Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў зачытаў віншавальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім кіраўнік дзяржавы выказаў Аляксею Сцяпанавічу словы падзякі за працу і адданасць Айчыне. Беларускі лідар адзначыў, што яго багаты вопыт партыйнай і дзяржаўнай работы, мудрасць, актыўная жыццёвая пазіцыя і сёння дапамагаюць у будаўніцтве моцнай і суверэннай Беларусі, спрыяюць выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму, асабліва ў маладзёжным асяроддзі.
Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што Аляксей Камай стаяў каля вытокаў беларускага парламентарызму — з’яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў першага склікання. У знак асаблівай падзякі і прызнання заслуг юбіляру таксама ўручылі падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі.
Віншаванні ў адрас Аляксея Сцяпанавіча ў гэты дзень прагучалі ад старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіла Русага, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Ігара Карпенкі, Першага сакратара ЦК КПБ Сяргея Сыранкова, прадстаўнікоў абласцей і раёнаў, а таксама арганізацый, з якімі быў звязаны жыццёвы шлях Аляксея Сцяпанавіча.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ з’яўляецца, можна сказаць, вучнем Аляксея Сцяпанавіча. У размове з журналістамі сенатар звярнуў увагу на тое, што 26 красавіка споўніцца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Менавіта на плечы Аляксея Сцяпанавіча Камая і Аляксандра Адамавіча Грахоўскага лягла асноўная задача, каб утрымаць гэтыя рэгіёны, каб вывезці адтуль людзей, стварыць маламальскую зразумелую сітуацыю, якая дазваляла мінімізаваць наступствы ў часы Саюза».
Ужо ў далейшым, дзякуючы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і яго рашэнням, удалося гэтую частку нашай краіны захаваць і аднавіць.
«Аляксей Сцяпанавіч — чалавек цікавага склада розуму і характару. Ён яшчэ знаходзіцца ў Савеце Камуністычнай партыі Беларусі, перадае вопыт маладым. Яго вопыт неацэнны», — сказаў сенатар.
Гаворачы пра асобу Аляксея Камая, старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ ў размове з журналістамі адзначыла, што ў галаву прыходзяць такія чалавечыя якасці, як адказнасць і пачуццё абавязку: «Гэта вялікі патрыёт нашай краіны. Аляксей Сцяпанавіч унёс вялікі ўклад у развіццё Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Дзе б ён ні працаваў — ці то гэта сельскагаспадарчы кірунак дзейнасці, ці то камсамольская работа, ён заўсёды падыходзіў да справы вельмі адказна і рашуча, прымаючы пэўныя рашэнні». Па словах дэпутата, жыццёвая пазіцыя Аляксея Сцяпанавіча непарыўна звязана з патрыятызмам, любоўю да Радзімы і вялікай адказнасцю.
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей СЫРАНКОЎ заўважыў, што гаварыць пра асобу фармату Камая ёміста і коратка даволі складана. «Аляксей Сцяпанавіч Камай сёння — дзеючы Старшыня Савета Камуністычнай партыі Беларусі. Чалавек, які для нас, маладых камуністаў, з’яўляецца скарбніцай ведаў, вопыту. Гэта наш саветнік па асноўных стратэгічных кірунках развіцця партыі, яе мадэрнізацыі ў тым ліку. Аляксей Сцяпанавіч, можна сказаць, — цэлая эпоха», — сказаў Сяргей Сыранкоў.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў