Запатрабаваныя на рынку працы
Так пра сваіх навучэнцаў і выпускнікоў каледжа гаворыць дырэктар установы адукацыі Сяргей ДЗІЧКОЎСКІ. «У каледжы рэалізуюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай і завочнай формах.
З кожным годам спектр спецыяльнасцяў паступова пашыраецца, — расказвае пра планамернае развіццё ўстановы адукацыі Сяргей Уладзіміравіч. — На сёння іх сем. У мінулым годзе, напрыклад, мы адкрылі набор на спецыяльнасці „Тэхнічная эксплуатацыя электронных прылад“ і „Бібліятэчная справа“. Што датычыцца апошняй, наш каледж адзіны ў Мінску па дадзенай спецыяльнасці рэалізуе адукацыйную праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У цэлым па кожнай спецыяльнасці прадугледжана атрыманне дадатковай кваліфікацыі. Напрыклад, архіварыуса, агента страхавога, аператара сувязі, электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Мы бачым у гэтым дадатковыя магчымасці для нашых выпускнікоў пры працаўладкаванні».
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Святланы ДЗЯДЗЮЛІ, многія хлопцы і дзяўчаты мэтанакіравана выбіраюць вучобу ў каледжы, бо для моладзі ў прыярытэце застаюцца самастойнасць, прафесійная мабільнасць. «З надыходам паўналецця ў кожнага з нашых выпускнікоў ужо ёсць гарантаванае працоўнае месца. Нягледзячы на тое, што на першым курсе маладыя людзі асвойваюць вучэбную праграму за 10–11 класы, іх адпраўным пунктам прафесійнай арыентацыі становіцца традыцыйнае пасвячэнне ў першакурснікі, якое штогод праводзіцца ў пачатку кастрычніка. Кіраўнікі, топ-менеджары арганізацый — заказчыкаў кадраў прыязджаюць да нас, знаёмяцца з будучымі калегамі. Акрамя таго, у моладзі ёсць магчымасць дадаткова наведваць факультатыўныя заняткі, на якіх асвойваюць асновы будучай спецыяльнасці. Гэта дапамагае падтрымліваць прафесійную матывацыю».
Не застаецца без увагі творчая і спартыўная дзейнасць. Атлетычная гімнастыка, настольны тэніс, аэробіка, мнагабор’е, баскетбол і скандынаўская хада даступныя навучэнцам. Ёсць магчымасць праявіць сябе ў аб’яднаннях па інтарэсах, такіх як «Школа маладога лідара», «Гармонія камунікацыі», «Мастацтва сярод нас» і не толькі, адзначаюць ва ўстанове адукацыі.
Асаблівым гонарам каледжа лічыцца яго папулярнасць у маладзёжным асяроддзі і пераемнасць пакаленняў. Нярэдка дзеці працягваюць сямейную справу і ідуць вучыцца менавіта ў каледж сферы абслугоўвання, які некалі скончылі іх старэйшыя родзічы.
Кампетэнцыі, напрацаваныя дзесяцігоддзямі
Установа адукацыі пацвярджае свой высокі ўзровень у падрыхтоўцы спецыялістаў дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго педагагічнага складу. Тут заняты 70 педагогаў, большасць з якіх маюць найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яны, падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, ставяць перад сабой высокія мэты: не проста выкладаць, а паглыбляць навучэнцаў у справу, прывіваць адказнасць і зацікаўленасць да работы.
Выкладчык каледжа Ніна ЕРАХАВЕЦ больш за 20 гадоў адданая сваёй справе. «Каб зацікавіць сённяшняга вучня, неабходна мець запал да прафесіі і адкрыты да новых ідэй розум, — лічыць жанчына. — Я для гэтага шмат камунікую з калегамі-педагогамі, натхняюся іх падыходамі, часта абменьваемся ідэямі, якія даюць дадатковы рэсурс і штуршок да развіцця. Задумы потым рэалізуем разам з навучэнцамі». Раней, па словах выкладчыцы, моладзь можна было здзівіць мультымедыя, толькі-толькі навучыліся рабіць прэзентацыі, а цяпер іх цікавяць зусім іншыя фарматы. Напрыклад, выкарыстанне штучнага інтэлекту.
Дарэчы, вопыт педагогаў і навучэнцаў каледжа штогод прадстаўляецца на гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах, семінарах, канферэнцыях, што пацвярджаецца шматлікімі дыпломамі, граматамі і падзякамі.
Выкладчык Алена АКУЛІЧ — выпускніца каледжа.
А цяпер рыхтуе амаль абсалютных лідараў-удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў спецыяльнасці «Паштовая дзейнасць». «Так, пачынаючы з 2016 года наша моладзь перамагае ў конкурсе, — кажа з упэўненасцю Алена Мікалаеўна. — Гэта вынік каласальнай працы ўсіх калег, стараннай падрыхтоўкі навучэнцаў. Значыць, рухаемся ў правільным кірунку. Я так для сябе вызначыла, што шчырая любоў да справы заўсёды знойдзе водгук у розумах і сэрцах нашых дзяцей. Так, бачыце, і ёсць насамрэч».
Калі на вучобу сапраўды хочацца ісці
Маргарыта Уласенка вучыцца на 2-м курсе і плануе стаць спецыялістам па фінансавых паслугах. «Фінансы — частка эканомікі, — дзеліцца дзяўчына. — А эканоміка ў сваю чаргу — аснова ўсяго. Менавіта таму я лічу, што атрымліваю вельмі карысную адукацыю. Пасля каледжа планую працягнуць вучобу ў ВНУ, далей буду развівацца ў сферы фінансаў».
Трэцякурсніца Ксенія Азарава — навучэнка спецыяльнасці «Рознічныя паслугі ў банку». «Для мяне істотным плюсам навучання з’яўляецца магчымасць атрымаць не толькі кваліфікацыю спецыяліста, але і кваліфікацыю служачага. У маім выпадку гэта страхавы агент. Адкрываюцца вялікія перспектывы ў далейшым пры працаўладкаванні», — адзначыла дзяўчына. У будучыні яна бачыць сябе ва ўзаемадзеянні з кліентамі, паколькі вельмі любіць камунікаваць з людзьмі, чэрпае ў гэтым своеасаблівае натхненне.
Для навучэнкі Ліліі ГРОДНІКАВАЙ каледж за гады вучобы стаў другім домам. Дзяўчына асвойвае кваліфікацыю спецыяліста па сацыяльнай рабоце. «Такая праца патрабуе не толькі грунтоўных тэарэтычных ведаў, але і чалавечага падыходу, — падкрэслівае Лілія. — У нашай краіне забяспечваецца высокі ўзровень сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Мы патрэбныя, і гэта факт!»
Навучэнец Кірыл МІРОНАЎ — таксама будучы спецыяліст па сацыяльнай рабоце. Малады чалавек з дзяцінства неабыякава ставіцца да лёсаў людзей, асабліва яму падабаецца дапамагаць тым, у каго складаная жыццёвая сітуацыя, каму неабходна падтрымка. «Добрыя справы заўсёды вяртаюцца, як і дрэнныя, — гаворыць навучэнец. — Я ўжо знайшоў сабе падпрацоўку — у Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей кансультую людзей, суправаджаю іх на візіты да псіхолага. Я сваё жыццё без шчыльнай камунікацыі з людзьмі ўжо не ўяўляю, значыць, выбар прафесіі ў свой час быў зроблены правільны».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД