Top.Mail.Ru

Вярхоўны Суд вынес прысуд фашысцкаму карніку

Пакаранне праз дзесяцігоддзі


Пра тое, хто такі Ганс Ойген Зіглінг і якія ён учыніў злачынствы на беларускай зямлі, ужо расказвалася на старонках «Звязды». І вось 11 сакавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў нацысцкага карніка вінаватым у генацыдзе беларускага народа. Аднак у сувязі са смерцю Зіглінга ў 1978 годзе прыгавор пастаноўлены без прызначэння пакарання.


Судом прызнаны даказанымі факты ўчынення Гансам Зіглінгам усіх 13 эпізодаў злачынных дзеянняў, па якіх былі прад’яўлены абвінавачанні. Учыненыя зверствы былі рэалізаваны ў выкананне часткі плана кіраўніцтва нацысцкай Германіі і вермахта, накіраванага на поўнае планамернае знішчэнне беларускага народа як нацыянальнай этнічнай групы шляхам забойства і наўмыснага стварэння такіх умоў, якія разлічаны на фізічнае знішчэнне. Пра гэта паведаміла журналістам дзяржаўны абвінаваўца Каліна Гарошка.

— Выконваючы злачынныя загады вышэйстаячага кіраўніцтва, Ганс Зіглінг сам асабіста і сумесна з удзельнікамі ўзначаленых ім злачынных фарміраванняў — украінскай паліцэйскай роты і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, а таксама сумесна з удзельнікамі асобага батальёна СС Дзірлевангера, — праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, здзейсніў забойствы, у тым ліку масавыя, знішчэнне поўнасцю або часткова 11 сельскіх населеных пунктаў.

Крыніцамі доказаў з’явіліся матэрыялы архіўных крымінальных спраў, паказанні, дадзеныя асуджанымі ўдзельнікамі ўкраінскай паліцэйскай роты і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, паказанні сведкаў, якія з’яўляліся відавочцамі разгляданых фактаў, а таксама сведкаў, якім трагічныя факты сталі вядомыя ад сваякоў, што выжылі, матэрыялы з архіўных фондаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. 

Акрамя таго, крыніцай доказаў сталі дакументы, якія паступілі з Германіі ў рамках выканання просьбы аб міжнародна-прававой дапамозе, гістарычныя і навуковыя матэрыялы, іншыя фактычныя даныя, — адзначыла дзяржаўны абвінаваўца.


Па словах Каліны Гарошкі, у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя савецкія праваахоўныя органы сабралі падрабязную інфармацыю аб злачынствах Зіглінга на беларускай зямлі. Пасля чаго гэтыя матэрыялы былі накіраваны германскаму правасуддзю. Аднак нямецкі суд не палічыў патрэбным выносіць прысуд нацысцкаму злачынцу... з-за недахопу доказнай базы. Яму зноў удалося пазбегнуць адплаты.

Дзяржаўная абвінаваўца падкрэсліла, што дадзенае рашэнне Вярхоўнага Суда яшчэ раз дазволіла нагадаць сусветнай супольнасці, у тым ліку асобным краінам калектыўнага Захаду, якія спрабуюць сказіць праўду, а таксама беларускай грамадзянскай супольнасці аб той кровапралітнай і жорсткай вайне, якая адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

А вось як пракаменціраваў прыгавор афіцэру СС Гансу Зіглінгу старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь Валерый НАДТАЧАЕЎ:

— Працэс асуджэння нацысцкіх злачынцаў у Беларусі працягваецца. За праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны захопнікамі і іх памагатымі неймаверную жорсткасць сёння іх справы разглядае Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Вынесены прысуд Гітлінгу, і ён не апошні ў дадзеным спісе. 

На жаль, нацызм аказаўся не пераможаны. Былі разгромлены ўзброеныя сілы Германіі, акупавана яе тэрыторыя, праводзілася дэнацыфікацыя. І тут мы бачым, як на еўрапейскім кантыненце нацызм сёння зноў абуджаецца. Значыць, трэба працягваць з ім барацьбу, у тым ліку і прававымі метадамі, як гэта адбываецца ў нас у Беларусі. Гэты працэс наглядна паказаў шырокай грамадскасці, што мы ўсе памятаем, нічога не забываем. І няхай праз шмат гадоў, але абвінаваўчы прысуд усё роўна прагучыць.


І няхай справядлівасць перамагла праз дзясяткі гадоў, эфект ад дадзенага працэсу, упэўнены, будзе. Бо ў кожнага такога злачынца ёсць нашчадкі, родныя, якія спакойна жывуць дзе-небудзь у Германіі, Аўстрыі, Канадзе. Некаторыя нават вядуць паспяховы бізнес. Але сёння праз Інтэрнэт інфармацыя распаўсюджваецца па ўсім свеце. Як ім будзе даведацца пра дзеянні сваіх бацькоў і дзядоў? Як гэта — адчуваць сябе нашчадкамі катаў і жыць з гэтым далей...

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю