя падмуркі і ўладкаваныя новыя, якія прымуць на сябе асноўныя нагрузкі пры аднаўленні будынка. На тэрыторыі млына з’явяцца летняе кафэ і сувенірны павільён. У рэчышчы сухога ручая, выкладзенага камянямі, установяць рэзервуар з вадой і размесцяць вадзяное кола. Музейная экскурсійная зона, дэгустацыйная, абедзенная і банкетная залы, як чакаецца, будуць запатрабаваныя ў гасцей парку.
Ад капліцы XVIII стагоддзя захаваліся два фрагменты сцен паўночна-ўсходняга і ўсходняга фасадаў агульнай працягласцю 13,03 м. Згодна з праектам, аблічча будынка адновяць у цэгле па акварэльным пейзажы Ю. Пешкі. Пры гэтым захаваюцца ранейшыя габарыты, архітэктурныя элементы і гістарычная форма даху з трохкутнымі франтонамі. У капліцы будуць размяшчацца пастаянная і зменныя тэматычныя экспазіцыі.