Top.Mail.Ru
227

Вядомая спявачка Таццяна Буланава паступіла ў мінскую ВНУ

Вядомая расійская спявачка Таццяна Буланава паступіла ў Інстытут сучасных ведаў імя А. М. Шырокава. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў першы прарэктар ВНУ Уладзіслаў Кадзіра. 

«Таццяна Іванаўна паступіла да нас на спецыяльнасць «Музычнае мастацтва эстрады» на завочную форму навучання. Тэрмін навучання складае пяць гадоў. Падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці ажыццяўляецца кафедрай мастацкай творчасці і прадзюсарства. Па заканчэнні навучання ёй будзе прысвоена кваліфікацыя «артыст, кіраўнік творчага калектыву, выкладчык», — расказаў Уладзіслаў Кадзіра. 

У лістападзе спявачка падала дакументы ў ВНУ і была залічана на першы курс. «Замежныя грамадзяне паступаюць па сумоўі на веданне рускай мовы і гісторыі. Уступных экзаменаў у гэтым выпадку не прадугледжана. Паступленне на завочную форму навучання было абавязковай умовай, бо ў яе вельмі шчыльны гастрольны графік, часта яна не зможа прыязджаць, але два разы на год на сесіях абяцала быць як старанная студэнтка», — праінфармаваў першы прарэктар.

Таццяна Буланава будзе вучыццa па індывідуальным плане навучання. «Некаторыя дысцыпліны студэнтка будзе вывучаць самастойна, гэта значыць будзе ісці індывідуалізацыя асваення зместу адукацыйнай праграмы, але з абавязковай здачай усіх курсавых работ, рэфератаў, залікаў і экзаменаў. Я пытаўся ў Таццяны Іванаўны, чаму яна выбрала нашу ВНУ. Яна прызналася, што доўга прыглядалася да нашай установы адукацыі. Ёй вельмі падабаецца наш склад выкладчыкаў, у нас вучаць вядучыя спецыялісты ў сферы эстраднага мастацтва, вядомыя музыканты, выканаўцы, кампазітары, аранжыроўшчыкі. Сярод выкладчыкаў у нас народны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Скорыкаў. Таксама яна знаёмілася з нашымі вядомымі выпускнікамі, якіх у нас шмат, напрыклад, пераможца „Славянскага базара“ ў 2022 годзе Ганна Трубяцкая, беларуская спявачка Аляксандра Гайдук. Пасля гэтага Таццяна Буланава прыняла рашэнне паступіць да нас», — дадаў Уладзіслаў Кадзіра.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю