Рабочая камандзіроўка Прэзідэнта на Гомельшчыну працягнулася ў Петрыкаве
Рабочая камандзіроўка Прэзідэнта на Гомельшчыну працягнулася ў Петрыкаве
У суботу ў цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі знаходзілася сацыяльнае развіццё Петрыкаўскага раёна. Наведваючы раённы цэнтр у 2021 годзе, кіраўнік дзяржавы ставіў задачу развіваць і падтрымліваць Палессе. Вынікі зробленага беларускі лідар ацаніў на прыкладзе двух важных сацыяльных аб’ектаў горада.
У Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй сістэмы аховы здароўя раёна, пабываў у абноўленым акушэрска-гінекалагічным корпусе, дзе пагутарыў з жанчынамі, якія вось-вось стануць мамамі. У яслях-садзе № 2 упраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ «Беларуськалій» Прэзідэнт убачыў, як працуе сучасная дашкольная ўстанова, пагаварыў з педагогамі і выхаванцамі. Традыцыйна прагучалі канкрэтныя задачы і даручэнні адказным асобам.

«Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы»
Прыбыўшы ў Петрыкаўскую бальніцу, Аляксандр Лукашэнка найперш пацікавіўся арганізацыяй рэгіянальнай сістэмы аховы здароўя, структурай бальніцы.
Галоўны ўрач Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Яўген Логвінец расказаў, што бальніца — гэта ўстанова з трох карпусоў, дзе аказваецца даступная і своечасовая дапамога ўсяму насельніцтву раёна. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што да гэтай установы аховы здароўя адносяцца ў тым ліку раённая бальніца, 2 участковыя бальніцы, 7 амбулаторый урача агульнай практыкі і 22 ФАПы. Папулярнасць набывае мабільны ФАП.
Размова зайшла аб тым, наколькі такая структура з’яўляецца аптымальнай і апраўданай. «Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Я не за тое, каб пазакрываць ФАПы, бальніцы ўчастковыя і гэтак далей. Але трэба паглядзець там, дзе трэба».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць захавання ФАПаў. «Чалавек прывык бегчы ў гэты ФАП», — патлумачыў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, якія функцыі ў цяперашні час ажыццяўляюць участковыя бальніцы. Па словах галоўнага ўрача, гэта прыём пацыентаў, урачэбныя агляды, аказанне планавай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, суправаджэнне насельніцтва на канкрэтных участках, стацыянарнае лячэнне.
Што датычыцца функцый участковых бальніц, Прэзідэнт праінфармаваны, што яны арыентаваны на тое, каб аказваць не толькі медыцынскую, а і пэўную сацыяльную дапамогу насельніцтву.
«На базе ўчастковых бальніц і бальніц сястрынскага догляду ёсць ложкі сацыяльнага догляду», — пацвердзіў галоўны ўрач.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко расказаў, што падобны эксперымент быў праведзены і на базе Кармянскай цэнтральнай раённай бальніцы. Па яго словах, колькасць насельніцтва зменшылася, адпаведна, бальнічныя ложкі пуставалі. У сувязі з гэтым частку ложкавага фонду выдзелілі пад пансіянат кругласутачнага знаходжання, дзе пажылым людзям аказваецца годны догляд і ўвага.
«Я для сябе раблю выснову: трэба даручыць міністру аховы здароўя, каб ён яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў, дзе нам што трэба, дзе не трэба, — адзначыў Прэзідэнт. — Разам трэба паглядзець. Можа, дзесьці і дадаць трэба ФАПы».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў сваё ранейшае даручэнне — вызначыцца з медыцынскімі маніпуляцыямі, якія будуць праводзіцца ў раённых бальніцах, а якія — у абласных цэнтрах, сталіцы. Ён удакладніў, якія маніпуляцыі ажыццяўляюцца ў Петрыкаўскай бальніцы. Як высветлілася, ва ўстанове аховы здароўя аказваецца тэрапеўтычная, гінекалагічная і хірургічная (экстранная і планавая) дапамога насельніцтву. Калі патрэбны больш складаныя хірургічныя ўмяшанні, пацыенты накіроўваюцца ў бальніцы Мазыра або Жлобіна.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці задавальняюць установы аховы здароўя Петрыкаўскага раёна ўсе патрэбы свайго насельніцтва. Прэзідэнту далажылі, што насельніцтва Петрыкава складае 12 тысяч чалавек, а структура аховы здароўя ў дзень можа прымаць 800 пацыентаў — фактычна штодзённа кожны 15-ы жыхар раёна можа звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Удакладніў кіраўнік дзяржавы і тое, ці цалкам бальніца забяспечана кадрамі, якіх спецыялістаў не хапае. Галоўны ўрач расказаў, што ў кадравым плане бальніца ўкамплектавана на 99 %.
«Гэта ваша зона адказнасці»
Прэзідэнт станоўча ацаніў умовы, створаныя ў райбальніцы. «Акуратненька, усё чыста, а што яшчэ чалавеку трэба? — удакладніў ён. — Яму ж не палацы патрэбны».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сваё ранейшае даручэнне — зрабіць Петрыкаў зонай адказнасці ААТ «Беларуськалій» (у раёне дзейнічае Петрыкаўскі горна-абагачальны комплекс, уведзены ў эксплуатацыю пяць гадоў таму).
«Петрыкаў павінен быць не горшы, чым Салігорск», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар і пацікавіўся, як ажыццяўляецца шэфская дапамога раёну з боку прамысловага гіганта.
Прэзідэнта праінфармавалі, што «Беларуськалій» у горадзе будуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пабудаваны дзіцячы садок, які пасля наведаў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, з боку прадпрыемства запланавана шэфская дапамога сельскай гаспадарцы: у бліжэйшай перспектыве тры сельгаспрадпрыемствы (прычым не самыя лепшыя) увойдуць у холдынг «Беларуськалій-Агра».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз указаў на важнасць шэфскай дапамогі сельскай гаспадарцы з боку прамысловых прадпрыемстваў. Пры гэтым папярэдзіў, каб былі акуратнымі пры аб’яднаннях.
«Можна аб’ядноўваць „Белкалій“ з гаспадаркай, бо „Белкалій“ можа даць грошы. Гэта я разумею, аб’яднанне. Няхай укладваецца („Беларуськалій“. — „Зв.“), але тэхналогіі, кадры — гэта твая адказнасць, — звяртаючыся да старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Верамеева, адзначыў Прэзідэнт. — Няхай прапануе кадры, але ты павінен гэта кантраляваць. У нас жорсткая вертыкаль: Прэзідэнт — старшыні аблвыканкамаў — старшыні райвыканкамаў, гарвыканкамаў. Хоць памрыце, гэта ваша зона адказнасці. Прымаць рашэнні, асабліва кадравыя, ты павінен. Гэта найважнейшае пытанне».
Падрабязна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка раёна станам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, іх спецыялізацыяй. Аляксандр Верамееў дэталёва праінфармаваў кіраўніка дзяржавы і аб планах па развіцці раённага цэнтра.
«Жанчына, дзіця — гэта святое»
Прэзідэнт наведаў абноўлены акушэрска-гінекалагічны корпус. Ён быў пабудаваны ў 1993 годзе. У 2021 — 2022 гадах у корпусе адбыўся капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Кіраўніку дзяржавы расказалі аб структуры аддзялення. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці хапае ложка-месцаў для жанчын. Прэзідэнта запэўнілі, што іх дастаткова. У больш складаных выпадках парадзіх накіроўваюць у Мазыр або ў абласны цэнтр.
У акушэрска-гінекалагічнм адзяленні Прэзідэнта суправаджаў загадчык аддзялення Бахлаван Мухамад Фадзі, ураджэнец Сірыі. Ужо на працягу 11 гадоў ён з’яўляецца загадчыкам аддзялення. Ажаніўся з беларускай, з якой выхоўваюць траіх дзяцей.
«Ні ў якім разе ў Сірыю не адпускаць, — жартам заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы разумеем, што там ім дапамога патрэбна. Мы гатовы. Мы заўсёды гатовы аказваць сірыйцам дапамогу, але туды мы ўжо цябе не адпусцім».

Загадчык аддзялення ўдакладніў, што і сам не збіраецца з’язджаць з Беларусі. «Я ўжо і грамадзянства (беларускае. — „Зв.“) атрымаў, гэта вялікі гонар для мяне», — сказаў Бахлаван Мухамад Фадзі.
Прэзідэнт пабываў у аперацыйным блоку, радзільнай зале, палаце інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных, а таксама зайшоў у палату да жанчын, якія ў бліжэйшы час стануць мамамі.
«Жанчына, дзіця — гэта святое», — падкрэсліў беларускі лідар, папярэдзіўшы, каб медперсанал аказваў пацыенткам кваліфікаваную дапамогу. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ўсё неабходнае для гэтага ў бальніцы ёсць.
У жанчын Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, з якім настроем яны ідуць нараджаць. Прэзідэнта запэўнілі, што з пазітыўным. Кіраўнік дзяржавы пажадаў жанчынам, каб кожная з іх у перспектыве нарадзіла траіх мінімум.
«Чэмпіёны свету будучыя»
Другім пунктам у праграме наведвання кіраўніком дзяржавы Петрыкаўскага раёна сталі яслі-сад № 2 упраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ «Беларуськалій».
Установа дашкольнай адукацыі функцыянуе са жніўня 2021 года. Для выхавання і развіцця дзяцей тут створаны ўсе ўмовы: працуюць музычная і спартыўная залы, медыцынскі кабінет, інфармацыйна-метадычны кабінет, кабінеты педагога-псіхолага і настаўніка-дэфектолага, інтэрактыўны пакой, лега-памяшканне, пакой духоўнай спадчыны, басейн. Адным словам, нават сталічныя дзіцячыя садкі могуць пазайздросціць петрыкаўскаму.
У загадчыцы ясляў-сада Прэзідэнт пацікавіўся, ці цалкам укамплектавана дашкольная ўстанова. Святлана Бурміч расказала, што ў цяперашні час у яслях-садку функцыянуе 8 груп, якія наведвае 161 выхаванец. Усяго ўстанова адукацыі разлічана на 240 месцаў. Поўнасцю яслі-сад укамплектаваны і педагагічнымі кадрамі.
Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку арыгінальнаму архітэктурнаму праекту дашкольнай установы адукацыі і прызнаўся, што падобных дагэтуль не бачыў. Азнаёміўся кіраўнік дзяржавы і з умовамі, створанымі для дзяцей у яслях-садзе.

Прэзідэнт наведаў басейн, дзе ішлі заняткі па плаванні. «Дастаткова месца для таго, каб дзеці навучыліся плаваць?» — удакладніў ён у настаўніка па фізічным выхаванні. Адказ быў станоўчы. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў дзяцей, хто з іх умее плаваць. Выхаванцы з ахвотай прадэманстравалі свае навыкі.
Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у пакоі духоўнай спадчыны, азнаёміўся з магчымасцямі спартыўнай залы, дзе дзеці займаліся фізічнай падрыхтоўкай. «Чэмпіёны свету будучыя, — сказаў Прэзідэнт, заўважыўшы, што самыя славутыя беларускія спартсмены нарадзіліся і выраслі ў невялікіх гарадах, раённых цэнтрах. — Вось тут нашы спартсмены».
У музычнай зале выхаванцы ясляў-сада прадэманстравалі Прэзідэнту творчы нумар. У падарунак кіраўніку дзяржавы паднеслі кампазіцыю «Беларускія палешукі»: лялькі ў касцюмах Палесся сімвалізуюць гасціннасць і дружалюбнасць. Ад кіраўніка дзяржавы дзеці атрымалі салодкія пачастункі.
Напярэдадні ў Жлобіне завяршыўся фінальны матч хакейнай экстралігі ў барацьбе за Кубак Прэзідэнта. У пяты раз у сваёй гісторыі ўладальнікам ганаровага трафея стала жлобінская каманда «Металург». Сувенір ад каманды перадалі кіраўніку дзяржавы.
«Вы малайцы!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка, параіўшы камандзе падцягнуць фізічную падрыхтоўку.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Петрыкаўскі раён