Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой па выніках даклада кіраўніку дзяржавы расказаў журналістам аб падрыхтоўцы і парадку дня вялікай нарады па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці, якая намечана на 24 кастрычніка, перадае БелТА.
Галоўнай тэмай у дакладзе Дзмітрыя Крутога была падрыхтоўка вялікай нарады па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці, якая адбудзецца ў канцы гэтага тыдня. Прэзідэнту быў даложаны план будучай работы, галоўныя пункты якога — прадметныя справаздачы абласнога кіраўніцтва па асноўных кірунках.
Абмеркаваны таксама пытанні, якія патрабуюць пастаяннай увагі і кантролю. Размова аб сур’ёзных рашэннях, якія прымаліся па Віцебскай вобласці раней. Гэта работа інтэграцыйных структур і аграпрамысловага комплексу рэгіёна ў цэлым, работа прамысловага сектара і сітуацыя на праблемных прадпрыемствах, а галоўнае — праграма развіцця вобласці. Усе гэтыя кірункі знаходзяцца на асаблівым кантролі, і ў пятніцу на нарадзе па кожным з іх будзе асобная размова. Гэта падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Другой тэмай даклада Дзмітрыя Крутога стала інфармацыйная работа. Яе рэгуляванне ўваходзіць у сферу адказнасці Адміністрацыі Прэзідэнта. Гаворка ў дакладзе ішла аб рабоце членаў урада і вышэйшых службовых асоб у СМІ. Гэта ўключае інфармаванне і тлумачальную работу па ключавых аспектах, якія ўваходзяць у кампетэнцыю міністэрстваў і ведамстваў, а таксама рэагаванне на пытанні, якія хвалююць насельніцтва. Ключавое даручэнне кіраўніка дзяржавы — выбудоўванне інфармацыйнага балансу.
Акрамя таго, было даложана аб удасканаленні механізму камандзіравання службовых асоб за мяжу і арганізацыі працоўнага працэсу з улікам патрабаванняў Дырэктывы № 11 — правядзенне нарад, калегій і іншых мерапрыемстваў у пазапрацоўны час, без адцягнення службовых асоб ад выканання іх прамых прафесійных абавязкаў.
Крутой назваў галоўнае, што трэба будзе абмеркаваць на ўзроўні Прэзідэнта
Цэлы комплекс пытанняў на дакладзе Прэзідэнту датычыўся падрыхтоўкі вялікай нарады па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці, якая намечана на 24 кастрычніка.
Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу сітуацыі ў рэгіёне, і на гэта ёсць шэраг прычын. Яшчэ падчас наведвання Полацка ў 2024 годзе, дзе праходзілі абласныя «Дажынкі», Прэзідэнт запатрабаваў ад кіраўніцтва Віцебскай вобласці дэталёва разабрацца з сітуацыяй у кожным з 21 раёна і выпрацаваць зразумелую, простую, даступную праграму развіцця кожнага раёна — свайго роду праграму адраджэння Віцебшчыны.
Вясной гэтага года старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін прадставіў гэты дакумент кіраўніку дзяржавы. Але, як аказалася, большасць мерапрыемстваў былі абсалютна не прапрацаваны. «Як Прэзідэнт ёміста адзначыў, гэта было фактычна пражэктарства. І ён адправіў тыя дакументы на дапрацоўку», — праінфармаваў Дзмітрый Крутой.
Праз практычна паўгода праект дапрацаванай праграмы будзе прадстаўлены зноў.
Акрамя таго, у ліку асноўных тэм нарады — сітуацыя ў аграпрамысловым сектары Віцебскай вобласці, дзе некаторы час таму ствараліся інтэграцыйныя структуры. Эфектыўнасць работы ў такім фармаце, а таксама перспектывы стануць прадметам дэталёвага абмеркавання.
Яшчэ адна вялікая тэма — падзеж жывёлы і меры, неабходныя для паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы не толькі ў маштабах Віцебскай вобласці, але і краіны ў цэлым.
«Тры такія вялікія блокі стануць прадметам абмеркавання на гэтай нарадзе. Мы запрасілі больш за 300 службовых асоб. Гэта фактычна ўвесь актыў Віцебскай вобласці. Кіраўнікі ключавых прадпрыемстваў, усё кіраўніцтва райвыканкамаў, ключавых падраздзяленняў Віцебскага аблвыканкама. Улічваючы, што гэтыя пытанні маюць значэнне ў маштабах усёй краіны, будуць прадстаўлены дэлегацыі і з іншых абласцей нашай краіны», — заявіў Дзмітрый Крутой.
Аб праграме адраджэння Віцебскай вобласці да 2030 года
Размова па дакуменце будзе комплексная. Бо праблемных пытанняў у рэгіёне хапае. У прыватнасці, Прэзідэнт паказваў на тое, што вобласць хранічна не выконвае даведзеныя асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця. Валавы рэгіянальны прадукт фактычна ні разу за пяцігодку не дасягнуў таго ўзроўню, які быў запланаваны. Узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах застаецца адным з самых высокіх у краіне.
Акрамя таго, ёсць праблемы на асобных прадпрыемствах: «Белвест», «Віцебскдрэў», Полацкі малочны камбінат. Работнікі некаторых з іх нават накіроўвалі калектыўны зварот Прэзідэнту з просьбай разабрацца, што там адбываецца. Хваляванне выклікае таксама сітуацыя на Аршанскім ільнокамбінаце, да якога далучылася Баранавіцкае ВБА ў рамках асобнага холдынга.
«Пытанняў па праграме развіцця Віцебшчыны на самай справе вельмі-вельмі шмат», — канстатаваў Дзмітрый Крутой.
Дакумент уключае некалькі блокаў, і па кожным з іх ёсць свае нюансы і падставы для дэталёвага абмеркавання. У прамысловасці гэта, напрыклад, так званыя якарныя праекты, у сельскай гаспадарцы — севазварот (вобласць адна з самых складаных па клімаце і сітуацыі з урадлівасцю глеб), канкрэтныя перспектывы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі (куды рухацца з улікам наяўных фінансавых, працоўных рэсурсаў). У сферы турызму ёсць амбіцыйныя планы павялічыць долю турыстычных паслуг у эканоміцы рэгіёна да 10 %. Гэта практычна ў два разы вышэй за тую планку, якую Прэзідэнт давёў ураду ў рамках прыняцця рашэння па стварэнні асобнага Агенцтва па развіцці турызму.
Перспектыўным кірункам бачыцца лагістыка, дзе ў вобласці ёсць добры патэнцыял у выглядзе асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша», развіццё аэрапорта Віцебск, рэканструкцыя і будаўніцтва некалькіх найважнейшых магістраляў. Таму што Віцебшчына імкнецца стаць буйным чыгуначным кантэйнерным хабам.
Дзмітрый Крутой, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў і аб патрабаваннях кіраўніка дзяржавы па эфектыўнасці загранкамандзіровак, правядзенні нарад па-за рабочым часам і захаванні інфармацыйнага балансу ў СМІ
Акрамя падрыхтоўкі вялікай нарады па развіцці Віцебскай вобласці, у час даклада ўвага была засяроджана на такіх тэмах, як інфармацыйная работа, удасканаленне механізмаў камандзіравання за мяжу і арганізацыя рабочага працэсу з улікам патрабаванняў Дырэктывы нумар 11.
Дзмітрый Крутой расказаў, што Прэзідэнта цікавіла захаванне так званага інфармацыйнага балансу паміж галінамі ўлады, вышэйшымі службовымі асобамі, органамі ўлады, міністрамі. «Наколькі мы актуальна і надзённа адчуваем праблематыку і тыя пытанні, якія мы павінны даводзіць да насельніцтва і растлумачваць насельніцтву. Наколькі дзяржорганы актыўна займаюцца гэтай работай і кантралююць гэтыя працэсы», — растлумачыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Прэзідэнт сказаў, што ёсць асобныя ўдалыя прыклады», — дадаў ён. У якасці прыкладу названа сумесная работа КДК з тэлеканаламі і друкаванымі СМІ, іх рубрыка «На кантролі Прэзідэнта», калі рэзанансныя, значныя выпадкі эканамічнага, сацыяльнага парадку дня журналісты паслядоўна адсочваюць і даводзяць да канца, кантралююць са свайго боку.
Дзмітрый Крутой лічыць таксама пазітыўным прыклад асвятлення на тэлеканалах і іншых СМІ праблем арганізацыі гандлю ў сельскай мясцовасці. «Журналісты, многія працэсы суправаджаючы, падганяюць нашых чыноўнікаў, і ёсць добры водгук ад грамадзян», — сказаў ён.
Паводле даных Адміністрацыі Прэзідэнта, працяглы час топ-3 тэм, з якімі звяртаюцца грамадзяне, практычна не мяняецца. Гэта ЖКГ, цэны, медыцынскія паслугі. «Прэзідэнт сказаў сёння, што вось гэтых міністраў фактычна не бачна на экранах, яны ніякім чынам не выступаюць, няма добрых тэматычных сюжэтаў, прысвечаных гэтым праблемам. А з’яўляцца толькі ў рамках выніковых або прамежкавых калегій — гэта не інфармацыйная работа з боку нашых галіновых ведамстваў», — праінфармаваў Дзмітрый Крутой.
Ён нагадаў, што ў службовых асоб, парламентарыяў, кіраўнікоў на месцах ёсць свае сферы адказнасці ў частцы вядзення інфармацыйнай работы. Напрыклад, за эканоміку адказвае Прэм’ер-міністр, за кантрольную дзейнасць — генеральны пракурор і КДК, палаты парламента — за работу з мясцовымі органамі ўлады і гэтак далей. Прэзідэнт сказаў гэту інфармацыйную работу па блоках значна ўзмацніць.
«Ну а мы ў Адміністрацыі Прэзідэнта пастараемся з дапамогай СМІ каардынаваць усе гэтыя працэсы», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. Ён звярнуў увагу, што многія аспекты ідэалагічнай, інфармацыйнай работы ўсёй вертыкалі адлюстраваны ў нядаўна прынятай Дырэктыве нумар 12.