Top.Mail.Ru

Вяршэнства Канстытуцыі — вяршэнства волі народа

Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка 1994 года, юрыдычна аформіла якасна новую дзяржаўнасць, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены, якія адбыліся ў дзяржаве і грамадстве, замацавала асновы канстытуцыйнага ладу і завяршыла фарміраванне суверэннай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.


Канстытуцыя з’яўляецца асноватворным дакументам, асаблівым грамадскім дагаворам, які гарантуе вяршэнства волі народа, гарманічнае ўзаемадзеянне асобы, грамадства і дзяржавы. Яе вяршэнства забяспечваецца шэрагам канстытуцыйных норм і дзейнасцю на іх аснове канстытуцыйных інстытутаў, асабліва інстытутам прэзідэнцтва і інстытутам канстытуцыйнага кантролю, 30-годдзе якіх адзначалася летась.

Згодна з часткай першай артыкула 79 Канстытуцыі, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Беларусі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. У рамках канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнт прымае меры па забеспячэнні вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ахове і абароне Канстытуцыі, ажыццяўленні дзейнасці дзяржавы, усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб, арганізацый і грамадзян у рамках Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. У адным з віншаванняў грамадзян Беларусі з Днём Канстытуцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Наш высокі грамадзянскі абавязак — паважаць Канстытуцыю, строга прытрымлівацца яе палажэнняў, павышаць прававую культуру грамадства».

Канстытуцыйны Суд — орган судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, які ажыццяўляе судовую ўладу з дапамогай канстытуцыйнага судаводства. Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адной з канстытуцыйных мэт для Канстытуцыйнага Суда, прадугледжаных часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі. Для рэалізацыі гэтай мэты ёсць належная канстытуцыйная аснова. 

У прыватнасці, вяршэнства канстытуцыйных норм, іх месца ў іерархічнай сістэме нарматыўных прававых актаў забяспечваецца часткай другой артыкула 7 Асноўнага Закона, згодна з якой Канстытуцыя мае найвышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншыя прававыя акты выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Абаронай канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, якая ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом, забяспечваецца рэалізацыя канстытуцыйнага прынцыпу народаўладдзя, волі народа. У адным з пасланняў аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь Канстытуцыйны Суд указваў, што яго рашэнні накіраваны на ўмацаванне прававой асновы выбарчага працэсу, садзейнічалі яго дэмакратызацыі, правядзенню свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, забеспячэнню прынцыпу вяршэнства волі народа.

Чарговым сведчаннем народаўладдзя, вяршэнства волі народа сталі апошнім часам рэалізацыя ім права на рэспубліканскі рэферэндум аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, які адбыўся 27 лютага 2022 года, і права на свабодныя выбары 26 студзеня 2025 года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, за якога прагаласавала 87 % выбаршчыкаў. Прэзідэнт Беларусі — кіраўнік дзяржавы — увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе функцыю вярхоўнага захавальніка Канстытуцыі — волі народа, выказанай на рэферэндуме.

Канстытуцыйны Суд у Пасланні аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь (рашэнне ад 5 сакавіка 2024 г.) вызначыў мадэль сучаснай беларускай дзяржавы, якая заключаецца ў наступным: дзяржава грунтуецца на волі народа, выказвае волю народа, функцыянуе ў інтарэсах народа. Дадзены канстытуцыйны арыенцір, на думку Канстытуцыйнага Суда, абавязвае дзяржаўныя органы, службовых асоб, грамадска-палітычныя інстытуты ў сваёй стваральнай дзейнасці зыходзіць з волі народа і дзейнічаць на карысць народа і, служачы прагрэсу грамадства і дзяржавы, усяляк садзейнічаць дасягненню найважнейшых канстытуцыйных мэт: забеспячэнню міру і грамадскай згоды, дабрабыту грамадзян, непахіснасці народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Працэс забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Канстытуцыйным Судом у сваім развіцці прайшоў шэраг этапаў. Дадзены этап канстытуцыйнага кантролю, які пачаўся ў 2022 годзе з вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму — волі народа, характарызуецца рэалізацыяй ім новых шырокіх паўнамоцтваў, прадугледжаных абноўленай Канстытуцыяй. Сярод іх — паўнамоцтва суда ў парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых судамі агульнай юрысдыкцыі ў канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны (частка пятая артыкула 1161), што сведчыць аб ажыццяўленні ім канкрэтнага канстытуцыйнага кантролю.

На працягу 2024 года ў Канстытуцыйны Суд паступіла 530 зваротаў, з якіх 103 у пэўнай меры адпавядаюць крытэрыям канстытуцыйнай скаргі.

Абноўленая Канстытуцыя прадугледжвае новыя паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда, рэалізацыя якіх накіравана на абарону асноў канстытуцыйнага ладу, забеспячэнне народаўладдзя, вяршэнства Канстытуцыі ў дзейнасці вышэйшых органаў улады.

15 сакавіка — гэта не толькі Дзень Канстытуцыі, але і Дзень вяршэнства волі народа.

Анатоль ЦІКАВЕНКА, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю