Дар’я Домрачава пракаменціравала выступленне дачкі Ксеніі ў спрынце на фінальным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер», паведамляе БелТА.
Дачка шматразовых алімпійскіх чэмпіёнаў Дар’і Домрачавай і Уле-Эйнара Б’ёрндалена Ксенія Б’ёрндален выступае ў «Раўбічах» у малодшай узроставай катэгорыі (2015-2016 гады нараджэння). У спрынтарскай гонцы на 1,8 км юная спартсменка прайшла абодва агнявыя рубяжы без промахаў і заняла пятае месца. Да медаля не хапіла трох з паловай секунд.
«Калі Ксенія бегла па трасе, я вельмі хвалявалася. Пасля фінішу сказала ёй, што яна вялікая малайчына. Усё супер, мы вельмі задаволеныя. Цяпер галоўнае не вынік, а атмасфера і настрой. У цэлым у нас цудоўныя ўражанні, выдатная арганізацыя, — сказала Дар’я Домрачава. — Перад стартам бачыла, што многія ўдзельнікі перажывалі. Поўныя трыбуны — гэта добрая падтрымка для дзяцей, але і дадатковая нагрузка. Думаю, сёння ўсе атрымалі карысны вопыт і прыемныя эмоцыі. Спадзяюся, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не апынуліся на п’едэстале, з задавальненнем будуць працягваць трэніроўкі».
15 лютага ў фінале «Снежнага снайпера» юныя біятланісты разыграюць дзевяць камплектаў узнагарод. У праграме нядзелі — шэсць мас-стартаў і тры змешаныя эстафеты. Першая гонка стартуе ў дзевяць гадзін раніцы, заключная — у 14.00.