Top.Mail.Ru

Вопыт замацавання кадравых рэсурсаў і задзейнічання плошчаў, якія пустуюць, — на прыкладзе Іўеўскага раёна

Напаўненне бюджэту і сацыяльная стабільнасць


Падчас наведвання Прэзідэнтам ААТ «Беллакт» у Ваўкавыску старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў прывёў прыклад, як у невялікіх населеных пунктах вырашаюцца пытанні замацаванасці кадраў на месцах, рацыянальнага выкарыстання плошчаў, якія пустуюць. Размова ішла пра адкрыццё невялікіх швейных вытворчасцяў на Іўеўшчыне. Мясцовыя жанчыны, якія некаторы перыяд знаходзіліся без работы, у хуткім часе асвоілі швейную справу (многія з іх, дарэчы, з’яўляюцца прафесійнымі швачкамі) — і працэс пайшоў.

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на Іўеўшчыне і на ўласныя вочы пераканаліся, што стварэнне нават невялікай вытворчасці з’яўляецца важкім унёскам у эканоміку раёна, садзейнічае паляпшэнню дабрабыту людзей.

«Калі шыю, я адпачываю»

Першы філіял вядомага прадпрыемства па вытворчасці трыкатажных вырабаў ААТ «Світанак» у Іўеўскім раёне быў адкрыты ў 2023 годзе ў вёсцы Суботнікі. Эфектыўнасць такога вопыту па наладжванні невялікай вытворчасці ў рэгіёне была станоўча ацэнена прадпрыемствам, а таму літаральна праз год швейны цэх запрацаваў у аграгарадку Геранёны. Філіял адкрылі ў памяшканнях сельскага Савета, якія пустуюць. Ажыццявілі рамонт, падключылі абсталяванне — і швейныя машынкі загрукаталі на поўную моц.

Мясцовыя жыхаркі з задавальненнем адгукнуліся на прапанову аб працаўладкаванні. У некаторых з іх — за плячамі адпаведная адукацыя, але з-за адсутнасці ў невялікім населеным пункце работы яны вымушаны былі займацца іншай справай, а хтосьці ўвогуле засяродзіўся на хатняй гаспадарцы.

Сярод іх была і Наталля Плахотная. Па адукацыі — закройшчык-кравец, працавала ў Доме быту, пакуль установу не зачынілі. Калі даведалася, што ў аграгарадку адкрываецца вытворчасць па пашыве адзення, была адной з першых у спісе на працаўладкаванне. «Шыць магу, умею, хачу — гэта маё, — кажа жанчына. — Калі шыю, я адпачываю».

Як расказвае начальнік швейнага ўчастка аграгарадка Геранёны швейнага цэха № 1 Вольга ГРЫНЮК, у вытворчасці задзейнічаны 13 чалавек. «Гэта і былыя швачкі, і даяркі, і спецыялісты па свінагадоўлі, і пенсіянеры, якія поўныя сіл і жадання зарабіць капейку, — удакладняе яна. — Ёсць і тыя, хто дагэтуль нічога не шыў, увогуле машынку ў вочы не бачыў. Тым не менш хутка навучыліся і цяпер выдатна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі»

Адным словам, навучанне непасрэдна на вытворчасці ў дзеянні. «Працэс доўжыцца тры месяцы, — удакладняе Вольга Грынюк. — Аднак і ў гэты перыяд стажоры не застаюцца без заробку: ім выплачваюцца вучнёўскія. Яшчэ на працягу года швачцы даецца магчымасць палепшыць прафесійныя навыкі — атрымаць адпаведны разрад. Падтрымка з боку прадпрыемства належная».

Знайсці працу ў глыбінцы? Лёгка!

У геранёнскім філіяле ААТ «Світанак» шыецца верхні трыкатаж, спартыўнае і дамашняе адзенне, бялізна і вялікі асартымент дзіцячай вопраткі. У сярэднім у месяц мясцовыя майстры адшываюць ад 10 да 15 тысяч адзінак гатовых вырабаў.

Вольга Лявончык, калі ўладкавалася на прадпрыемства, увогуле баялася швейнай машынкі. Дагэтуль вопыту шыцця ў жанчыны не было (яна працавала на свінагадоўчым комплексе, займалася хатняй гаспадаркай), але за тры месяцы асвоіла швейную справу. Цяпер Вользе здаецца, што шыла ўсё жыццё.

  • Галіна Філіповіч у свой час скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча, па спецыяльнасці яна закройшчык дзіцячага і жаночага адзення. Пакуль у Геранёнах існаваў Дом быту, працавала там. Застаўшыся без работы, Галіна займалася хатнімі справамі. Пасля абвяшчэння аб наборы швачак жанчына паспяшалася адгукнуцца — так ёй хацелася займацца любімай справай. Ды і сям’ю ж трэба карміць. Дарэчы, шыць Галіну Філіповіч навучыла маці, якая ў свой час апранала ўсю вёску.

Да работы ў швейным цэху Таццяна Велянцэвіч 14 гадоў працавала аператарам машыннага даення на ферме. Аднак па стане здароўя працаўніку рэкамендавалі змяніць сферу дзейнасці. Адкрыццё швейнай вытворчасці значна палегчыла задачу знайсці работу ў невялікім населеным пункце.

Як адзначыла намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама па пытаннях эканамічнага развіцця Алена МАКУЦЭВІЧ, паляпшэнне гаспадаркі малых раёнаў гарантуе сацыяльную стабільнасць жыхарам, дапамагае павысіць узровень іх жыцця. «Эканоміка спрыяе стварэнню працоўных месцаў і зніжэнню адтоку насельніцтва ў буйнейшыя гарады, садзейнічае павелічэнню дадатковых паступленняў у мясцовы бюджэт», — падкрэсліла суразмоўніца.

Фота дадзена газетай «Іўеўскі край»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю