Жанчыны стамляюцца больш за мужчын. І тое, што яны выглядаюць менш стомленымі, яшчэ ні пра што не гаворыць. Пра гэта са спасылкай на матэрыял, апублікаваны інтэрнэт-выданнем PsyPost, інфармуе «Пул № 3».
«Міжнародная група вучоных выявіла, што назіральнікі сістэматычна недаацэньваюць стомленасць жанчын і пераацэньваюць стомленасць мужчын, што звязана з сацыяльнымі стэрэатыпамі. Жанчыны часцей паведамляюць аб высокай стомленасці, аднак назіральнікі ўспрымаюць іх як менш стомленых. Жанчыны, хоць паведамлялі пра большы ўзровень стомленасці, успрымаліся як менш стомленыя. Гэта было звязана з іх больш уважлівымі і экспрэсіўнымі паводзінамі, што магло ўводзіць назіральнікаў у зман», — прыводзяцца вынікі даследавання.
Разам з тым робіцца і сур’ёзная заўвага адносна недаацэнкі стомленасці жанчын. На думку вучоных, гэта можа прывесці да памылак пры ўсталяванні тых ці іншых дыягназаў і магчымай затрымкі ў лячэнні.