Top.Mail.Ru

Як ўлады Ваўкавыска рыхтуюць горад да абласных Дажынак

Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці з насельніцтвам больш за 41 000 чалавек у гэтым годзе прымае абласныя Дажынкі. Традыцыйна да гэтай падзеі населеныя пункты пераўтвараюцца да лепшага. Як расказаў намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Андрэй Клусаў, рамонтныя работы набліжаюцца да свайго завяршэння.



Любы план па добраўпарадкаванні ўключае рамонт і будаўніцтва дарог. Гэта тэндэнцыя характэрна для ўсёй Беларусі. Добрымі транспартнымі зносінамі забяспечваюць не толькі буйныя населеныя пункты, але і вёскі, аграгарадкі, пад наглядам знаходзяцца і прасёлачныя дарогі. Рыхтавацца да Дажынак у Ваўкавыску пачалі яшчэ летась — адрамантавалі 14 вуліц, на што было скарыстана больш за тры мільёны беларускіх рублёў. У 2025 годзе работа працягнулася: усяго было запланавана адрамантаваць і добраўпарадкаваць да свята 34 кіламетры дарог, на гэта з бюджэту раёна і вобласці было выдзелена больш за 11 мільёнаў беларускіх рублёў.

— Дарожныя работы знаходзяцца на завяршальнай стадыі, гатоўнасць — больш за 80 %. Пад абнаўленне трапляе не толькі дарожнае пакрыццё, але і тратуары, запланавана замяніць і адрамантаваць 1800 квадратных метраў тратуарнага пакрыцця, а таксама правесці дадатковае асвятленне. Цяпер за сродкі рэспубліканскага бюджэту вядуцца маштабныя работы на вуліцы Соф’і Панковай. Работы па ўстаноўцы вулічнага асвятлення ідуць на вуліцы Барычэўскага, — расказаў суразмоўнік

Абнавілася цэнтральная плошча, у парку замянілі лаўкі і ўстанавілі новыя апоры асвятлення. Завяршаецца бягучы рамонт, які ўключае афарбоўку фасадаў 27 дамоў жылфонду. На іх наносяць арнаменты і назвы вуліц з нумарамі будынкаў. Праводзяцца рамонт і рэканструкцыя сацыяльна значных аб’ектаў. Завершаны работы па ўцяпленні гарадской паліклінікі і рэканструкцыі старога корпуса дзіцячай. Рамонт у садках і школах павінен быць завершаны да 1 жніўня.

Работа працягнецца

Ёсць планы і на наступны год, бо сёлета проста немагчыма ўсё зрабіць. Запланавана рэалізацыя праекта па добраўпарадкаванні рэчышча ракі Валкавыя. Будзе створана дадатковая зона адпачынку. Цяпер ідзе распрацоўка праектнай дакументацыі, рака часткова расчышчана. Праект прадугледжвае добраўпарадкаванне сцяжынак, устаноўку асвятлення, а таксама стварэнне веласіпеднай і пешаходнай дарожак. Мясцовыя ўлады плануюць таксама добраўпарадкаваць водаахоўную зону «Дамба».

— У наступным годзе пачнецца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Першапачаткова планавалася прывесці ў парадак толькі экстэр’ер, але пасля было вырашана, што і ўнутранае напаўненне трэба абнавіць. Тэндэр на рэканструкцыю выйграла мінская арганізацыя, і цяпер яны распрацоўваюць праект, — дадае Андрэй Клусаў.

Паступова горад будзе рабіцца ўсё лепш і лепш. Кожнае будаўніцтва або мадэрнізацыя — гэта працаёмкі працэс, які патрабуе немалых грашовых укладанняў. Да абмеркавання праектных рашэнняў прыцягваюцца і жыхары раёна. Андрэй Клусаў падкрэсліў неабходнасць больш актыўнага ўдзелу насельніцтва ў навядзенні парадку, асабліва ў прыватным сектары.

  • — Стараемся знайсці падыход да жыхароў, сумесна знаходзіць рашэнні. Неўзабаве адбудзецца сход, дзе нагадаем аб тым, што прысядзібныя ўчасткі трэба добраўпарадкоўваць. Аварыйныя канструкцыі, якія не падлягаюць аднаўленню, трэба прыбіраць з тэрыторыі. Санітарная камісія праводзіць абходы, выяўляе парушэнні і нагадвае аб іх устараненні, бо агульнае ўражанне ад населенага пункта складваецца не толькі ад яго цэнтральнай часткі. Калі ўладальнік па якіх-небудзь прычынах не можа навесці парадак сам, напрыклад не дазваляе здароўе, то можна звярнуцца ў мясцовы сельсавет ці райвыканкам і паспрабаваць супольна вырашыць пытанне, — заўважае намеснік старшыні райвыканкама.

Для больш аператыўнага рэагавання на праблемы і недахопы ў Ваўкавыску створаны чат-бот «Стоп Свалка. Волковыск». Жыхары рэгіёна дасылаюць фота і відэа, на якіх адлюстраваны праблемныя месцы, што патрабуюць увагі ўлад.

— Райвыканкам, ЖКГ не могуць быць усюды, таму для таго, каб аператыўна рэагаваць на скаргі жыхароў, і быў створаны чат-бот. Гэта вельмі зручна і дазваляе хутка наводзіць парадак.

Пакуль Ваўкавыск падобны на вялікую будоўлю, але амаль увесь аб’ём работ, запланаваных да Дажынак, будзе выкананы, а нязручнасці, звязаныя з будаўнічымі работамі, хутка забудуцца... Застанецца толькі прыгажосць!

Фота аўтара

г. Ваўкавыск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю